“Я сумленнем і Радзімай не гандлюю!” — гэтыя словы, сказаныя генералам Дзмітрыем Міхайлавічам Карбышавым больш як 75 гадоў назад, актуальныя і ў наш час. Таму нашы сучаснікі пакланяюцца перад сілай духу і мужнасцю легендарнага чалавека, які быў па-зверску закатаваны фашыстамі ў канцлагеры Маўтхаўзен 18 лютага 1945 года.
Нараджэнне музея
У верасні 2013 года ў школе № 20 Брэста, што размешчана на вуліцы Карбышава, у кабінеце гісторыі аднавіў работу музей Героя Савецкага Саюза генерал-лейтэнанта інжынерных войск Дзмітрыя Міхайлавіча Карбышава, які быў заснаваны ў пачатку 80-х гадоў у сярэднім прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 26 Брэста таленавітым, захопленым чалавекам, выхавальнікам інтэрната Галінай Паўлаўнай Соўпель. Пасля расфарміравання СПТВ менавіта Галіна Паўлаўна садзейнічала таму, што фонды музея былі перададзены школе № 20 Брэста. На працягу 8 гадоў, з 1980 па 1988 год, у гэтай школе працаваў музей імя Карбышава. Кіравала музеем Яўгенія Захараўна Сягоднік, настаўніца гісторыі.
Піянерская дружына школы насіла імя Д.М.Карбышава. Яна напаўняла школьнае жыццё цікавымі мерапрыемствамі: піянеры вялі актыўную перапіску з карбышаўцамі гарадоў усяго Савецкага Саюза, прымалі ўдзел у карбышаўскіх злётах, праводзілі сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. У піянерскай дружыне працавалі пошукавыя і лектарскія групы. Узначальвала гэты рух Людміла Рыгораўна Лычук, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, якая працуе ў нашай школе больш за 40 гадоў. 12 лістапада 2015 года, у год 50-годдзя нашай установы адукацыі, рашэннем Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта школе прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава. У гэтым заслуга былога дырэктара школы выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірыны Фёдараўны Нікіфаравец.
Сімвал адданасці Айчыне
Імя Дзмітрыя Міхайлавіча Карбышава для савецкіх людзей стала сімвалам самаадданай вернасці Айчыне і свайму народу. Сёння ў музеі экскурсаводы расказваюць пра гэтага дзіўнага чалавека. Музей мае ваенна-гістарычны профіль. У музеі зарэгістраваны 144 экспанаты. Матэрыялы былі абноўлены, і на іх аснове аформлена пяць экспазіцыйных стэндаў: “Дзяцінства — горад Омск. Вучоба — горад Санкт-Пецярбург”, “Брэст-Літоўск. Першая сусветная вайна (1914—1918 гг.)”, “Сям’я. Ваенна-навуковая дзейнасць”, “Вялікая Айчынная вайна” (1941—1945 гг.)”, “Памяці Карбышава”.
Экскурсаводамі музея з’яўляюцца навучэнцы школы, задача якіх — расказаць пра жыццёвы шлях Героя Савецкага Саюза. Асаблівае месца ў нашым музеі займае раздзел “Брэст-Літоўск”, дзе разам з аповедам пра жыццё Д.М.Карбышава ў нашым горадзе экскурсаводы закранаюць і гісторыю самога горада. Дзеці прапануюць матэрыял не толькі ў традыцыйнай форме — экскурсіі, сустрэчы, вечары, насценгазеты, але і ў новым фармаце — мультымедыйныя прэзентацыі, інтэрактыўныя і гульнявыя мерапрыемствы.
Пры музеі працуе гурток “Брэстазнаўства”. Дзеці распрацоўваюць і праводзяць віртуальныя экскурсіі, тэматычныя мерапрыемствы:
- “Ад Бярэсця да Брэста” — тэматычны экскурс па найважнейшых вехах гісторыі роднага горада;
- “Гісторыя горада ў паштоўках і фатаграфіях”;
- “Брэсцкае падполле ў гады Вялікай Айчыннай вайны” — раскрыццё малавядомых фактаў пра жыццё Брэста падчас акупацыі;
- “Гісторыя Брэсцкай крэпасці”;
- “Абаронцы Брэсцкай крэпасці”.
Генерал-лейтэнант інжынерных войск, прафесар Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба, доктар ваенных навук, Герой Савецкага Саюза Д.М.Карбышаў. Яго імя носяць школы ў Маскве, Цверы, Першамайску, Чэлябінску, Омску, а ў Рэспубліцы Беларусь — школы № 15 Гродна і № 20 Брэста.
