Голас настаўніцкай супольнасці, або Як стаць педагогам-журналістам

Дрэнны той медыяадукатар, які не піша артыкулы, не супрацоўнічае са СМІ. Так, ён можа мець выдатную тэарэтычную падрыхтоўку: ведаць методыкі навучання дзяцей крытычнаму аналізу, асэнсаванню і стварэнню медыяпрадуктаў, разбірацца ў медыяманіпуляцыях, але ж… Без вопыту работы ў газеце, на тэлебачанні або радыё для дзяцей ён застанецца нежывым падручнікам па медыя, неаўтарытэтным, так бы мовіць. Каб запаліць цікавасць у школьнікаў да аналізу і стварэння сваіх тэкстаў, медыяадукатару трэба нейкі час пажыць у скуры журналіста. А гэта значыць зведаць хваляванне перад чыстым вордаўскім файлам; недахоп часу на абдумванне тэксту, бо патрэбна аператыўнасць; залежнасць ад ацэнкі твора рэдактарам і чытачом… 

У сваім артыкуле я паспрабую патлумачыць, чаму настаўніку важна пісаць артыкулы, падзялюся практычнымі ведамі, як падрыхтаваць матэрыял у прафесійную газету, парэкамендую, з чаго пачаць супрацоўніцтва з рэдакцыяй.

Мая хата НЕ з краю

Засвоіць журналісцкую тэхніку не складзе для настаўнікаў цяжкасці, я ў гэтым пераканана. Галоўнае — асэнсаваць, што вам гэта жыццёва неабходна, сфарміраваць унутраную патрэбу ў выказванні сваіх думак праз медыя. А для гэтага трэба адказаць на адно пытанне: “Чаму я павінен пісаць артыкулы ў СМІ?” Адгаворкі накшталт “часу няма”, “гэта не мой абавязак”, “я не пісьменнік”, “не надрукуюць” і г.д. не прымаюцца. Час на занатаванне сваіх думак абавязкова знойдзецца, калі вы ўсвядоміце, што гэта ваш грамадзянска-педагагічны абавязак. Медыяадукатару не можа быць усё роўна, ён — барацьбіт, ён — голас педагагічнай грамадскасці. І літаратурныя здольнасці ў такім выпадку — гэта другасны фактар, першасны — жаданне. Выдатна нехта сказаў: калі ёсць жаданне, то знойдзецца тысяча спосабаў, калі ж яго няма, то адшукаецца тысяча прычын. А ад першага матэрыялу да другога, трэцяга абавязкова набудуцца патрэбныя ўменні.
У лістападзе мінулага года мы, члены клуба “Крыштальны журавель” і рэдакцыя “Настаўніцкай газеты”, стварылі дадатак “Форум”. Мы паставілі перад сабой мэту агучваць усе праблемы, якія існуюць у сістэме адукацыі Беларусі. У гэтым месцы бачу скептычныя ўсмешкі на тварах некаторых чытачоў гэтага артыкула: маўляў, газета “міністэрская”, надта там аб праблемах не пагаворыш… Яшчэ як пагаворыш. Важна ўмець гэта рабіць. У такой справе патрэбен такт, інтэлігентнасць, абгрунтаванасць. Нельга пісаць з пазіцыі “я адзін ведаю як трэба, я самы разумны, а чыноўнікі невядома адкуль узяліся, толькі і мараць сістэму адукацыі краіны разваліць”. Уважліва паназірайце за людзьмі, калі яны пачынаюць даказваць сваю праўду: адны крычаць, рукамі