Горад Мёртвы і горад жывы

Сёлета на розных кантынентах і ў першую чаргу ў Еўропе пройдуць памятныя мерапрыемствы да 100-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны. Эстафету ад Германіі, Францыі, Аўстрыі, Сербіі, Польшчы, іншых краін, дзе вяліся актыўныя баявыя дзеянні, прыме і Беларусь. Першым раёнам, якому будзе перададзена своеасаблівая эстафетная палачка, стане Смаргонскі, які найбольш пацярпеў ад той амаль забытай намі вайны.

Што ні вёска, то акоп

Знакаміты выраз “Што ні край, то звычай” у дачыненні да Смаргоншчыны можна перайначыць такім чынам: “Што ні вёска, то акоп, што ні мясціна, то дзот і магіла”. Прычым нямецкіх і рускіх акопаў, дзотаў і салдацкіх магіл у гэтым краі засталося прыкладна пароўну. Справа ў тым, што тагачасная лінія фронту раздзяліла тэрыторыю Смаргонскага раёна на дзве часткі. Заходнюю частку занялі нямецкія войскі, а на ўсходняй размясціліся палкі расійскай імператарскай арміі. І паміж імі на самай лініі агню на працягу 810 дзён знаходзілася старадаўняя Смаргонь. За больш чым два гады бесперапынных баёў горад ператварыўся ў суцэльныя руіны. Адзіны будынак, які захаваўся з таго часу, — гэта каталіцкі храм (ды і тое пасля грунтоўнай рэстаўрацыі). Смаргонь быў адзіным на Усходнім фронце горадам, які на працягу ўсёй вайны гераічна абараняла руская армія. Менавіта тады і нарадзілася знакамітая прыказка: “Кто под Сморгонью не бывал, тот войны не видал”.
“Мёртвы горад” — менавіта так назваў Смаргонь у 1916 годзе ў сваім рэпартажы карэспандэнт часопіса “Ніва”. Гэтае параўнанне ўзнікла ў майго калегі невыпадкова. У адзін з камандзіровачных дзён перад ім паўстала не проста змрочная, а па-сапраўднаму апакаліптычная карціна. Асаблівую змрочнасць ёй надавалі зграі здзічэлых сабак, якія бегалі паміж руінамі і папялішчамі і кідаліся на ўсё жывое, нават на ўзброеных салдат. Можна толькі ўявіць, што адчуваў карэспандэнт “Нівы”, якому падчас камандзіроўкі давялося амаль суткі прасядзець на руінах званіцы, ратуючыся ад галодных жывёл. З таго часу многае змянілася. Мёртвы горад, дзякуючы працы людзей, адрадзіўся, стаў жывым, на месцы папялішчаў завіравала новае жыццё, поўнае мар і спадзяванняў смаргонцаў на шчаслівую долю.

Незабытыя героі

Хоць раны ад той вайны і зажылі, аднак шрамы ў выглядзе зарослых імхом акопаў і дзотаў засталіся. Яны не толькі напамінаюць нам пра трагізм вайны, але і сведчаць пра мужнасць салдат і афіцэраў, якія сумленна выконвалі воінскі абавязак і пра подзвіг якіх, на жаль, доўгі час было прынята маўчаць, а калі і гаварыць, то не вельмі гучна, амаль што шэптам. А вайна тады сапраўды была жудаснай і ў той жа час не менш гераічнай, чым Другая сусветная. Каб пераканацца ў гэтым, варта зрабіць як мінімум дзве рэчы: прачытаць знакамітае рэмаркаўскае “На Заходнім фронце без перамен”, а таксама азнаёміцца з мужнай абаронай Смаргоні, наведаць мясціны, дзе на берагах Віліі адбываліся трагічныя падзеі.

