Жыхары Крычаўскага раёна не любяць выхваляцца багаццем і адметнасцямі малой радзімы. Знакамітая прыказка пра кулікоў і балота — гэта не пра іх. У мясцовых настаўнікаў і вучняў іншае правіла: спакойна, але ў той жа час актыўна працаваць на карысць роднага краю. І такая праца прыносіць плённыя вынікі: кожны год яны займаюць прызавыя месцы на прадметных алімпіядах, становяцца пераможцамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, якая, як вядома, стартавала на крычаўскай зямлі ў чэрвені 2006 года. Крычаўляне не любяць крыку і лішніх слоў, яны любяць канкрэтныя справы.
Сонца на валуне
Наконт канкрэтных спраў… Возьмем для прыкладу былыя шляхецкія палацы, якія захаваліся ў многіх раёнах нашай краіны і якія пасля належнай рэканструкцыі могуць стаць рэгіянальнымі цэнтрамі турыстычнага паломніцтва. Пра гэта часта гаворыцца на семінарах, канферэнцыях, круглых сталах, гэтая тэма рэгулярна ўзнімаецца і ў айчынных сродках масавай інфармацыі (у тым ліку і ў нашым выданні). Аднак словы часцей за ўсё застаюцца толькі словамі. Адно з нямногіх выключэнняў — лёс крычаўскага палаца. У 2008 годзе ён быў рэканструяваны і з таго часу стаў галоўным сімвалам горада над Сожам. Яго выява часта змяшчаецца ў вучнёўскіх даследчых работах, упрыгожвае краязнаўчыя буклеты. Праз велічны палац абавязкова праходзяць і экскурсійныя маршруты, распрацаваныя педагогамі Крычаўскага раённага цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі.
І ўсё ж, каб перспектыўны ў турыстычным плане аб’ект пачаў карыстацца папулярнасцю, адной толькі рэканструкцыі не дастаткова. Важна правільна яго прарэкламаваць. Самы папулярны і надзейны шлях — гэта стварэнне адпаведных сайтаў, груп у сацыяльных сетках, выданне буклетаў, кніг, распрацоўка экскурсій. Не зашкодзіць і нешта больш адметнае, арыгінальнае, мясцовае. Напрыклад, незвычайная валунна-драўляная кампазіцыя, кшталту той, якая ўстаноўлена пры ўездзе ў Крычаў з боку Чэрыкава. На чатырох валунах — выявы галоўных архітэктурных адметнасцей горада (палац, Свята-Мікалаеўская царква, былая крычаўская суднаверф) і старадаўні герб. Над камянямі ўзвышаецца карта з гучнай назвай “Запрашаем на Крычаўскую зямлю!”, дзе пазначана месцазнаходжанне аграсядзіб, цэркваў, архітэктурных помнікаў, зон адпачынку, помнікаў і памятных мясцін, звязаных з гістарычнымі падзеямі, імёнамі знакамітых людзей. Побач драўляная скульптура задуменнага летапісца, які трымае ў руцэ пяро, і каля яго на разгорнутым летапісе пазначана дата першага згадвання Крычава ў гістарычных дакументах — 1136.
Насамрэч гэтых валуноў павінна быць не чатыры, а значна больш. Асобны камень для выявы будынка былой царкоўна-прыходскай школы, асобны — для дамоў з гарадской забудовы канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, яшчэ адзін для плябаніі, а таксама для замкавай гары. І, безумоўна, на асобным валуне варта змясціць выяву сонца.
Сонца ў палацы
Сонца на пероне — прыкладна такія словы прамільгнулі ў думках, калі крочыў па пероне чыгуначнага вакзала ў бок яго цэнтральнага жоўта-белага будынка. Падалося, што гэта само сонца спусцілася на зямлю і з дапамогай промняў-пэндзляў расфарбавала велічны будынак, каб у любую пару года ён адорваў жыхароў Крычава і яго гасцей сонечным настроем.
На гэтым сонечная тэма знаёмства з горадам не скончылася. Сонца на вуліцы — гэта пра некаторыя гарадскія шматпавярхоўкі, сонца на плошчы — гэта пра царкву Святой Параскевы Пятніцы, што ўпрыгожвае цэнтральную плошчу Крычава. Сонца гісторыі — гэта пра крычаўскі палац (як няцяжка здагадацца, таксама жоўтага колеру), у інтэр’ерных залах якога красаваліся свае незвычайныя сонцы — бліскуча-залацістыя люстры, замацаваныя на арыгінальнай ляпніне ў выглядзе зноў жа сонца. Сваім святлом і цеплынёй яны стваралі ў залах палаца асаблівую атмасферу ўтульнасці. Буфетная, сталовая, зімовы сад, рыцарская зала, калідоры, зала, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне… Уся багатая гісторыя Крычаўшчыны тут прадстаўлена ў артэфактах мінулых эпох і асвечана незвычайным святлом.
