Google запусціў бясплатны сэрвіс для анлайн-навучання Oppia

Кампанія Google распрацавала open source (адкрытае праграмнае забеспячэнне) — сэрвіс Oppia, які дазволіць любому карыстальніку вучыць і вучыцца ў рэжыме анлайн з дапамогай ланцужкоў інтэрактыўных пытанняў-адказаў. Такія міні-курсы называюцца даследаваннямі, іх можна ствараць без асаблівых ведаў у праграмаванні.

Просты прыклад, як гэта можа працаваць. Калі даследаванне складаецца ўсяго з аднаго пытання “Колькі будзе 2+2?” У выпадку, калі карыстальнік адказвае “4” , ён атрымае адказ “Дакладна”. Калі ж ён адкажа, напрыклад, “-4”, то атрымае ў адказ “Вы складаеце два дадатныя лікі. Вядома, адказам таксама павінен быць дадатны лік”. Каб колькасць магчымых адказаў у даследаваннях не памнажаць да бясконцасці, у кампаніі прапануюць “настаўніку” ствараць лінейныя, простыя даследаванні.
У самой кампаніі прынцып работы сэрвісу апісваюць так: “У Oppia мадэлююцца паводзіны настаўніка, які ставіць пытанні вучню. У залежнасці ад адказаў выбіраецца наступнае пытанне, сістэма паглыбляецца ў тэму ці пераходзіць да новай. Можна назваць гэта разумнай сістэмай фідбэка (зваротнай сувязі), якая спрабуе “навучыць карыстальніка рыбачыць”, замест таго, каб проста даваць яму правільны адказ або пазначаць адказ як няправільны”.
Oppia таксама збірае даныя аб тым, як карыстальнікі ўзаемадзейнічаюць з вучэбным кантэнтам, і прапануе гэтыя даныя стваральнікам даследаванняў, каб яны карэкціравалі, стваралі новыя ланцужкі пытанняў (напрыклад, калі многія карыстальнікі адказалі на пытанне няправільна, гэта можа азначаць, што пытанне вельмі складанае і яго варта замяніць). Даследаванні можна ўбудоўваць у любую старонку, інтэрфейс даследавання можна рэдагаваць анлайн.