З дубінай у процівагазе

Як сведчаць успаміны ўдзельнікаў тых падзей, а таксама гістарычныя крыніцы, пасля першага бою яшчэ нядаўна ўтульны горад, упрыгожаны будынкамі розных архітэктурных стыляў, свяціўся ўначы зарывам пажараў. Усюды чуліся стогны параненых. Раніцай над нямецкімі акопамі падняўся белы сцяг. Просьба аб перамір’і была пачута, і на 4-кіламетровым участку фронту пачаўся збор параненых і забітых. Да канца 1915 года праціўнікі пачалі закопвацца ў зямлю, пачалася пазіцыйная вайна. Немцы залівалі бетонам агнявыя кропкі і бліндажы, якія захаваліся і да сённяшняга часу на заходняй ускраіне горада. Лабірынты акопаў і траншэй з кожным днём павялічваліся па абодва бакі фронту. Ружэйная і артылерыйская стральба вялася кругласутачна. У небе гаспадарылі аэрастаты і самалёты.
Адметнасцю баёў за Смаргонь сталі газавыя атакі. Упершыню іх прымянілі немцы 12 кастрычніка 1915 года супраць 3-й Гвардзейскай пяхотнай дывізіі. З красавіка 1916 года такія атакі сталі звычайнай з’явай. Напрыклад, 2 ліпеня 1916 года нямецкая газавая атака доўжылася паўтары гадзіны. За гэты час газ прабраўся больш чым на 20 кіламетраў у бок Маладзечна. Рускія войскі панеслі вялікія страты. Нямецкія салдаты пайшлі ў атаку ў процівагазах. У адной руцэ ў іх была вінтоўка, а ў другой — дубіна, абабітая цвікамі для дабівання атручаных. Ні псіхалагічнага, ні фізічнага поспеху немцы не дасягнулі. Салдаты расійскай арміі моцна трымалі абарону горада.
Пад Смаргонню вялася не толькі газавая, але і “падземная вайна”. На працягу чэрвеня 1916 года сапёры 52-га сапёрнага батальёна 26-га армейскага корпуса выкапалі ў тыл нямецкіх войскаў тунэль на паўночнай ускраіне Смаргоні. У дзень штурму пад зямлю быў закладзены дынаміт. Пасля ўзрыву вышыня, на якой знаходзілася нямецкая батарэя, была захоплена. Як бачна, мужнасць і гераізм у баях за Смаргонь былі звычайнай з’явай.

Брэнд Смаргоншчыны

Тэма подзвігу салдат, пакручастага лёсу мірных жыхароў чырвонай ніткай праходзіць праз многія выхаваўчыя мерапрыемствы, якія праводзяцца ва ўстановах адукацыі раёна. Асаблівую актуальнасць тэма Першай сусветнай вайны набыла сёлета, у юбілейны год яе пачатку. Як паведаміла загадчык аддзела турыстычна-краязнаўчай работы Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ганна Чаславаўна Ляшчэвіч, старт мерапрыемствам, прымеркаваным да 100-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны, быў дадзены яшчэ ў 2012 годзе. Сярод ужо праведзеных самай маштабнай была раённая вочна-завочная інтэрнэт-алімпіяда “На хвалях лёсу, часу і падзей”. Вялікая колькасць мерапрыемстваў, безумоўна, запланавана на гэты год. Так, у сакавіку пройдзе раённая алімпіяда “Погляд праз стагоддзі”, а ў рамках рэалізацыі праекта “Брэнды маёй Смаргоншчыны” адбудзецца інтэлектуальны турнір “Памятаем, ведаем, ганарымся”. На цяперашні момант установы адукацыі распрацоўваюць такую форму завочнага падарожжа па мясцінах, звязаных з падзеямі Першай сусветнай вайны, як віртуальная экскурсія “Горкая памяць зямлі”. Запланавана правядзенне інфармацыйных гадзін, конкурсаў, віктарын (“Забытая вайна… Забытыя героі…”, “Смаргонь — горад-герой Першай сусветнай вайны”, “810 дзён трагедыі і славы”). Прычым у кожнай установе адукацыі прадугледжаны і асаблівыя мерапрыемствы. Напрыклад, настаўнікі і вучні гімназіі Смаргоні 11 лістапада ў 11 гадзін традыцыйна далучаюцца да Сусветнай акцыі па ўшанаванні хвілінай маўчання памяці ахвяр Першай сусветнай вайны, а ў школе вёскі Солы можна азнаёміцца з падрабязнасцямі заключэння знакамітага Сольскага перамір’я.
— У жніўні плануецца правядзенне творчага конкурсу “У фотааб’ектыве сучасніка — Першая сусветная вайна”, на верасень запланаваны ўрокі-рэквіемы “Рэха далёкай вайны”. Зусім хутка каманда раёна прыме ўдзел у абласных краязнаўчых чытаннях “Першая сусветная вайна ў гісторыі маёй малой радзімы”. Цэнтрам тэматычных мерапрыемстваў абавязкова становяцца школьныя музеі, у многіх з іх ёсць матэрыялы, звязаныя з Першай сусветнай вайной, — паведаміла Ганна Чаславаўна.

