“Я зраблю свой горад горадам мары” — пад такім дэвізам прайшлі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адкрытыя гарадскія дэбаты “Выбірай.by”, якія адбыліся ў рамках рэспубліканскай акцыі, арганізаванай Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі.
Школьнікі, навучэнцы сярэдніх спецыяльных устаноў, студэнты, маладыя спецыялісты прамысловых прадпрыемстваў і ўстаноў Гродна, аб’яднаныя ў дзве каманды — “Ізумрудны горад” і “Новы горад”, не проста расказвалі аб горадзе сваёй мары, але і прапаноўвалі, як гэта зрабіць. Дэбаты праходзілі ў некалькі тураў. У першым туры каманды прадставілі па дзесяць канкрэтных мерапрыемстваў, якія дазволяць зрабіць Гродна больш утульным, зручным для жыцця. І прапаноўвалі гэтыя тычыліся не толькі развіцця турызму і адпачынку. Так, прагучала ідэя аб правядзенні “зялёнага” дня, калі гараджане змогуць удзельнічаць у высаджванні дрэў, кветак, экскурсіях на прамысловыя прадпрыемствы як элеменце прафарыентацыйнай работы са школьнікамі, медыцынскім страхаванні, экалагічных мерапрыемствах, стварэнні “смачнага брэнда” горада. Нават была агучана далёкая перспектыва — аб метро ў Гродне.Пытанні камандам задавалі не толькі калегі па дэбатах, але і запрошаныя эксперты, у ролі якіх выступілі старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Бераснева і Васіль Міхно, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэй Кароль. Задавалі свае пытанні з залы і шматлікія ўдзельнікі адкрытых дэбатаў.
Рэктар ГрДУ Андрэй Кароль адзначыў, што менавіта моладзь вызначаецца крэатыўнасцю мыслення і магчымасцю генерыраваць новыя ідэі, а Мечыслаў Гой адразу падтрымаў адну з гэтых ідэй, выказаную навучэнцамі Гродзенскай гарадской гімназіі, аб правядзенні “зялёнага” дня, нават ідэю аб гарадскім метро не палічыў утапічнай — развіццё навукі і тэхнікі адкрывае перад чалавецтвам новыя гарызонты.Фармат дэбатаў прадугледжваў вызначэнне пераможцы. Ім стала каманда “Ізумрудны горад” на чале з капітанам Віктарам Сырэлем, які працуе таваразнаўцам на Гродзенскім мясакамбінаце і ўзначальвае пярвічную арганізацыю БРСМ. Старшыня гаркама БРСМ Эліна Брага ўручыла дыпломы і адзначыла, што ў адкрытых дэбатах прынялі ўдзел тыя, хто будзё ствараць горад сваёй мары. І ён будзе такім, якім ужо сёння яго пачнуць будаваць маладыя. Каманды — удзельнікі дэбатаў атрымалі і падарунак: для іх будзе арганізавана экскурсія па любімым горадзе мары — Гродне.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Кацярыны МАРОЗ.