Горад майстроў па-бразільску

Амаль паўтары тысячы ўдзельнікаў спаборніцтваў WorldSkills выступаюць у 50 кампетэнцыях. Каб размясціць такую колькасць канкурсантаў і прадаставіць ім магчымасці для выканання заданняў, быў выкарыстаны самы вялікі ў Сан-Паўлу выставачны комплекс, плошча якога складае амаль 500 тысяч квадратных метраў. Амаль палова яе была аддадзена для правядзення спаборніцтваў WorldSkills.

Такі маштаб цяжка нават уявіць, а тым больш убачыць увачавідкі. Тэрыторыя вытворчых пляцовак, дзе працуюць канкурсанты, настолькі вялікая, што з першага погляду здаецца, што ў яе няма межаў. У адным грандыёзным горадзе майстроў (можна правесці аналогію з нашымі беларускімі спаборніцтвамі, але толькі па змесце, а не па маштабе) сабраліся кухары і кандытары, мехатронікі і слесары, цырульнікі і швачкі, токары і фрэзероўшчыкі, ювеліры і сталяры… Усіх прафесій і не пералічыць. 1
Найбольш магутна па колькасці ўдзельнікаў прадстаўлены каманды Кітая, Паўднёвай Карэі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі і шэрага іншых краін. Нашу каманду прадстаўляюць 17 чалавек, якія выступаюць у 15 кампетэнцыях. Хоць гэта і невялікая лічба, але ж наш сцяжок на рабочым месцы канкурсанта можна ўбачыць то тут, то там. 2
Кожнаму ўдзельніку неабходна выканаць па два — тры заданні за некалькі дзён спаборніцтва. Вось, напрыклад, Алеся Назарава працуе над трэцяй прычоскай, завіхаецца каля сваёй мадэлі і ладзіць на ёй кожны валасок. Сталяр Сяргей Пасечнік павінен вырабіць, сабраць і зрабіць мантаж трохмернай драўлянай канструкцыі, а на папярэднім заданні ён ствараў плоскую драўляную мадэль. Швачка Вольга Закрэўская ў намінацыі “Дызайн адзення” спачатку шыла пінжак на базавых лякалах, якія былі зроблены яшчэ пры падрыхтоўцы да конкурсу, і да іх дадавала свае элементы. У папярэднім заданні трэба было пашыць святочную сукенку. У намінацыі “Кулінарнае мастацтва” над сваім творам працуе Мікіта Цвяткоў, а кандытар Марыя Кушвід — над элементамі ўпрыгожвання свайго вырабу. Па ўмовах конкурсу, усе канкурсанты і эксперты знаходзяцца, на жаль, у зоне недасягальнасці, з імі нельга ладзіць стасункі, можна толькі маўкліва назіраць за іх работай праз шкляны бар’ер. 4
Магчыма, гэтыя фотаздымкі дазволяць перадаць незабыўныя імгненні спаборніцтваў, творчы запал нашых канкурсантаў. Будзем спадзявацца, што першы ўдзел нашых навучэнцаў у такім грандыёзным конкурсе стане шчаслівым момантам у іх жыцці.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.
Сан-Паўлу, Бразілія.