Гомельскія студэнты прапаноўваюць варушыцца разам

- 15:42"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Напярэдадні мінулых выхадных установы вышэйшай адукацыі Гомельскай вобласці перанялі ў магіляўчан эстафету Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “АРТ-вакацыі”.

Штогод нязменна назіраючы за фестывалем, з упэўненасцю магу сказаць, што інтарэс і азарт удзельнікаў значна вырас. Калі напачатку ў мяне як у гледача ўзнікала думка, што канкурсанты асабліва не задумваюцца над нумарамі, якія прапаноўваюць на суд рэспубліканскаму журы, і ўпісваюць у праграму што-небудзь са свайго састарэлага рэпертуару (што называецца — для адчэпнага), то сёння ўсё інакш. Цяпер кожны ўніверсітэт, кожны студэнцкі калектыў ці асобны выканаўца спрабуюць знайсці нешта цікавае, незвычайнае, хочуць не проста паказаць, а здзівіць і пакінуць у памяці гледача і журы ўспамін аб сабе. Трэба сказаць, што і арганізатары фестывалю добра стымулююць удзельнікаў, напаўняючы конкурс цікавым зместам, мяняючы фармат, каб ён быў блізкі і зразумелы сучаснаму студэнту. Невыпадкова дэвіз “АРТ-вакацый – 2016” гучыць так: “Новы фармат творчасці — у новых магчымасцях часу”.

Сёлета ў рамках фестывалю Гомель прадэманстраваў рэспубліканскаму журы чатыры пляцоўкі. У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны працавала пляцоўка “Маладыя жаданні”, дзе студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі паказалі лепшыя творчыя работы, падрыхтаваныя згодна з умовамі Рэспубліканскага агляду-конкурсу “АРТ-вакацыі”, конкурсаў “Арт-партал” і “Аўтограф”, рэспубліканскага інтэрактыўнага праекта “Рэцытацыя”, інсайт-праекта “PRO-вакацыі”.

Свае творы чыталі юнакі і дзяўчаты з творчага аб’яднання “Студэнцкі прэс-цэнтр” філалагічнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны. Уразілі сваімі прамоўніцкімі талентамі студэнт Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі Арцём Смірноў і студэнт Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога Ілья Лапцеў. Хлопцы паказалі, што інжынеры і фінансісты таксама цікавяцца паэзіяй і прозай.

Цікавыя работы паказалі студэнты ў конкурсе “Арт-партал”. Юнакі і дзяўчаты з ГДУ імя Францыска Скарыны прадэманстравалі незвычайны відэаролік для абітурыентаў, у якім расказваецца пра факультэты ўніверсітэта, а курсанты Гомельскага інжынернага інстытута МНС Рэспублікі Беларусь зрабілі вясёлы патрыятычны рэкламны ролік пад назвай “Я люблю Беларусь”. Сапраўдную “фішку” падрыхтаваў ГДТУ імя П.В.Сухога, ажывіўшы ў памяці прысутных вобраз знакамітага літаратурнага героя — дзеда Талаша. У прэзентацыі “Дынастыя Талаш — Дрыго” можна было не толькі ўбачыць, але і патрымаць у руках рэчы героя, які стаў прататыпам знакамітага персанажа твора. Акрамя таго, можна было пазнаёміцца з адным з яго нашчадкаў.

Пляцоўка “Жывыя гукі” была адкрыта ў сценах Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта. Тут юнакі і дзяўчаты дэманстравалі інструментальны жанр. Дзівосныя гукі саксафона ў віртуозным выкананні студэнта Беларускага ўніверсітэта транспарту Анатоля Аксёнава і чароўная панфлейта Міхаіла Марчанкі з Гомельскага інжынернага інстытута разляталіся па зале і агортвалі слухачоў пяшчотай. Добрыя нумары падрыхтавалі і студэнцкія вакальна-інструментальныя ансамблі.

Далей дзея адбывалася на пляцоўцы каля галоўнага корпуса Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога. Юнакі і дзяўчаты дэманстравалі свой эксклюзіўны праект — “Варушынак”. Прыдумалі яго самі студэнты, а назву праекту дало прыгожае беларускае слова “варушыцца”. У чым жа заключаецца “Варушынак”? У вялікі перапынак паміж парамі студэнты і выкладчыкі выходзяць на вуліцу і пад музыку пад кіраўніцтвам інструктараў пачынаюць танцаваць. А каб азарту было яшчэ больш, вядучы падбадзёрвае лозунгам “Варушыся з намi!”. Варта сказаць, што маштабы палітэхаўскага “Варушынку” пастаянна разрастаюцца. Пляцоўка, на якую студэнты выходзяць варушыцца, акурат насупраць аднаго з гарадскіх паркаў, а таму да спартыўных танцаў студэнцкай моладзі далучаюцца жыхары горада — ад малога да сталага.

Паўдзельнічаць у сваім праекце палітэхаўцы прапанавалі іншым установам адукацыі горада, і многія адгукнуліся. Вось так заклікаюць гомельскія студэнты да здаровага ладу жыцця.
Завяршаў гомельскія “АРТ-вакацыі” гала-канцэрт творчых калектываў. Каля 30 харэаграфічных і вакальных нумароў прагледзела рэспубліканскае журы, а пасля, сабраўшыся за круглым сталом з мастацкімі кіраўнікамі і кіраўнікамі студэнцкіх клубаў мастацкай творчасці ўстаноў вышэйшай адукацыі Гомельшчыны, суддзі абмяркоўвалі ўбачанае, давалі парады, слухалі прапановы.

Старшыня рэспубліканскага журы загадчык аддзела сацыякультурных праектаў вучнёўскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алена Лаўрыновіч адзначыла, што задачы, якія былі пастаўлены перад канкурсантамі, у тым ліку і задачы новага фармату фестывалю, Гомельская вобласць выканала. Яна таксама звярнула ўвагу на тое, што Гомельшчына паказала даволі актыўны ўдзел у першым, завочным, этапе фестывалю.

— Сёння я гатова трансліраваць у рэспубліцы распачаты ў Гомелі праект “Варушынак”, каб яго развівалі і ў іншых рэгіёнах, — сказала Алена Сяргееўна. — Акрамя таго, гамяльчане паказалі нам добры прыклад падтрымкі інструментальнага жанру. Гэта таксама неабходна браць пад увагу.

Не вельмі парадавалі журы вакальныя нумары. Большасць з іх, на думку экспертаў, састарэлі, не адпавядаюць сучасным патрабаванням. Кіраўнікоў студэнцкіх клубаў заклікалі актуалізаваць рэпертуар. Разам з тым быў адзначаны высокі ўзровень харэаграфічных выступленняў.

— У харэаграфічных нумарах мы ўбачылі самыя розныя кірункі, ад традыцыйных да вулічных, і кожны з іх асучаснены і зразумелы гледачу, — заўважыў кіраўнік заслужанага любіцельскага калектыву Рэспублікі Беларусь “Ансамбль танца “Белая Русь” член рэспубліканскага журы Анатоль Карповіч.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.