моцна жэстыкулююць, павышаюць голас… Як вы лічыце, якая ў іх мэта? Найперш звярнуць увагу на сваю персону: вось які я прыгожы і разумны. Ці не так? Калі чалавек хоча дасягнуць выніку, калі ён упэўнены, што мае рацыю па нейкім пытанні, то прывядзе шмат аргументаў на карысць сваёй думкі, будзе старацца тактоўна, каб не зачапіць чалавечую годнасць, усё па-тлумачыць. Яго мэта — не сябе такога разумнага і прыгожага прадэманстраваць, а зрабіць карысную справу. Важна не стаць крытыканам і абвінаваўцам, а этычна і даходліва патлумачыць свой пункт гледжання.
Папярэджваю ваша пытанне: “Што ж вашаму “Форуму” ўдалося зрабіць?” Для пачатку шмат чаго. Мне здаецца, што мы прымушаем сваім словам настаўніка думаць, што не ўсё ў руках работнікаў міністэрства, многае залежыць ад іх. Хто нічога не робіць, той нічога і не мае. Калі мы хочам пазітыўных перамен, то павінны іх рыхтаваць. Слова мае магутную сілу, калі ім правільна карыстацца. Бачу па “Форуме”, як паступова настаўніцкія словы становяцца больш дакладнымі, трапнымі, чапляюць за розум і душу. І сярод нашых аўтараў ёсць сапраўдныя майстры пяра. Як толькі настаўнікі адолеюць свой страх перед публічным выступленнем, “Форум” стане сапраўднай пляцоўкай для дыскусій, як мы і задумвалі.
У нас ёсць суполка педагогаў, якія не толькі актыўна пішуць, а яшчэ і размаўляюць з калегамі пра артыкулы, надрукаваныя ў “Форуме”, просяць іх аб зваротнай сувязі. Беларускаму настаўніку ў большасці сваёй, на вялікі жаль, усё роўна, ён нічога не чытае, мала чым цікавіцца (акрамя свайго заробку), таму ўяўляеце, якая перад намі стаіць складаная задача?!
Я спытала ў аднаго з актыўных аўтараў “Форуму” кандыдата педагагічных навук Святланы Гін, чаму яна гэта робіць, чаму на кожную праблемную сітуацыю ў сістэме адукацыі ў яе нараджаюцца новыя радкі? Святлана Іванаўна адказала, што гэта яе абавязак, унутраная патрэба. З газетай яна пасябравала яшчэ ў дзяцінстве. Бацькі выпісвалі для дзяўчынкі шмат выданняў. Тады ж, у школьныя гады, яна стала супрацоўнічаць з рэдакцыямі, дасылаць туды свае першыя артыкулы. Гэтая яе добрая звычка захавалася на ўсё жыццё. Святлана Іванаўна супрацоўнічае не толькі з прафесійнай газетай, але і з іншымі рэспубліканскімі СМІ. Яе вострыя словы гатовы надрукаваць многія выданні. Асобныя свае артыкулы Святлана Іванаўна сабрала ў брашуру і назвала яе “Уголас аб школе”. Знайшліся тыя, хто ацаніў яе крок як жаданне паганарыцца сваёй творчасцю. Яны так лічаць, бо не могуць уявіць, што ёсць апантаныя людзі, якія любяць сваю прафесію, свой народ, сваю радзіму. І на сваім узроўні са сваёй магчымасцю імкнуцца змяніць наша, а не толькі сваё жыццё да лепшага. А вы?

