Горад для дзяцей

Навагрудак стаў першым горадам у Гродзенскай вобласці і дзясятым у Беларусі, які атрымаў сертыфікат ЮНІСЕФ “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Рашэнне аб гэтым было прынята ў красавіку 2017 года на пасяджэнні каардынацыйнага савета па рэалізацыі ініцыятывы. А 1 верасня прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі доктар Рашэд Мустафа Сарвар уручыў сертыфікат старшыні Навагрудскага райвыканкама Анатолю Маркевічу.

Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел прадстаўнікі маладзёжнага парламента пры Навагрудскім раённым Савеце дэпутатаў і члены вучнёўскага самакіравання школ, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і прадпрыемстваў горада.

Як расказаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама Алег Анікевіч, горад далучыўся да гэтай ініцыятывы ў 2012 годзе, калі было падпісана трохбаковае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж райвыканкамам, Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Дзіцячым фондам ЮНІСЕФ. За гэты час праведзена вялікая работа, каб у горадзе былі створаны ўмовы для ўсебаковага развіцця дзяцей, абароны іх правоў, уключэння дзяцей і падлеткаў у працэс прыняцця рашэнняў, якія закранаюць іх інтарэсы.

Члены маладзёжнага парламента рэгулярна сустракаюцца са старшынёй Навагрудскага райвыканкама, начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму.

— З юнымі навагрудчанамі мы размаўляем на адной мове, — сказаў падчас урачыстасці А.М.Маркевіч. — Сертыфікат ЮНІСЕФ “Навагрудак — горад, дружалюбны да дзяцей” — гэта прызнанне таго, што ў горадзе наладжаны кантакт дзяцей і дарослых. Часта дзеці падказваюць кіраўніцтву раёна цікавыя і карысныя ідэі, многія з якіх рэалізоўваюцца.

Адной з першых ініцыятыў маладзёжнага парламента, які быў створаны ў 2012 годзе, стала добраўпарадкаванне старога парку і павелічэнне колькасці месцаў для адпачынку, заняткаў спортам у горадзе. За пяць гадоў рэалізавана 15 сацыяльных праектаў. Сярод іх — праекты па антынаркатычным і прававым выхаванні моладзі, здаровым ладзе жыцця, штогадовы марафон сацыяльных ініцыятыў, акцыі “Стары парк па-новаму”, “Музей у чамадане” з ідэяй “Музея аднаго экспаната”. Для праекта па буккросінгу на сайтах школ і ліцэяў ствараюцца віртуальныя паліцы.

Аб сваёй дзейнасці паведамілі падчас адкрытага дыялогу юныя навагрудскія парламентарыі. Іх расказ дапоўнілі намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама Святлана Каралько і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Алег Анікевіч.

На сцэне раённага цэнтра культуры члены маладзёжнага парламента прадставілі сваю дзейнасць у праграме “Маладзёжнай ініцыятыве — “ТАК!”. Госці таксама азнаёміліся з творчасцю юных навагрудчан, пабывалі на інтэрактыўных пляцоўках гурткоў творчасці і нават змаглі прайсці майстар-клас па народных беларускіх рамёствах.

Уручаючы старшыні Навагрудскага райвыканкама сертыфікат ЮНІСЕФ “Горад, дружалюбны да дзяцей”, доктар Рашэд Мустафа Сарвар адзначыў, што ўбачыў прыгожы горад, дзе ёсць таленавітыя дзеці і добрае кіраўніцтва. Гэта вялікае дасягненне, якое накладвае і вялікую адказнасць, бо працаваць трэба яшчэ больш, каб падтрымліваць гэты статус горада.

А пра тое, што патэнцыял у горада ёсць, сведчыць і адзнака, якая была атрымана па выніках аналізу яго дзейнасці па рэалізацыі ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”, — 7,9 з 10 балаў, якія налічваюцца па сямі параметрах.

Завяршылася 1 верасня ў Навагрудку вялікім святам для дзяцей — у гарадскім парку працавалі спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі, былі арганізаваны тэматычныя выставы, конкурс малюнкаў на асфальце, выступленне дзіцячага тэатра “Шчарсунок”, акцыя “БРСМ — дзецям!”, святочная дыскатэка. Усе атракцыёны ў гэты дзень працавалі бясплатна, бясплатным быў і паказ дзіцячых фільмаў у фармаце 3D.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.