“Гонар” — для мужных юнакоў і смелых дзяўчат

- 12:05Навіны рэгіёнаў

15 гадоў ваенна-патрыятычны клуб “Гонар”, які сёння з’яўляецца аб’яднаннем па інтарэсах Гомельскага абласнога палаца творчасці, займаецца выхаваннем падрастаючага пакалення.

Гісторыя клуба бярэ пачатак у 1997 годзе з распараджэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, згодна з якім у Гомельскай вобласці пры вайсковай часці 5525 быў створаны абласны пазаштатны цэнтр ваенна-патрыятычнага выхавання і занятасці моладзі “Дзяржынец”. Праз шэсць гадоў, стаўшы часткай цэнтра, адкрыўся ваенна-патрыятычны клуб “Гонар”, які пазней ператварыўся ў аб’яднанне па інтарэсах абласнога палаца творчасці.

Сваёй мэтай клуб ставіць не толькі прывіццё сучаснай моладзі любові да Радзімы, беражлівых адносін да яе гісторыі, актывізацыю грамадзянскай пазіцыі. Не менш важным з’яўляецца развіццё валявых якасцей асобы, фізічнае і маральнае выхаванне. Узняцце аўтарытэту абаронцы Айчыны, павышэнне прэстыжу вайсковай службы — таксама важныя задачы аб’яднання. У многім гэтаму спрыяе тое, што клуб размяшчаецца на тэрыторыі вайсковай часці 5525. Ды і кіраўнік “Гонару” не проста педагог дадатковай адукацыі. Юнус Юсуфавіч Рахматаў — старшы прапаршчык запасу ўнутраных войск МУС Рэспублікі Беларусь, старшыня Гомельскай рэгіянальнай Асацыяцыі ветэранаў падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь.

Тыя, хто прыходзіць займацца да Юнуса Юсуфавіча, павінны адразу быць нацэлены на сур’ёзную работу. Навучэнцы клуба займаюцца фізічнай падрыхтоўкай, рукапашным боем, вывучаюць ваеннае заканадаўства, на практычных занятках адпрацоўваюць навыкі стральбы з пнеўматычнай вінтоўкі. Акрамя таго, юнакам і дзяўчатам неабходна вытрымаць трохдзённыя экзамены — кваліфікацыйныя выпрабаванні на права нашэння аліўкавага берэта. Такая традыцыя зарадзілася ў 2005 годзе. У першы дзень члены клуба здаюць нарматывы па агульнафізічнай падрыхтоўцы: падцягванне, скачкі, чаўночны бег, кіданне гранаты і інш. А другі і трэці дзень дзеці разам з педагогам праводзяць у лесе. Там яны здаюць залік па арыентаванні на мясцовасці, руху па азімуце, дзеяннях па жэстах, стральбе са зброі.

Зразумела, патрабаванні на экзаменах не такія жорсткія, як, напрыклад, у вайскоўцаў. Аднак нельга сказаць, што прайсці іх і заваяваць узнагароду лёгка. Затое колькі гордасці за сябе самога, калі пасля паспяховага праходжання выпрабаванняў атрымліваеш з рук камандзіра вайсковай часці запаветны аліўкавы берэт.

Нельга не ўспомніць і пра высакародную справу, якой займаюцца выхаванцы клуба. У структуру ваенна-патрыятычнага клуба ўваходзіць група “Пошук”, перад якой стаіць няпростая, але высакародная задача — адкрыць яшчэ адну невядомую старонку гісторыі, за якой стаіць гераізм і подзвіг людзей. Усе пошукавыя работы ініцыіраваны і арганізаваны членамі клуба і праходзяць на энтузіязме кожнага ўдзельніка. І разам з тым дзеці з вялікім захапленнем займаюцца гэтым і адчуваюць радасць, што могуць такім чынам зрабіць свой маленькі ўклад у гісторыю.

Трэба адзначыць, што “Гонар” даволі папулярны ў падлеткаў і моладзі. Ён — для мужных юнакоў і смелых дзяўчат. Сюды прыходзяць не дзеля адпачынку, а спасцігаць ваенную навуку, асвойваць розныя прыёмы барацьбы, вучыцца адказнасці і вынослівасці. За час свайго існавання клуб прыняў удзел у шматлікіх грамадскіх акцыях і праграмах: акцыі “Беларусь — зямля славы ратнай”, ваенна-спартыўных спаборніцтвах “Арляня” і “Абаронца Айчыны”, у якіх неаднаразова станавіўся прызёрам і пераможцам, міжнародным лагеры “Дружба”, рэспубліканскай гульні “Зарніца”, шматлікіх міжнародных спаборніцтвах.

Як бачым, падрыхтоўка ў ваенна-патрыятычным клубе даволі сур’ёзная. Нядзіўна, што многія юнакі і дзяўчаты выбіраюць сваім далейшым шляхам адукацыйныя ўстановы Міністэрства абароны і іншых сілавых структур. За пятнаццаць гадоў курсантамі Ваеннай акадэміі, Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, Разанскага вышэйшага паветрана-дэсантнага каманднага вучылішча імя генерала арміі В.П.Маргелава, Новасібірскага інстытута разведкі і ваенных кафедр, іншых устаноў вышэйшай адукацыі сталі больш за 90 выхаванцаў. Хіба гэта не пацвярджэнне вялікіх намаганняў і сур’ёзнага падыходу педагога да сваёй справы?

Падчас святкавання 15-годдзя ваенна-патрыятычнага клуба “Гонар” за значны ўклад у выхаванне падрастаючага пакалення начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама С.І.Парошын уручыў Юнусу Юсуфавічу ганаровую грамату ўпраўлення. Узнагароды і падзякі выхаванцам клуба і педагогу таксама былі ўручаны ад галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама, камандавання вайсковай часці 5525, ваеннага камісарыята Гомельскай вобласці і іншых структур.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота з архіва ваенна-патрыятычнага клуба “Гонар”.