Горад магчымасцей для моладзі

- 11:24Актуально

Падчас маштабнай урачыстай цырымоніі афіцыйнага адкрыцця рэспубліканскага свята “Маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2022” Віцебск прыняў эстафету ў Гродна і набыў статус маладзёжнай сталіцы краіны — 2022.

Старшыня Гродзенскага Савета дэпутатаў перадаў сімвалічны ключ міністру адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэю Іванцу, які ўручыў яго і памятны знак старшыні Віцебскага гарвыканкама Мікалаю Арлову, а той у сваю чаргу аддаў ключ прадстаўнікам моладзі Віцебшчыны — пераможцы рэспубліканскага конкурсу грацыі і таленту “Каралева студэнцтва — 2021” Валерыі Фомчанка (ВДТУ) і прызёру рэспубліканскага конкурсу “Студэнт года — 2020” Уладзіславу Мірончыку (ВДУ імя П.М.Машэрава). За рэалізацыю рэспубліканскага праекта “Гродна — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2021” падзяка Міністэрства адукацыі аб’яўлена Гродзенскаму гарвыканкаму. За актыўны ўдзел ва Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства” дыпломам Міністэрства адукацыі адзначаны Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. Яркімі эпізодамі ўрачыстасці сталі фінал рэспубліканскага фестывалю творчасці замежных студэнтаў F. — ART.by і ўручэнне гран-пры пяці буйных рэспубліканскіх праектаў, фестываляў і конкурсаў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, прадстаўнікам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі. Прама на сцэне нестандартна і творча быў аб’яўлены старт рэспубліканскага праекта “ПРАФ-БУМ — 2022” і рэспубліканскага фестывалю “Арт-вакацыі”. 

Напярэдадні Дня Канстытуцыі героямі свята сталі таксама 10 віцебскіх навучэнцаў: міністр адукацыі Андрэй Іванец і другі сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Прохараў уручылі ім пашпарты грамадзян Рэспублікі Беларусь. Дзівосная феерыя талентаў і выдатных канцэртных нумароў, заключ­ным акордам якой прагучала “Разам мы і Беларусь”, дапоўніла свята незабыўнымі ўражаннямі.  

У рамках свята ў ВДУ імя П.М.Машэрава адбыўся круглы стол “Навука і адукацыя” з удзелам Андрэя Іванца. Тут сустрэліся прадстаўнікі савета маладых вучоных устаноў вышэйшай адукацыі пры Міністэрстве адукацыі, грамадскіх арганізацый, кіраўнікі і прарэктары па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце ўстаноў вышэйшай адукацыі. У цэнтры адкрытага дыялогу былі пытанні кадравай палітыкі ў навуковай сферы, удасканальвання матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, дзейнасці ўніверсітэцкіх навуковых школ і саветаў маладых вучоных, далучэння іх да грамадскай, культурнай, прафарыентацыйнай дзейнасці патрыятычнага выхавання моладзі, папулярызацыі навукі, развіцця тэхнапаркаў і галіновых лабараторый, узаемасувязі фундаментальнай, прыкладной навукі і вытворчасці, арганізацыі міжуніверсітэцкага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва ў рамках навукова-тэхнічных праграм Саюзнай дзяржавы, стварэння спрыяльнага асяроддзя для іх асобаснага і прафесійнага росту, арганізацыі навучання ў магістратуры і аспірантуры, правядзення ўніверсітэцкіх алімпіяд і стварэння кластара па рабоце з адоранай моладдзю.

— Асноўная задача нашых кіраўнікоў — падрыхтоўка кадраў, прыцягненне моладзі, — выказаў меркаванне міністр адукацыі. — Маладыя людзі з задавальненнем будуць прыходзіць ва УВА, калі пераканаюцца, што тут ім забяспечаць добрыя першыя працоўныя месцы, ёсць магутныя навуковыя школы сусветнага ўзроўню і сучаснае абсталяванне. Гэта самая дзейсная прафарыентацыя і адначасова сувязь навукі з рэальным сектарам эканомікі.