Адкуль скарб?

Першым па колькасці прадметаў часоў Першай сусветнай вайны з’яўляецца народны гісторыка-краязнаўчы музей гімназіі Смаргоні. Паколькі цяпер яго экспазіцыя знаходзіцца на рэканструкцыі, асаблівую папулярнасць набылі такія формы работы, як музей у чамадане і гісторыя аднаго экспаната. Амаль кожны тыдзень настаўнікі гісторыі складваюць у стары драўляны чамадан нумар часопіса “Ніва” з ужо вядомым нам рэпартажам з “мёртвага горада”, нямецкую каску і карту 1917 года, фотаздымак разбуранага падчас баёў будынка былога касцёла Святога Аляксея, кавалак калючага дроту, салдацкі кацялок, рускі чатырохгранны штык, а таксама шыльдачку з месца пахавання салдата рускай арміі і адпраўляюцца ў класы праводзіць міні-экскурсію па міні-экспазіцыі. Дарэчы, вопыт такой работы гімназісты прадстаўлялі на Рэспубліканскім конкурсе юных экскурсаводаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” і па яго выніках атрымалі дыплом. З асаблівасцямі правядзення такой формы работы, як музей у чамадане, педагогі гімназіі знаёмілі сваіх калег і на XV Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі “Я — грамадзянін Беларусі”.
Адкуль у гімназіі такі незвычайны скарб? Як паведаміла кіраўнік музея Ларыса Мікалаеўна Рогач, калючы дрот (частка ўмацаванняў на лініі фронту) быў знойдзены навучэнцамі падчас акцыі па расчыстцы ляснога масіву ў ваколіцах вёскі Бярозаўка. Нямецкую ваенную тапаграфічную карту падарыў музею настаўнік матэматыкі вядомы даследчык падзей Першай сусветнай вайны Уладзімір Уладзіміравіч Прыхач. Знайшоў гэтую карту настаўнік у 2011 годзе каля вёскі Крэва. Штык да пяхотнай чатырохлінейнай вінтоўкі ўзору 1870 года сведчыць пра жорсткія рукапашныя баі, якія адбыліся каля былога смаргонскага млына 25 верасня 1915 года. У выніку гэтых баёў загінула больш за 5 тысяч нямецкіх і 3 тысячы рускіх салдат 8-й роты лейб-гвардыі Паўлаўскага грэнадзёрскага палка. Нямецкая каска М-16 з дзвюма дэкалямі з’яўляецца лепшым на той час узорам абарончай экіпіроўкі байца. Знайшлі яе на святлянскім лузе на месцы рукапашных баёў. Фота 1917 года былога касцёла Святога Аляксея зроблена фінскім салдатам Яўгенам Плінатусам. Цікавая гісторыя фотаздымка: яго ў 2012 годзе падарыў былому сацыяльнаму педагогу гімназіі Уладзіміру Ільічу Калініну фінскі сябар Марціі, які, як высветлілася, далёкі сваяк салдата-фатографа. А вось шыльда з месца пахавання воіна 112-га пяхотнага Уральскага палка Фёдара Нікіфарава была прынесена ў музей былым дырэктарам Лешчаняцкай базавай школы Уладзімірам Іванавічам Чайкоўскім.
Памятаеце, як у школьныя гады, калі пасля званка на ўрок настаўнік заходзіў у клас з дапаможным матэрыялам (картасхемамі, плакатамі, фотаздымкамі), у нас узнімаўся настрой. Мы ведалі, што заняткі будуць абавязкова жывымі і цікавымі. Прыкладна з такой жа і нават яшчэ большай радасцю сустракаюць смаргонскія навучэнцы сваіх настаўнікаў гісторыі, якія заходзяць на ўрок не толькі з класным журналам і падручнікам, але і драўляным чамаданам. У гэты момант усе размовы за партамі спыняюцца і аб’ектам увагі на працягу 45 хвілін становяцца прадметы з далёкага 1914 года. Па словах Ларысы Мікалаеўны Рогач, гэтыя экспанаты нечым падобныя на чароўную палачку, па ўзмаху якой у дзяцей нараджаецца цікавасць да Першай сусветнай вайны.

