Гомельская гімназія № 14 па выніках 2022 года ўказам Прэзідэнта занесена на рэспубліканскую Дошку гонару

- 9:52Актуально, Образование

Гомельская гімназія № 14 па выніках 2022 года ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь занесена на рэспубліканскую Дошку гонару, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Ва ўстанове ганарацца прафесіяналізмам педагогаў, інфарматызацыяй адукацыйнага працэсу, дасягненнямі вучняў у алімпіядным руху як на ўзроўні рэспублікі, так і на міжнароднай арэне, перамогамі ў творчых і спартыўных конкурсах.

Сёння ў гімназіі № 14 Гомеля 77 педагогаў ву­чаць 866 навучэнцаў. Два педагогі маюць катэгорыю “настаўнік-метадыст”, а абсалютная большасць (85 %) — вышэйшую і першую ква­ліфікацыйную катэгорыю. У гімназіі працуюць 6 выдатнікаў адукацыі, сярод іх і дырэктар Ірына Аўчыннікава. Зусім нядаўна настаўніца рускай мовы і літаратуры Жанна Жадзейка была ўдастоена звання “Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь”.

Навучэнцы і педагогі ўстановы адукацыі з’яўляюцца ўладальнікамі прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

За два апошнія гады навучэнцы гімназіі атрымалі 15 дыпломаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, фізіцы, рускай мове і літаратуры. ­Падрыхтавалі пераможцаў настаўнікі Алена Знахарэнка, Валерый Капшай, Якаў Канстанціноўскі, Жанна Жа­дзейка.

Гімназісты дэманстру­юць выдатныя веды на міжнародных алімпіядах і конкурсах. Напрыклад, леташнія выпускнікі Платон Віннічак і Ілья Філатаў сталі ўладальнікамі залатога і сярэбранага медалёў на I Міжнароднай алімпіядзе па фізіцы імя Ахмада Аль-Фергані (Узбекістан). Леанід Кузь­мянкоў прывёз сярэбраны медаль з IV Міжнароднай алімпіяды па дакладных навуках “Лабараторыя пад­рыхтоўкі талентаў”.

У гэтым навучальным годзе на заключным этапе алімпіяды школьнікаў Саюз­най дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” дыплома ІІІ ступені ўдастоена выпускніца Лізавета Аўсяннікава. Яе падрыхтавала настаўніца рускай мовы і літаратуры Марыя Нікіціна. Настаўніца фізікі Алена Знахарэнка ганарыцца сваімі вучнямі Леанідам Кузьмянковым і Алегам Лашкевічам. Юнакі ў Адкрытай беларускай фізічнай алімпіядзе школьнікаў заваявалі сярэбраны і бронзавы медалі. Алег, да таго ж, стаў уладальнікам бронзавага медаля на XIX Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпія­дзе па фізіцы.

Сярод арганізацый адукацыі на рэспубліканскую Дошку гонару, акрамя гімназіі № 14 Гомеля, занесены Універсітэт грамадзянскай абароны МНС, Рагачоўскі будаўніча-тэхналагічны каледж, сярэдняя школа № 16 Полацка, Ждановіцкая спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат.

Велізарнае значэнне ў гімназіі надаецца навукова-­даследчай рабоце. У 2022 го­дзе выпускнік Данііл Сталяроў стаў пераможцам XXVI Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару навучэнцаў па хіміі. Выпускнікі гэтага года паспяхова выступілі на абласных інтэрнэт-алімпіядзе па інфарматыцы і праграмаванні і навукова-практычнай канферэнцыі па прыродазнаўчанавуковых і сацыяльна-гуманітарных кірунках “Пошук”.

У складзе каманды Гомеля адзінаццацікласнік Ула­дзіслаў Краўчанка атрымаў дыплом ІІІ ступені на XXIV Рэспубліканскім турніры юных матэматыкаў. Выпускнік Арцём Мацеўшаў заваяваў дыплом ІІІ ступені на VIII Біялагічнай інтэрнэт-алімпіядзе і стаў пераможцам завочнага этапу XI Міжнароднай дыстанцыйнай алімпіяды “Сузор’е талентаў”. Рыхтавала яго настаўніца біялогіі Настасся Ананьева.

Настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Тамара Гусарава і Ірына Бекіш дапамаглі навучэнцам 9 класа Максіму Бічукову і Івану Дзенісёнку заваяваць дыпломы ІІ ступені на XX канферэнцыі вучэбна-даследчых работ у секцыі “Мова маёй зямлі”.

Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання летась гімназія заняла 2-е месца сярод гімназій і ліцэяў у горадзе Гомелі і 3-е месца ў Гомельскай вобласці. Тры выпускнікі мінулага года здалі цэнтралізаванае тэсціраванне на 100 балаў — па фізіцы і рускай мове.

За 2 апошнія гады ў скарбонку гімназіі дабавілася 28 дыпломаў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню, больш за 60 — гарадскога і абласнога. Гімназія № 14 стала пераможцай абласнога конкурсу на лепшую работу па забеспячэнні якасці адукацыі ў 2021/2022 навучальным годзе сярод гімназій і ліцэяў Гомельскай вобласці. Міністэрства адукацыі па выніках мінулага года ўдастоіла гімназію звання “Лепшая ўстанова сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь, размешчаная ў гарадской мясцовасці”.

А яшчэ гімназія з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі. На яе базе праводзяцца абласныя конкурсы “Ведай і любі рускую мову” і конкурс рытарычнага майстэрства. Яшчэ гімназісты актыўна ўдзельнічаюць у грамадзянска-патрыятычных акцыях, спартыўных спаборніцтвах, творчых справах.

— Залог нашага поспеху — у карпатлівай працы, — падкрэслівае дырэктар гімназіі № 14 Ірына Аўчыннікава. — Працаваць трэба штодзень і ніколі не спыняцца на дасягнутым. Наша крэда — бачыць мэту, ве­рыць у сябе і пастаянна ўдасканальвацца. Плён прыносіць сумесная работа педагогаў, вучняў і бацькоў. Як з зярнятка ўрэшце вырастае яблыня, якая ўпрыгож­вае свет, так і мы імкнёмся ўзрасціць у нашых выхаванцах самае лепшае: наву­чыць іх працаваць, любіць сваю ўстанову, свой горад і ганарыцца сваёй краінай.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара