Гарадскі фестываль “Аўтафэст-2016” адбыўся ў Гомельскім гарадскім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Удзел у фестывалі прынялі пяць каманд з раёнаў горада і дзве каманды арганізатараў мерапрыемства — гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Амаль 100 чалавек сабралася ў дзень “Аўтафэсту” на пляцоўцы перад установай дадатковай адукацыі.
Акрамя галоўнага спаборніцтва — паказальных выступленняў радыёкіруемых мадэлей, фестываль уключаў гумарыстычную гульнявую праграму “Сцеражыся аўтамабіля!”, конкурс-фантазію малюнкаў на асфальце “Машына будучыні”, у якім удзельнікам належала прыдумаць і намаляваць аўтамабіль будучыні, а потым прэзентаваць яго. Не абышлося і без інтэлектуальных мерапрыемстваў. Аматары тэхнікі спрабавалі сябе ў віктарыне па гісторыі аўтамабіля пад назвай “Аўтамабіль: учора, сёння, заўтра”. А самыя цікаўныя хлопчыкі і дзяўчынкі разгадвалі сакрэты ў конкурсе загадак “Цікава ўсё на свеце”.
— Арганізоўваючы фестываль, мы ставілі задачы масава прыцягнуць дзяцей у розныя віды сумеснай, гульнявой дзейнасці з бацькамі, аднагодкамі і педагогамі, — расказвае метадыст гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі Андрэй Парачук. — Акрамя таго, вядома, што такія мерапрыемствы дазваляюць выявіць таленавітых дзяцей, заахвоціць іх справай. А далей мы дапамагаем ім развіваць таленты, прадастаўляем дадатковыя магчымасці для іх рэалізацыі.
Усе каманды — удзельніцы фестывалю прадэманстравалі добрыя веды і паказалі цікавыя работы. Аднак спаборніцтва ёсць спаборніцтва, і журы пільна сачыла за ўсімі конкурсамі, выстаўляючы балы. Па найбольшай іх колькасці і вызначаліся каманды-пераможцы. Імі сталі каманды “Прыярытэт” і “Формула поспеху” Гомельскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія занялі 1-е і 2-е месцы адпаведна. 3-е месца дасталася камандзе “Брыганціна” з гомельскай сярэдняй школы № 17.
Таксама журы вызначыла найбольш актыўных удзельнікаў у намінацыях. Імі сталі навучэнцы сярэдняй школы Аляксандр Жлоба, Аліна Пашэд, Ангеліна Батурына і выхаванцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Навабеліцкага раёна Гомеля Аляксандр Ціхановіч і Ксенія Караткевіч.
Наталля ЛУТЧАНКА.