Голы кароль можа не турбавацца

Уявіце сабе, што вы прысутнічаеце на выступленні чытальнікаў-дэкламатараў. Адзін верш, другі, трэці… І раптам на сцэне з’яўляецца яркі гарачы ансамбль песні і танцаў, які тут жа зрывае ўсе апладысменты! І гэта цалкам можна растлумачыць: адна справа — напружана ўслухоўвацца, а іншая — проста глядзець! А калі мы не проста гледачы, а члены журы гэтага самага конкурсу чытальнікаў, то ці можам танцорам аддаць галоўны прыз?

Любы разумны чалавек скажа: “Канечне, не! Гэта абсалютна розныя жанры”. І нават калі вас пачнуць угаворваць і тлумачыць, што, маўляў, танцоры стараліся і рыхтаваліся, што яны так выдатна выступілі, што гледачы іх прынялі на ўра і г.д., кампетэнтнае журы ніколі з гэтым не пагодзіцца: “Так, яны малайцы, але гэта — ІНШЫ конкурс!”
Добра, што такіх сітуацый на розных аглядах, турнірах, фестывалях мастацкай самадзейнасці не бывае і быць не можа: усе дакладна разумеюць розніцу і не блытаюць, дзе песня, а дзе вершы або фокусы.
А вось што да праектна-даследчай дзейнасці, то тут, на жаль, далёка не ўсё так празрыста і яўна.
Аднойчы пасля семінара па арганізацыі даследчай работы ў пачатковых класах звярнулася адна слухачка з просьбай даць рэкамендацыі па абароне работы. У размове высветлілася, што дзеці ў якасці тэмы выбралі “Чай”, вывучылі, адкуль ён з’явіўся, якія існуюць чайныя традыцыі, якія віды чаю вядомы і г.д., а пры выступленні яны будуць інсцэніраваць абрад чаявання, выконваць прыпеўкі пра чай, прычым у адпаведных “чайных” касцюмах і на фоне “чайных” дэкарацый… Я была збянтэжана: “А ў чым заключалася ваша даследаванне? Што ў чаі было для вас загадкай, якія меркаванні вы правяралі ў сваёй рабоце і да якіх высноў прыйшлі?” Аказалася, што такіх пытанняў педагогі сабе не задавалі: “Нам сказалі, што гэта павінна быць шоу і ўсё!” (“Так-так, — пацвердзілі астатнія слухачы. — І нам таксама так гавораць. Таму мы і не хочам удзельнічаць у такіх конкурсах, па два месяцы трэба рэпеціраваць, каб на сцэне пяць хвілін паскакаць…”)
Мы, канечне, потым прыдумалі, якім можа быць даследаванне на гэтую тэму (напрыклад, “Чаму чай пры дабаўленні лімона мяняе свой колер?”, а калі ўзяць шырэй, то “Вывучэнне залежнасці колеру прадукту ад рэакцыі з кіслатой”), але пры гэтым нельга сказаць, што развіталіся з пачуццём глыбокага задавальнення: яны, з аднаго боку, узрадаваліся, што атрымалі тэму для рэальнай даследчай работы, але з другога — былі азадачаны, як цяпер быць з чайнай цырымоніяй, куды яе можна ўклініць; а я разважала над своеасаблівасцю разумення сутнасці даследавання тымі, хто гаворыць…
Калі з настаўнікамі аналізуем, чаму ўрокі-даследаванні, нягледзячы на папулярную тэндэнцыю да іх правядзення, на агульным фоне выглядаюць самымі слабымі, то вельмі часта гучыць адказ: “Таму што прымусілі!” У гэтым месцы прыходзіцца звяртацца да аналогіі: уявіце сабе, што вам скажуць прыняць удзел у спаборніцтвах па плаванні, а вы плаваць не ўмееце, ці будзеце вы ўдзельнічаць? Мне здавалася, што існуюць толькі два магчымыя варыянты: адмовіцца, бо інакш можаш утапіцца, або пачаць трэніравацца.
Не сакрэт, што многія школы і аддзелы адукацыі, заклапочаныя рэйтынгам, сапраўды прымушаюць настаўнікаў удзельнічаць у розных мерапрыемствах, але хто прымушае рабіць халтуру? Я лічу, што гэта ўжо справа нашай прафесійнай годнасці: калі я нечага не ўмею, то або вучуся, або не ўдзельнічаю. Трэцяга не дадзена. (“Якая наіўнасць! — сказалі мне на гэта настаўнікі. — Мы можам не ўмець плаваць, але затое будзем вакол басейна бегаць з плакатамі, махалкамі і яшчэ прыз атрымаем за створанае ўражанне!”)