Каб зерне ўзышло

Асаблівай чароўнасцю валодае салдацкая каска. Патрымаць яе імкнецца кожны вучань, і калі гэтая шчаслівая хвіліна настае, можна лічыць, што ў вучнёўскім сэрцы пасаджана зерне цікавасці да ваеннага мінулага. А вось ці прарасце гэтае зерне, наколькі багатым атрымаецца яго ўраджай любові да мінулага роднай зямлі, залежыць ад настаўнікаў. Як прафесійныя аграномы, педагогі гімназіі ведаюць, што для ўдалага ўраджаю сеяць добрае, вечнае трэба як мага раней, яшчэ з пачатковых класаў. Знаёмства малодшых школьнікаў з падзеямі Першай сусветнай вайны адбываецца падчас музейных экскурсій і аднадзённых падарожжаў. Найбольш плённа такую работу вядзе настаўніца пачатковых класаў Людміла Яўгенаўна Квяткевіч. Нягледзячы на тое, што яе выхаванцы толькі ў 4 класе, яны абышлі раён удоўж і ўпоперак, сабралі настолькі грунтоўны матэрыял пра гісторыю кожнага помніка, што стала зразумела: зерне, пра якое мы гаварылі з Ларысай Мікалаеўнай, было пасаджана ва ўрадлівую глебу і ў старшых класах абавязкова дасць добры ўраджай у выглядзе грунтоўных навукова-даследчых работ.
— Вывучэнне краязнаўцамі гімназіі падзей Першай сусветнай вайны пачыналася з работы над пісьмовымі крыніцамі, творамі мастацкай літаратуры, успамінамі ўдзельнікаў, знаёмствам з ваенна-тапаграфічнымі картамі, фотаздымкамі тых часоў. На ўрокі і пазаўрочныя мерапрыемствы, пасяджэнні навуковага таварыства нашых гімназістаў запрашаліся супрацоўнікі раённага музея, краязнаўцы, якія працуюць у гэтым кірунку, прафесійныя гісторыкі. У выніку навучэнцы пачалі ствараць навукова-даследчыя работы, з якімі кожны год выступаюць на раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях. Напрыклад, на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Смаргоншчына: трагедыя, гераізм, памяць”, якая праходзіла ў нашым горадзе 18-19 мая 2007 года, сярод даследаванняў навукоўцаў дзве работы прадставілі настаўнікі, а тры — навучэнцы нашай гімназіі, — расказвае Уладзімір Уладзіміравіч Прыхач.
Тэма Першай сусветнай вайны для сістэмы адукацыі Смаргоншчыны — гэта не разавыя акцыі, а асноўны традыцыйны кірунак выхаваўчай работы. І гэта нядзіўна, бо надта ж вялікую ролю адыграла гэтая вайна ў лёсе смаргонцаў. Амаль у кожнай сям’і захоўваюцца старыя чорна-белыя фота-здымкі, на якіх адлюстраваны дзяды і прадзеды сённяшніх педагогаў і навучэнцаў у ваеннай форме на фоне зруйнаванага горада, акопаў і артылерыйскай зброі. Многія даследчыя работы навучэнцаў па Першай сусветнай вайне так ці інакш звязаны з іх радаводам. Узяць для прыкладу “Беларусь у гады Першай сусветнай вайны” Ігара Камінскага, “Авіяцыя ў гады Першай сусветнай вайны” Аляксандры Шцямплеўскай або “Старонкі гісторыі Першай сусветнай вайны на Смаргоншчыне” Арцёма Шчаснага і Марыі Шкляр са смаргонскай гімназіі.
Як ужо адзначалася, даследаванне тэмы Першай сусветнай вайны вядзецца ў гімназіі па розных кірунках. Акрамя навучэнскіх работ, ідзе работа над стварэннем каталога салдацкіх пахаванняў часоў Першай сусветнай вайны. Настаўнікі і вучні аб’ехалі ўвесь раён, сфатаграфавалі, даследавалі, занеслі ў спецыяльную ўліковую картку 69 месцаў пахавання салдат нямецкай і расійскай арміі.
Па словах настаўніцы гісторыі Ядвігі Баляславаўны Красоўскай, цеснае супрацоўніцтва ў справе вывучэння падзей Першай сусветнай вайны калектыў гімназіі наладзіў з установамі не толькі Смаргонскага, але і суседніх — Вілейскага і Мядзельскага — раёнаў. Так, члены пярвічак БРСМ і БРПА, гісторыка-краязнаўчага клуба “Нашчадкі” разам з гаспадарамі аграэкасядзібы “Віта”, якая знаходзіцца ў вёсцы Вайнідзяняты, у 2011 і 2012 годзе праводзілі акцыі па расчыстцы ляснога масіву ў ваколіцах вёсак Вайнідзяняты, Бярозаўка, Лазоўка. Традыцыйна на свята Перамогі гімназісты адпраўляюцца ў падарожжа да музея пад адкрытым небам, што ў вёсцы Заброддзе Вілейскага раёна, які прысвечаны падзеям Першай і Другой сусветных войнаў. Разам з супрацоўнікамі Нацыянальнага парку “Нарачанскі” распрацаваны экскурсійны маршрут па мясцінах Першай сусветнай вайны. У выніку падарожжаў і паходаў актыўна папаўняецца экспазіцыя гімназічнага музея.

