Годна падрыхтаваць дзіця да школы зможа кожная сям’я

Каля 178 тысяч беларускіх дзяцей атрымаюць матэрыяльную дапамогу ад дзяржавы на падрыхтоўку да школы, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Згодна з падпраграмай “Сям’я і дзяцінства” дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь”, сем’ям, якія выхоўваюць трое і больш дзяцей, выдзяляецца аднаразовая матэрыяльная дапамога для падрыхтоўкі да новага навучальнага года. На кожнага вучня прадугледжана дапамога ў памеры да 30 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму (з 1 жніўня 2018 года БПМ роўны Br213,67). Мясцовыя Саветы дэпутатаў самі вызначаюць канкрэтныя сумы — у залежнасці ад фінансавых магчымасцей рэгіёна.

Акрамя таго, малазабяспечаным сем’ям дапамогуць падрыхтаваць дзяцей да школы праз выдзяленне аднаразовай або штомесячнай сацыяльнай дапамогі. Гэтыя грошы выдзяляюцца на набыццё адзення, абутку, канцылярскіх прылад. У кожным выпадку раённая камісія індывідуальна падыходзіць да жыццёвай сітуацыі ў асобнай сям’і і вызначае канкрэтны памер выплаты.

Па аднаразовую матэрыяльную дапамогу і па пытанні аказання дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі звяртацца трэба ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган па месцы жыхарства.

Таксама тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання аказваюць гуманітарную і дабрачынную дапамогу, ва ўсіх рэгіёнах краіны праводзяцца дабрачынныя акцыі і марафоны па зборы школьных прылад, адзення, абутку і грашовых сродкаў. Далучаюцца і некаторыя прадпрыемствы, арганізацыі, якія выдзяляюць матдапамогу супрацоўнікам на падрыхтоўку дзяцей да навучальнага года згодна з калектыўным дагаворам або іншымі лакальнымі актамі.