Але я ўсё роўна не магла паверыць у такі тэатр абсурду, пакуль не пабывала на закрыцці конкурсу даследчых работ для малодшых школьнікаў. Пры гэтым далей гаворка будзе ісці толькі пра пераможцаў, хаця ў тых, хто прайграў, было шмат прэтэнзій і да крытэрыяў ацэньвання, і да прадузятасці асобных членаў журы, і да выступлення фіналістаў; але пра гэта гаварыць не будзем, бо гэта натуральная (ахоўная) рэакцыя — шукаць вінаватых збоку, не заўважаючы ўласных промахаў.
Але спачатку крыху тэорыі. У нашай краіне конкурсы дзіцячых праектна-даследчых работ сталі праводзіцца не вельмі даўно. Пры гэтым у адных рэгіёнах праводзяць конкурсы толькі праектаў, у іншых — даследаванняў, недзе ёсць дзве секцыі, а недзе спачатку праводзіліся праектныя конкурсы, якія потым перараслі ў даследчыя; але нідзе іх не змешваюць і не аб’ядноўваюць. І гэта абсалютна правільна, бо гэтыя два віды дзейнасці, нягледзячы на падабенства (актывізацыя пазнавальных інтарэсаў, творчы характар, фарміраванне інфармацыйных і інтэлектуальных уменняў навучэнцаў і інш.), маюць ярка выражаныя адрозненні і, адпаведна, розныя крытэрыі ацэньвання.
Праект — гэта творчасць па плане, гэта дзейнасць па стварэнні пэўнага прадукту. У той жа час даследаванне — гэта творчасць, пры якой нельга першапачаткова вызначыць, у чым будзе яго вынік, якія з гіпотэз акажуцца правільнымі. Даследаванне не прадугледжвае змянення знешняга свету (соцыуму), яго каштоўнасць у асобасных прырашчэннях: не разумелі — зразумелі, не разбіраліся — разабраліся, не бачылі ўзаемасувязей — убачылі і г.д. Адпаведна, даследчая работа праводзіцца па пэўным алгарытме: спачатку ў тэме, якая цікавіць, вызначаецца штосьці незвычайнае, потым прыдумваюцца магчымыя тлумачэнні гэтай сітуацыі, якія правяраюцца з дапамогай розных метадаў, і робіцца выснова.
Пры гэтым да гіпотэзы і ў “дарослай” навуцы, і ў дзіцячай рабоце прад’яўляюцца адны і тыя ж патрабаванні: гіпотэза павінна быць невідавочнай! Зрэшты, гэта і зразумела: інакш давядзецца даказваць ужо вядомае, у чым тады сэнс даследавання?
Акрамя таго, існуе яшчэ шмат іншых напрамкаў дзейнасці, якія не адносяцца ні да праектаў, ні да даследаванняў. Напрыклад, практычная работа (у адной школе мяне доўга запэўнівалі, што тэма “Выраб мыла” — даследчая, пакуль я не спытала: “А выраб мяккай цацкі таксама?”). А яшчэ дзеці любяць калекцыяніраваць і нараўне з маркамі, значкамі або манетамі могуць збіраць розныя факты, і хаця пры гэтым пашыраецца кругагляд, але даследаванне адсутнічае, затое можа атрымацца добры рэферат. Гэта значыць, не заўсёды вывучэнне якога-небудзь аб’екта або з’явы адносіцца да даследчай дзейнасці (у адваротным выпадку давядзецца прызнаць, што любое навучанне аўтаматычна з’яўляецца даследаваннем, мы ж пры гэтым заўсёды пазнаём нешта новае!).
А цяпер ад тэорыі — да практыкі, пазнаёмімся бліжэй з прызёрамі.
“Стварэнне трохмернай установы адукацыі” — праект або даследаванне? Канечне, праект, гэта і па назве адразу відаць! Так, цікавы, так, арыгінальны, але — праект! (тое, што яго стварэнню папярэднічала вывучэнне тэмы, не робіць работу даследчай — гіпотэзы ж не было, а была творчасць па плане!)
“Другое жыццё бабуліных аканіц” з канкрэтнай прапановай аб уключэнні дэкаратыўных элементаў народнай творчасці ў сучасную архітэктуру і дэманстрацыяй макета — таксама праект. А “Макулатура — карыснае смецце” або “Абвінавачваецца пластыкавая бутэлька” — няўжо гэтыя тэмы з іх ярка выражанай сацыяльнай накіраванасцю на ператварэнне “адходаў у даходы” адносіцца да даследаванняў?