Таямнічыя літары

Сярод разнастайнай палітры даследаванняў тэмы Першай сусветнай вайны настаўнік матэматыкі адводзіць асаблівае месца вывучэнню эпіграфікі.
— На смаргонскай зямлі засталося шмат напамінаў пра тую вайну. Траншэі і акопы, бетонныя бліндажы і ўмацаванні, разнастайныя вайсковыя рарытэты і амуніцыя, шматлікія ўзгоркі брацкіх пахаванняў і могілкі салдат з помнікамі на іх нагадваюць аб крывавых і жорсткіх падзеях, якія амаль 100 гадоў назад прайшлі па Смаргоншчыне і прынеслі незлічоную колькасць смярцей і бед. Сярод маўклівых сведкаў той вайны і аб’екты з цікавымі надпісамі, якія чароўным чынам звязваюць нас з тым далёкім часам, — падзяліўся Уладзімір Уладзіміравіч.
З усіх устаноў адукацыі раёна менавіта гімназія першай праводзіла маштабны ўлік помнікаў эпіграфікі на тэрыторыі Смаргоншчыны. Падчас такой работы былі не толькі пералічаны надпісы, нанесеныя на мемарыяльныя шыльды на брацкіх магілах, але і прааналізаваны сэнс напісанага.
— Першым па часе ўзнікнення на Смаргоншчыне з’яўляецца надпіс на помніку-абеліску, які знаходзіцца на станцыі Залессе, побач з чыгункай. Пастаўлены гэты помнік у гады вайны на месцы пахавання салдат рускай арміі, якія памерлі ў залескім вайсковым шпіталі ад газавай атакі. У пачатку 2004 года першапачатковая металічная шыльда была знішчана вандаламі. Толькі дзякуючы фотаздымкам і намаганням калектыву рэдакцыі раённай газеты “Светлы шлях”, які прапанаваў кіраўніцтву Беларускай чыгункі аднавіць шыльду, гэтая справа была зроблена вясной 2005 года. Яшчэ адзін цікавы надпіс на бетоннай пліце, якая захоўваецца ў гарадскім парку, сведчыць: “1917 год. Въ Ревалюцспасенія сол. граж.”. Мы з вучнямі даведаліся, што гэтая пліта была прывезена да 70-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі з ваколіц вёскі Каты ў раённы гісторыка-краязнаўчы музей, які на той час знаходзіўся ў будынку былога Кальвінскага збору (сучаснага касцёла). На ранейшым месцы засталіся яшчэ дзве часткі пліты. На адной з іх было напісана: “10 п. т. арт. бр.”. Каб раскрыць таямніцу гэтых літар, мы накіравалі запыт у Расійскі дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў, адкуль нам паведамілі, што надпіс можа азначаць 10-ю палявую цяжкую артылерыйскую брыгаду, якой камандаваў у 1917 годзе палкоўнік Вячаслаў Данілавіч Косцін, — падзяліўся настаўнік-краязнаўца.