Як ёсць пачатак, будзе і канец

Калі вы раней ніколі не пісалі артыкулаў, то я параіла б папрактыкавацца наступным чынам: пісаць каментарыі на матэрыялы, надрукаваныя ў газеце, інтэрнэце. Яшчэ абавязкова ўвайсці ў групу медыяадукатараў на Facebook, чытаць матэрыялы, прапанаваныя ўдзельнікамі суполкі, пакідаць свае меркаванні і самому шукаць цікавую інфармацыю па тэме, пісаць рэкамендацыі. Можна таксама завесці блог і пісаць туды невялікія замалёўкі з убачанага, пачутага, перажытага…
Пасля такой практыкі можна брацца і за артыкул. І тут варта ўзгадаць, як нас вучылі ў дзяцінстве пісаць сачыненні. Прынцып адзін і той жа. Усё пачынаецца з Яго Вялікасці Плана. Ён можа быць такі, напрыклад, як карта розуму (для гэтага варта знайсці кнігі Тоні Б’юзана і пачытаць іх), ці традыцыйны, па пунктах. У плане важна адказаць на некалькі пытанняў:
1. Якая асноўная думка артыкула (што я хачу данесці чытачам, што яны атрымаюць ад майго матэрыялу)?
2. Якія факты, гісторыі, цытаты могуць увайсці ў тэкст?
3. Якія парады можна даць чытачу па тэме, якую я ўзнімаю ў матэрыяле?
4. Якую выснову зрабіць у канцы артыкула?
Пад кожным пунктам плана можна занатоўваць коратка свае думкі: не трэба прытрымлівацца парадку, што ў галаву прыходзіць, тое і пісаць.
Калі прыступіце да напісання, старайцеся пісаць як мага хутчэй, не звяртаючы ўвагі на сінтаксіс, правапіс, на сувязь паміж абзацамі. Праганіце ад свайго камп’ютара ўмоўнага настаўніка беларускай мовы ці кіраўніка з яго павучаннямі, які толькі перашкаджае вашай думцы. Вы рыхтуеце чарнавік. Галоўнае — падтрымліваць энергію думкі. Пасля таго як вам падасца, што больш не засталося ў галаве ніводнага слова, сказа, варта пагуляць, пераключыць увагу на нешта іншае, а пасля перапынку ўзяцца за чыстку слоў, косак. Калі адчуеце, што выпраўляць ужо нібыта няма чаго, зачытайце свой артыкул уголас — адразу адчуеце, дзе яшчэ можна папрацаваць, або пакажыце тэкст сябру, каб ён выказаў сваё меркаванне. Не забудзьце падзякаваць сабе за работу, парадавацца!
Заўсёды, калі пішыце, уяўляйце сваіх чытачоў — мэтавую аўдыторыю. Пісаць трэба проста, каб вас зразумелі ўсе. Недзе чытала, што рэдактар аднаго выдання, перш чым надрукаваць у газеце складаны тэкст, даваў яго пачытаць прыбіральшчыцы. Калі тая добра яго ўспрымала, то пускаў у друк. Калі хочаце, каб ваша слова зразумела большая колькасць людзей і ім не трэба было лезці ў тлумачальны слоўнік ці звяртацца да Google, то пішыце проста.
На сваім вопыце пераканалася, што калі мне асабіста цікава тэма, на якую я пішу, то дакладна, што і некага з чытачоў яна зачэпіць. Мая захопленасць абавязкова перадасца праз слова, рытм тэксту, а не толькі праз змест. Захапіцеся сваёй тэмай, і няхай словы з вас ільюцца вольна!
Артыкул не павінен быць вялікім. Як нам казаў у летняй школе па медыяадукацыі ў Швецыі рэдактар аднаго вядомага мясцовага штодзённага выдання, тэкст павінен быць не больш за 4 тысячы знакаў, каб не стаміць чытача. Вядома, артыкул павінен быць карысным для чытача.
Калі наб’ецца рука, выпрацуецца ўласны стыль, сыдзе страх перад публічным выкладаннем сваіх думак, перад негатыўнымі каментарыямі на іх, можна наводзіць сувязь з рэдакцыяй.