“У свеце прафесій”, “Чароўны свет анучнай лялькі”, “Тварог — здароўя залог”, “Цукар — карысць або шкода?”, “Назва вуліц нашага горада” — здавалася б, тэмы даследчых работ. Але давайце ацэнім гіпотэзы: магчыма, лялька набывае другое жыццё пры дапамозе ўяўлення свайго стваральніка; каб выбраць прафесію ў будучыні, трэба больш даведацца пра ўсе прафесіі зараз; у назвах вуліц знаходзіцца нешта цікавае; тварог — вельмі карысны прадукт; цукар трэба ўжываць у разумных колькасцях. І хто ў гэтым усумніцца, дзеля чаго былі пастаўлены доследы, праводзіліся анкетаванні, траціліся дзіцячыя, настаўніцкія, бацькоўскія сілы і час — каб у чарговы раз нагадаць прапісныя ісціны, але ўжо са сцэны? (Дарэчы, настаўнікі нярэдка сутыкаюцца з цяжкасцямі ў выбары тэм, магу падказаць: бярыце любы, падкрэсліваю, любы прадукт і пачынайце “даследаваць”. Напрыклад, “Манная каша — карысць або шкода?”, “Катлета — карысць або шкода?”, “Бананы — карысць або шкода?” і г.д. Па любой тэме вы зможаце знайсці адпаведныя аргументы, і нават выснову адразу можна зрабіць: “І карысць, і шкода. Усё добра ў меру”.)
Асобна хочацца сказаць пра такія тэмы, як “Ваеннае дзяцінства майго дзядулі”, “Спадчына”, “Памятаем і ганарымся”. Ніхто не спрачаецца, што фарміраванне патрыятызму і грамадзянскасці навучэнцаў, выхаванне паважлівых адносін да нашай Радзімы, яе гістарычнага мінулага, асабліва ў год Вялікай Перамогі, з’яўляецца важнай і патрэбнай справай. Але чаму гэта трэба рабіць у рамках конкурсу даследчых работ, калі ёсць шмат іншых мерапрыемстваў, у якіх гэтыя тэмы будуць больш дарэчныя? Так, выступленні дзяцей былі шчырымі, так, яны ўсіх расчулілі і ўсхвалявалі, але ці было гэта звязана з высокім узроўнем даследчага майстэрства? Можа, гэтая ўзнагарода як даніна павагі адносіцца да назвы тэмы, а не да яе зместу? Але ці з’яўляецца такі падыход справядлівым у адносінах да іншых работ з больш прыземленай тэматыкай?
Не, былі, канечне, і сапраўдныя даследаванні: як даведацца пра колькасць долек у апельсіне, не разразаючы яго; чаму неваляшка не падае; якімі незвычайнымі ўласцівасцямі валодае расталая і салёная вада; як кошка можа быць лекарам і інш. Але такіх работ, на нашу думку, была меншасць.
На закрыцці конкурсу пра гэта, канечне, не гаварылася: свята ёсць свята. Гучала шмат прыгожых слоў (“Вы ўсе разумнікі і нашы зорачкі”, “Мы вамі ганарымся”, “Мы верым, што сённяшнія маленькія адкрыцці ў будучыні прывядуць вас да вялікіх здзяйсненняў”), былі выдатныя вядучыя, дзеці спявалі і танцавалі, пры абароне работ выкарыстоўвалі дэманстрацыі і прэзентацыі, адну работу нават прадставілі цалкам у выглядзе вершаў.
А тое, што не ўсе работы былі даследчымі, ну і што? “Усе ж стараліся, працавалі, ну як жа іх стараннасць не ацаніць? Гэта ж дзеці, як умеюць, так і робяць”. Але, можа, калі дзеці яшчэ не ўмеюць, калі яны не здольны, то і такія конкурсы праводзіць не варта? Давайце арганізоўваць выставы творчых работ або дзіцячыя канферэнцыі тыпу “Незвычайнае вакол” або яшчэ нешта такое, што будзе сапраўды дзецям пад сілу. І тады не трэба будзе выдаваць работу настаўніка за вучнёўскую, падмяняць даследаванні праектамі, ператвараць абарону ў канцэртныя нумары…
Хаця гэта ж толькі ў казцы дзіця заўважыла, што кароль быў голы, а ў рэальным жыцці дзеці ўслед за намі паслухмяна паўтараюць: “Якая цудоўная сукенка! Які прыгожы ўбор! Які добры конкурс мы правялі…”

Святлана ГІН,
член клуба “Крыштальны журавель”.