І такіх эпіграфічных адкрыццяў ва Уладзіміра Уладзіміравіча і яго вучняў некалькі дзясяткаў. Усе яны аформлены ў выглядзе асобнай навукова-даследчай работы, якая ўвайшла ў вучэбна-метадычны дапаможнік “Хто забывае мінулае, таму наканавана перажыць гэта яшчэ раз”, выдадзены настаўнікам у 2012 годзе. Акрамя эпіграфікі, тут прадстаўлена грунтоўнае даследаванне “Лёсы хрысціянскіх храмаў Смаргоншчыны ў час Першай сусветнай вайны”, дзе расказваецца пра трагічны лёс смаргонскай Спаса-Праабражэнскай царквы, касцёла Святога Аляксея і больш шчаслівы лёс будынка былога Кальвінскага збору — сучаснага касцёла. Акрамя таго, у дапаможніку падрабязна расказваецца пра лёс іншых святынь, якія ў час вайны апынуліся на нямецкім і рускім баку фронту. Сабраны падчас пошукава-даследчай работы матэрыял актыўна выкарыстоўваецца на ўроках, выхаваўчых мерапрыемствах, канферэнцыях, падчас экскурсій і турыстычных паходаў. Узнагародай за плённую пошукава-даследчую дзейнасць з’яўляюцца шматлікія дыпломы, атрыманыя педагогамі-краязнаўцамі і іх выхаванцамі на конкурсах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.
— На жаль, на сённяшні час не на ўсе нашы запыты ў архівы атрыманы адказы, застаюцца невядомымі імёны многіх удзельнікаў тых баёў. Таму трэба пашыраць каталог месцаў пахавання рускіх і нямецкіх салдат, прывесці ў адпаведны выгляд помнікі часоў Першай сусветнай вайны, каб яны сталі прываблівымі турыстычнымі аб’ектамі. Адным словам, падзеі той далёкай вайны патрабуюць далейшага вывучэння. Будзе працягвацца і наша работа з архівамі па ўстанаўленні імён загінуўшых і ўшанаванні іх памяці. Плануем пашырыць кола даследчых тэм, грунтоўна ўзяцца за тэму бежанства і папоўніць экспазіцыю народнага гісторыка-краязнаўчага музея гімназіі новымі матэрыяламі. А ў гэтым годзе, думаю, правядзём на базе гімназіі маштабную навукова-практычную канферэнцыю, — падзяліўся Уладзімір Уладзіміравіч.

Варта прыехаць

Горад-герой, горад воінскай славы і доблесці, як часта называюць Смаргонь, у гэтыя дні рыхтуецца маштабна адзначыць дзве даты: 70-годдзе вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 100-годдзе пачатку Першай сусветнай вайны. З гэтай нагоды запланавана шмат мерапрыемстваў. Ва ўстановах адукацыі будуць праводзіцца тэматычныя класныя гадзіны, а ў самім горадзе пройдзе ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплексу ў гонар герояў Першай сусветнай. Да юбілейнай даты плануецца адкрыць у гімназіі пасля рэканструкцыі і народны гісторыка-краязнаўчы музей. Упэўнены, той, хто вырашыць у жніўні або верасні наведаць Смаргонь і прагуляцца па яго ўтульных вулачках, не прагадае. Абавязкова загляніце ва ўстановы адукацыі. Вас чакае шмат цікавых адкрыццяў, знаёмства з лёсам знакамітых пісьменнікаў і палкаводцаў, якія ваявалі каля Смаргоні. А яшчэ вам абавязкова пакажуць нумар часопіса “Ніва” з рэпартажам з “мёртвага горада”, які так не падобны да сучаснай, жывой Смаргоні.

 

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва гімназіі Смаргоні.