Усе тэмы добрыя — выбірай любую

Часта ў навічкоў узнікае пытанне, пра што напісаць. Пра набалелае — для яго словы самі сабой знаходзяцца. Што вас хвалюе ў гэты момант, над чым вы разважаеце, што абмяркоўваеце з калегамі? Раскажыце, як медыяадукацыю прынялі ў вашай школе дзеці, калегі, бацькі; як рэалізаваць яе ў сваім класе праз свой прадмет.
Калі ж галава зараз свабодная ад праблемных думак, то я магу за вас толькі парадавацца і прапанаваць наступнае. Прагледзець родныя СМІ, што яны пішуць пра адукацыю, абмяркоўваюць. Магчыма, чыесці погляд, думка, слова, факт узварушаць вас, закрануць асабістае, з’явіцца жаданне выгаварыцца. Я параіла б завесці нататнік для запісу ідэй для артыкулаў. Тэмы для будучых артыкулаў могуць быць пачуты ў грамадскім транспарце, у чарзе, прачытаны ў СМІ, агучаны ў калектыве. Важна слухаць, аналізаваць, уяўляць і шмат чытаць.
Уважліва аналізуйце падзеі, якія адбываюцца ў вашым калектыве, класе, школе штодня. Магчыма, вам упершыню было цікава знаходзіцца на педагагічным савеце і вы выступалі на ім. Вашы вучні падказалі тэму для абмеркавання. Любая школьная падзея можа стаць падставай для таго, каб узяцца за пяро. Нават самая традыцыйная. Кожны новы дзень у нас розны, не падобны да іншага, але і гэта трэба ўбачыць. Я сказала б нават так: людзі не вельмі жадаюць бачыць перамены. Найперш таму, што яны нязначныя, ці не вельмі хочацца сябе напружваць разважаннямі, аналізам.
Вось не хочуць усе школы збіраць макулатуру, маўляў, не іх гэтая справа. А я ведаю дырэктара, які гэтую “абавязалаўку” ператварыў у школьную традыцыю, нават сямейную. Усе бачаць у зборы макулатуры толькі адмоўнае — прымус, а ён змог данесці да кожнага педагога, а тыя — да бацькоў і вучняў, што гэта наша з вамі агульнае багацце — лес, і мы яго вартаўнікі, мы яго абаронцы. У кожнай сям’і выдзелена асобная скрынка для непатрэбных папер. Як толькі яна збіраецца поўная, макулатуру пакуюць і адносяць у школу, дзе на вахце ўзважваюць і адзначаюць, хто колькі прынёс. Якая карысць сям’і? Усе — і дарослыя і дзеці — вучацца асобнаму збору смецця, эканоміі, прывыкаюць да парадку і беражлівасці. Школе добра — выконвае план, зарабляе грошы і выхоўвае экалагічна адукаваных дзяцей.
Трэба ў звычайным, штодзённым бачыць незвычайнае, знайсці адкрыццё, на звыклае паглядзець пад новым ракурсам.
Напішыце пра свайго калегу. Пра таго, хто заслугоўвае добрых слоў, каб пра яго ведалі педагогі рэспублікі. Пры падрыхтоўцы замалёўкі пра калегу вы абавязкова будзеце мець з ім зносіны, зможаце ўжо як журналіст запытацца ў яго пра ўсё, аб чым раней, магчыма, саромеліся. Апісваючы свайго калегу, міжволі будзеце параўноўваць яго думкі са сваімі, шмат новага адкрыеце нават у сабе — праверана на вопыце.
Яшчэ адна знаходка па пошуку тэм — выступленні ТED. Выступленні, якія за два дзясяткі хвілін здольны прымусіць вас задумацца, пасмяяцца, натхніцца і нават расплакацца. TED — гэта канферэнцыя, якая ўжо больш за дваццаць гадоў запрашае на сваю сцэну таленавітых і разумных людзей, гатовых дзяліцца сваім вопытам. Падборку відэаролікаў з TED-канферэнцый можна лёгка знайсці ў інтэрнэце. Большасць іх англамоўныя, але ёсць пераклад. Вось цікавыя меркаванні адтуль: “Рыта Пірсан: “Дзеці нічому не навучацца ў тых, хто іх не любіць”. “Мне не плацяць за тое, каб я любіла дзяцей. Мне плацяць за тое, каб я вяла ўрокі. Я выкладаю — яны вучаць. Гэтага дастаткова”, — неяк сказала Рыце Пірсан адна з яе калег. На што Рыта адказала: “Яны нічому ў цябе не навучацца, а твая работа заўсёды будзе цяжкая, балючая”. Так і ёсць. Сапраўдны настаўнік вучыць не толькі сваёй прадметнай дысцыпліне, але і ўменню будаваць узаемаадносіны, знаходзіць узаемасувязі, а самае галоўнае — верыць у сябе. Рыта працавала ў складаных класах з нізкай паспяховасцю і расказвае пра тое, як дапамагчы палюбіць школу тым дзецям, жыццё якіх занадта рана вучыць іх быць дарослымі.
У Мінску таксама не так даўно адбылася TED-канферэнцыя. На жаль, мне не ўдалося на яе трапіць, але выступленні адтуль хутка з’явяцца ў сетцы. Пераканана, што, наслухаўшыся нетрадыцыйных думак людзей, ваш мозг таксама заварушыцца.
Першае, што вы можаце апісаць, — свой вопыт. Падумайце, па якім пытанні вы кампетэнтны, дзе можаце даць параду. Калі адчуваеце, што комплекс непаўнацэннасці ці думка (пра гэта ўжо шмат разоў гаварылася) перашкаджае вам узяцца за пісьмо, то магу сказаць наступнае: і я ў гэтым артыкуле не адкрыла Амерыку, усе факты знаёмыя. Што зрабіла я? Апісала ўсё зыходзячы са сваго вопыту, настрою, пажаданняў заказчыкаў тэксту і яшчэ шэрага нязначных прычын. Заўтра я ўжо б напісала крышку іншы артыкул. Мой тэкст, магчыма, больш суб’ектыўны, чым хацелася б, але я не гуру па напісанні артыкулаў — чытала і лепшыя тэксты. Буду рада, калі ён вас натхніць на напісанне сваіх твораў.
Ідэю вашага артыкула можа падказаць і рэдакцыя. Патэлефануйце і спытайце, над якой тэмай зараз працуюць журналісты, можа, патрэбны каментарыі. Журналіст зробіць свой артыкул, а вы пасля выхаду яго ў свет абмяркуеце яго з калегамі і зноў вернецеся да тэмы. Гэта выдатна, калі праблемныя пытанні апісваюцца шмат разоў, амаль да іх вырашэння. У тым і мэта публікацый.