Падчас экскурсій выкарыстоўваюцца вершы, песні і відэафільмы. У музеі нараўне з навучэнцамі школы і іх бацькамі, дзецьмі з іншых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь і ветэранамі мы прымалі гасцей з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Цверы, Равенсбурга. Музей наведала Ганна Афанасьеўна Грабёнкіна — кандыдат гістарычных навук, аўтар кніг “Брэст непакорны”, “Жывы боль: жанчыны і дзеці Брэсцкага гарнізона”. Экскурсаводы музея наведвалі сярэднюю школу № 15 Гродна імя Д.М.Карбышава і прымалі педагогаў і навучэнцаў гэтай школы ў нас. Таксама музей супрацоўнічае з музеем “Абаронцаў Брэсцкай крэпасці” маскоўскай школы № 384, з Брэсцкім гарадскім Саветам ветэранаў. У 2015 годзе педагогі і навучэнцы школы наведвалі канцэнтрацыйны лагер Маўтхаўзен, ускладалі кветкі да помніка Д.М.Карбышаву.
Не пакораны і не забыты
Навучэнцы школы займаюцца даследчай дзейнасцю, рыхтуюць даследаванні аб жыцці і дзейнасці Д.М.Карбышава ў Брэсце. Экскурсаводы музея супрацоўнічаюць з міжрэгіянальным дзіцяча-юнацкім рухам “Юныя карбышаўцы” Масквы. З 2015 года пасля наведвання школы генералам старшынёй руху Юрыем Аляксандравічам Дзьякавым узаемадзеянне школы і дзіцяча-юнацкага карбышаўскага руху Масквы выйшла на чарговы этап развіцця.
Штогод у лютым у школе праводзіцца месячнік па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Напярэдадні Дня вываду войск з Афганістана і Дня абаронцаў Айчыны праводзяцца класныя гадзіны, урокі мужнасці, сустрэчы з ветэранамі. Актыў піянерскай дружыны “Карбышаўцы” для навучэнцаў сярэдняга звяна праводзіць мерапрыемствы “Мы памятаем подзвіг твой неўміручы”. У школьным музеі традыцыйна праходзіць мітынг, прысвечаны Дню памяці Д.М.Карбышава.
18 лютага — асаблівая дата для нашага школьнага музея. Гэта Дзень памяці легендарнага генерала Дзмітрыя Міхайлавіча Карбышава. У гэтым годзе споўнілася 77 гадоў з той страшнай ночы, калі пажылога генерала і сотні іншых ваеннапалонных па-зверску закатавалі, абліваючы халоднай вадой у мароз у лагеры Маўтхаўзен. У гэты дзень у музеі асабліва шмат гасцей. На кожным уроку першай і другой змены экскурсаводы музея расказваюць наведвальнікам аб непахіснай волі, стойкасці, мужнасці і самаадданай веры ў перамогу змучанага голадам, цяжкай работай і збіваннем генерала. Увага, з якой навучэнцы слухаюць экскурсаводаў і гасцей музея, а пазней дзеляцца гісторыямі сваіх сем’яў аб Вялікай Айчыннай вайне, пераконвае ў неабходнасці такіх мерапрыемстваў.
Вобраз героя
Імя Д.М.Карбышава непарыўна звязана з гісторыяй і будаўніцтвам Брэсцкай крэпасці. Многія брэстаўчане ведаюць аб жыцці і подзвігу Дзмітрыя Міхайлавіча, бо ў Брэсце яго імем названа вуліца, устаноўлены памятныя мемарыяльныя дошкі. Кожную раніцу, праходзячы каля мемарыяльнай дошкі, устаноўленай на фасадзе школы, дзеці запавольваюць крок, становяцца больш сур’ёзнымі, бо вобраз героя дапамагае выхоўваць у школьніках лепшыя чалавечыя якасці. Навучэнцы школы, члены савета школьнага музея Д.М.Карбышава захоўваюць не толькі памяць аб подзвігу героя, але і вядуць актыўную пошукавую работу аб сямейным жыцці, нашчадках, асабістых якасцях Дзмітрыя Міхайлавіча. Бо нямногія брэстаўчане ведаюць, што на Трышынскіх могілках Брэста пахавана першая жонка Д.М.Карбышава — Аліса Карлаўна, якая пайшла з жыцця ў 1913 годзе. Экскурсаводы музея Д.М.Карбышава напярэдадні Дня памяці бываюць на магіле Алісы Карлаўны. Актыў школы пастаянна наведвае магілу і прыводзіць яе ў парадак у памяць аб жыцці і подзвігу генерала.
Усё жыццё Дзмітрыя Міхайлавіча Карбышава з’яўляецца прыкладам для пераймання, а подзвіг, здзейснены ім, з’яўляецца вышэйшай ступенню праяўлення патрыятызму. Вядомы педагог В.А.Сухамлінскі пісаў свайму сыну: “Ведай, што сапраўднага патрыёта нашай Радзімы можна забіць, спаліць, закапаць жывым у зямлю, як рабілі гэта каты-фашысты, але пакарыць нельга”. Дакладнасць гэтых радкоў пацвярджаецца жыццём і смерцю Д.М.Карбышава.
Наталля ЛУКАШЭВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 20 Брэста імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава;
Святлана ШЛОМА, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце школы.