З кляймом “плагіятар”

Для некага напісаць артыкул па актуальнай тэме прасцей за ўсё: зайшоў у інтэрнэт, знайшоў там артыкул на неабходную тэму (або некалькі) і перапісаў пад сябе. Аднак я вам скажу: не думайце, што гэты тэкст у інтэрнэце ніхто да вас не чытаў. Калі не хочаце, каб пачатак вашага творчага жыцця быў аклеймаваны плагіятарствам, не рабіце гэтага. Па-першае, некаторыя рэдакцыі вымушаны правяраць артыкулы на плагіят, па-другое, вы можаце запазычыць думкі іншага чалавека, за якімі не ўбачыце падтэкст,таму трапіце ў непрыемнае становішча, не кажу ўжо пра аўтарскія правы.
Аднойчы я прысутнічала на семінары-нарадзе па надзённым пытанні — аб статусе настаўніка. Мне вельмі спадабалася выступленне аднаго педагога — чалавека са стажам, з узнагародамі. Калі ж я выкарыстала яго словы ў сваім артыкуле, пасля выхаду газеты атрымала званок ад чытача, які абураўся, што словы не належаць гэтаму выступоўцу, ён іх запазычыў з тэксту такога вось аўтара, ёсць пацвярджэнне гэтага. І хоць я не ў адказе за тое, што зрабіў настаўнік, я яго словы ўсяго толькі пераказала, але і мне было непрыемна. Атрымліваецца, што настаўнік узяў чужы тэкст і зачытаў яго — добра што эмацыянальна. Таму я засцерагаю вас ад такой нядобрай практыкі, як плагіятарства.
Каб вас не абвінавацілі ў махлярстве, разумна выкарыстоўвайце звесткі з іншых медыя: рабіце спасылкі, што вы там прачыталі, тое ўбачылі. Для таго каб раскрыць тэму цікава і аб’ектыўна, вельмі важна чытаць артыкулы розных людзей па тэме, але ніколі не выдаваць іх за свае.
Я не хачу сказаць, што нельга нікога капіраваць. Як некалі сказаў вядомы мастак Пабла Пікасо, дрэнныя мастакі капіруюць, а добрыя мастакі крадуць. Пад гэтымі словамі трэба разумець тое, што адны людзі проста бяруць чужое і ставяць сваё імя, а іншыя падглядваюць ідэю ў некага, вывучаюць яе, пераасэнсоўваюць, перапрацоўваюць — і атрымліваецца нешта новае, уласнае, унікальнае. Яно прайшло праз вас — вашу душу, пачуцці, розум. Гэта ўжо новы прадукт. Вынайсці веласіпед вельмі складана. Пра ўсё ўжо даўно напісана. Але толькі вы можаце напісаць аб усіх рэчах па-новаму, калі будзеце пісаць ад свайго імя.

Якое тваё імя?

Многія аўтары пачынаюць пісаць свае артыкулы з загалоўка. У мяне бывае па-рознаму. Здараецца, што спачатку нараджаецца імя матэрыялу, за ім ужо тэкст. А бывае, што тэкст ужо гатовы, а з загалоўкам яшчэ не вызначылася. Зразумела, варта спачатку паглядзець, якія загалоўкі выкарыстоўвае выданне, куды вы дашляце свой матэрыял.
Загалоўкі бываюць розныя. Напрыклад, просты, у якім ужо выкладзена асноўная навіна: “У беларускія школы вяртаецца профільная адукацыя”. Адразу зразумела, аб чым хоча паведаміць аўтар навіны.
У 90-я гады мы ўсе зачытваліся загалоўкамі “Камсамольскай праўды”, якія былі такія незвычаныя гарэзлівыя. Расказвалі, што іх прыдумваў цэлы калектыў, людзей спецыяльна падбіралі. Яны больш нічым не займаліся — толькі прыдумвалі загалоўкі да тэкстаў. Сапраўды, загаловак напісаць бывае складаней, чым тэкст. Гэта асаблівае мастацтва. Часта ў рэдакцыі ўключаем калектыўную думку і разам нараджаем імя твора.
Зараз папулярныя загалоўкі — гэта злёгку змененае ўстойлівае словазлучэнне. Напрыклад, “Крыўда — нішто, імідж — усё. Не дай сябе зняважыць”, “Рубель вызначае свядомасць” — абодва артыкулы пра імідж педагагічнай прафесіі.
Можна знайсці ў падручніках па журналістыцы, што СМІ аддаюць перавагу традыцыйным загалоўкам: апавядальным, загалоўкам-паведамленням, загалоўкам-рэзюмэ, загалоўкам-цытатам, зваротам, заклікам, гульнявым загалоўкам і інш.
Магу параіць зайсці на сайт http://zagolovki.ru/bestheaders і паглядзець цікавыя загалоўкі, набрацца вопыту, папрактыкавацца.
Пасля загалоўка важна вялікую ўвагу ўдзяліць ліду (ад англійскага lead — “узначальваць”, “весці”). Лід — лідар. Яго задача, як і загалоўка, — выхапіць чытача з яго думак, прымусіць паглыбіцца ў чытанне. Лід — самы важны абзац у тэксце. Сучаснаму чалавеку прапаноўваецца такі вялізны аб’ём інфармацыі, што яму няма часу вывучаць усе тэксты, ён па першым жа сказе павінен вызначыцца, ці варта на вывучэнне гэтых слоў траціць свой час. Менавіта пасля чытання ліда многія вырашаюць, чытаць ім матэрыял або лепш перайсці да іншага.
Піяршчыкі расказваюць пра лід-якар — пра інфармацыю, якая б зачапіла чытача і паабяцала яму задавальненне ад чытання. Я ў гэтым тэксце выкарыстала лід-выклік. Запыталася так: “Вы медыяадукатар і не супрацоўнічаеце з рэдакцыяй, не пішаце артыкулы — тады вы дрэнны медыяадукатар”. Хто з чытачоў майго матэрыялу знаходзіцца на стадыі пробы пяра, той, магчыма, вырашыць уцягнуцца ў тэкст, бо захоча пацвярджэння сваіх думак, што трэба пісаць. А нехта, зразумела, падумае, маўляў, вось яшчэ адна настаўніца знайшлася, зараз дачытаю, што яна там прапануе, і напішу ёй свой злосны каментарый, хай ведае, што мы разумнейшыя за яе. І ў першым, і ў другім варыянце мэта дасягнута. Я была ўзнагароджана вашай увагай, за што вам вялікі дзякуй. Тут ужо мая задача зрабіць усё, каб вашы вочы дайшлі і да гэтага сказа, і да кропкі ў канцы артыкула. А галоўная мэта — узяліся за напісанне свайго матэрыялу.
Такім чынам, лід павінен уцягваць чытача ў знаёмства з тэкстам, ствараць уражанне рабіць гэта неадкладна. Яшчэ парада: не пішыце вялікіх лідаў, максімум тры сказы. А лепш адзін.
Вялікія матэрыялы (больш за тры тысячы знакаў) варта падзяліць падзагалоўкамі. Падзагалоўкі — тое ж самае, што і загаловак, можна так сказаць. Яшчэ не забудзьце вызначыць вынаскі. Туды ўвойдуць вашы самыя яркія, цікавыя думкі з матэрыялу. Яны застануцца ў тэксце, але яшчэ будуць візуальна вылучацца з яго. Добра зрабіць інфаграфіку, калі вы ў тэксце выкарыстоўваеце шмат статыстычных звестак. Мы, чытачы, у большасці сваёй візуалы, нам так прасцей складваць усю інфармацыю ў галаве.
Калі вы хочаце, каб ваш матэрыял выдатна выглядаў на газетнай паласе, падумайце над тым, якая фотаілюстрацыя яго будзе суправаджаць, упрыгожваць і дапаўняць. Вядома, што вёрсткай вашага артыкула будуць займацца спецыялісты рэдакцыі, але і вы можаце выказаць свае пажаданні.

Знайсці свайго рэдактара

Часта ад настаўнікаў даводзіцца чуць пакрыўджаныя словы, маўляў, падрыхтаваў артыкул, даслаў у рэдакцыю — ён там і пахаваны быў. Мая рэакцыя на такія словы заўсёды аднолькавая: а вы ў рэдакцыю тэлефанавалі (заходзілі), цікавіліся, ці дайшоў ваш тэкст да адрасатаў, пыталіся, як яго ацаніў рэдактар. Не? Дык чаму тады крыўдуеце? Прычын, чаму рэдакцыя праігнаравала ваш твор, можа быць шмат. Напрыклад, электронная пошта можа недапрацаваць — і ваш артыкул не дойдзе да адрасата ці трапіць па нейкіх прычынах у спам, а там яго дакладна не ўбачаць (у мяне так было не раз); рэдактар можа палічыць, што ваш артыкул пакуль не актуальны, таму трэба крыху пачакаць. Канечне, могуць быць нядбайныя работнікі рэдакцыі — і ваш артыкул згубіцца ў кучы аператыўных штодзённых рэдакцыйных абавязкаў… Але ж і вы не павінны быць абыякавымі. Тэлефануйце, цікаўцеся лёсам свайго твора, пытайцеся, што можна зрабіць, каб ён быў надрукаваны. Памятайце, што я пісала ў пачатку артыкула: калі вы хочаце дасягнуць мэты, то выкарыстоўваеце ўсе рэсурсы, каб вашы словы былі надрукаваны. Хто толькі крыўдуе і лаецца, той свайго не дасягае. Лічу, што калі чалавеку нешта трэба, сапраўды трэба, то ён гэта атрымае. Унутраная матывацыя дапамагае пераадольваць усе цяжкасці. Запомніце: вам гэта трэба! Вашы словы годныя таго, каб іх пабачыў свет!
А яшчэ я параіла б вам знайсці свайго супрацоўніка ў рэдакцыі, таго, чый стыль пісьма, падача матэрыялаў, тэматыка публікацый вам падабаецца. Для гэтага, безумоўна, трэба чытаць газету (часопіс), у якім вы плануеце друкавацца. Многія рэспубліканскія СМІ практыкуюць напісанне е-mail сваіх работнікаў пад артыкуламі. Напішыце свайму журналісту па пошце, патэлефануйце, дамоўцеся аб сустрэчы, пакажыце свой твор, атрымайце кампетэнтныя парады. Спытайце ў свайго журналіста пра патрабаванні газеты да фармату тэксту, колькасці знакаў, рубрык, назвы артыкулаў, напісання лідаў.

Цярпліва, карпатліва, доўга і з захапленнем

Як кажуць, толькі ў казцы ўсё добра і хутка атрымліваецца. У журналісцкім жыцці ўсё залежыць ад практыкі, практыкі і яшчэ раз практыкі. Аўтарскі стыль выпрацуецца абавязкова, не на першым артыкуле, вядома. І масцітых пісьменнікаў, і журналістаў некалі правілі і перапісвалі рэдактары, але яны не здаваліся. І вам раю быць настойлівымі. Аднаго таленту не хопіць, каб стаць таленавітым журналістам, трэба мець вялікую працаздольнасць, каб шукаць цікавыя тэмы, суразмоўцаў, экспертаў. Людзі жадаюць бачыць нешта арыгінальнае.
Не чакайце, што ваш твор адразу ацэняць на выдатна. Вы не мастак, вы толькі вучыцеся, хоць і мастакам ой як сёння дастаецца! Галоўнае — ваш пасыл. Вы хочаце змяніць свет у лепшы бок. Ва ўсякім разе, я пісала менавіта з такім настроем — дапамагчы, як умею сама, людзям паверыць у сябе, што яны могуць напісаць тэкст, які знойдзе станоўчы водгук, падказаць, як можна зрабіць першы крок у журналістыцы, што для гэтага не абавязкова заканчваць Інстытут журналістыкі. Журналістыка — гэта не дыплом, а жаданне данесці да людзей аб’ектыўную інфармацыю, гэта вялікая карпатлівая праца па зборы фактаў, па адборы неабходных слоў, маляванні патрэбных вобразаў. А яшчэ гэта захапляльнае жыццё, якое штодня вымушае думаць над рознымі рэчамі, пытацца меркавання розных людзей, шукаць ісціну.

Жадаю вам радасці ад пісьма, творчасці! Запрашаю вас у масмедыя!

Святлана КІРСАНАВА.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.