Сонца гістарычнай праўды
Яшчэ з савецкіх часоў прынята лічыць, што эканамічнае, сацыяльнае, культурнае жыццё Крычава ў мінулыя часы звязана выключна з дзейнасцю князя Рыгора Пацёмкіна, якому Кацярына ІІ падарыла Крычаў і навакольныя землі пасля далучэння іх да складу Расійскай імперыі. Гэта, канечне, праўда, Пацёмкіну варта аддаць належнае за яго актыўную мецэнацкую і гаспадарчую дзейнасць. Аднак гістарычная праўда заключаецца яшчэ і ў тым, што валодаў ён землямі сучаснай Крычаўшчыны толькі каля 14 гадоў. Далейшае ж развіццё краю аж да пачатку ХХ стагоддзя — гэта заслуга Галынскіх.
— Прадстаўнікі гэтага шляхецкага беларускага роду здзяйснялі вялікія справы на ўсіх кантынентах. Але пра гэта амаль ніхто ведае. У мінулыя часы ў палацы захоўвалася велізарная калекцыя артэфактаў. Напрыклад, вядома, што захоўваўся адзін з экзэмпляраў першай Бібліі Гутэнберга, больш за 300 палоцен XVI—XVIII стагоддзяў, вялікі архіў. Палац, як і жыццё Галынскіх, — гэта цэлы свет, пра які амаль ніхто нічога не ведае, — гаворыць настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 1 Крычава Андрэй Аляксеевіч Кузьмін.
Што ж, паспрабуем, як кажуць, праліць святло на цёмныя плямы гэтага жыцця. Па дапамогу звернемся да Андрэя Аляксеевіча. Ён як ніхто іншы ведае ўсе таямніцы крычаўскага мінулага, склаў падрабязную біяграфію амаль кожнага прадстаўніка роду Галынскіх. Па словах настаўніка, прыкладна ў 1790 годзе ваявода Мсціслаўскі Ян Галынскі набывае ў Пацёмкіна Крычаўскае староства разам з недабудаваным палацам. Новы гаспадар не меў такой улады, як Рыгор Пацёмкін, таму не мог паспяхова прасоўваць тавар крычаўскіх мануфактур, у хуткім часе практычна перастала працаваць суднаверф, спыніла дзейнасць і канатная мануфактура. Нягледзячы на гэта, Ян Галынскі дабудаваў палац. Яго сын Вінцэнт, наступны ўладар Крычава, зрабіў не толькі паспяховую кар’еру (быў прадвадзіцелем дваранства Магілёўскай губерні), але сур’ёзна займаўся навукай, стаў аўтарам шэрага перадавых на той час работ па сельскай гаспадарцы і геаграфіі, а з 1825 года да самай смерці ўзначальваў IV аддзяленне Вольнага эканамічнага таварыства.
Цікавай з’яўляецца гісторыя кахання і сямейнага жыцця Вінцэнта. У 1806 годзе ён ажаніўся з 12-гадовай Любоўю Ганчаровай-Мардвінавай, якая з’яўлялася стрыечнай (па бацьку) сястрой Наталлі Ганчаровай — будучай жонкі Аляксандра Пушкіна. Пры ўступленні ў шлюб Любоў перахрысцілася ў каталіцызм і ўзяла імя Эма. Каханню гэтай дзіўнай пары можна было толькі пазайздросціць, аднак у 1822 годзе ва ўзросце 28 гадоў жанчына памерла. Пахавалі яе ў радавым маёнтку ў Калужскай губерні. У Крычаве насупраць увахода ў палац муж паставіў белую мармуровую кампазіцыю ў выглядзе жаночай фігуры са схіленай галавой. На пастаменце надпіс Mere de huit enfants (маці васьмярых дзяцей), а таксама лірычны верш на французскай мове. Вядома толькі пра лёс чацвярых дзяцей.
Сярод іх асаблівую ўвагу выклікае малодшая — Эма (Любоў), якая сваёй прыгажосцю нарабіла шмат шуму пры двары расійскага імператара Мікалая І. Існуе меркаванне, што яны нават былі палюбоўнікамі. Пасля смерці Вінцэнта гаспадарамі Крычава сталі Стэфан і Аляксандр. Абодва былі палымянымі патрыётамі Вялікага Княства Літоўскага. Аляксандр нават удзельнічаў у паўстанні 1830—1831 гадоў, пасля падаўлення якога з’ехаў у Еўропу. Гэта быў актыўны падарожнік, летуценнік, журналіст, літаратар. Акрамя Еўропы, ён амаль цалкам аб’ехаў ЗША. Дарэчы, у музеі горада Сакрамента і цяпер захоўваецца карта Каліфорніі, складзеная Галынскім. Ён наведаў і Кубу, Гаіці, Мексіку, Нікарагуа, Эквадор, Перу. У Чылі ў 1851 годзе сустракаўся з Ігнатам Дамейкам, быў аўтарам першага праекта Панамскага канала.
Што да Стэфана, то яшчэ ў падлеткавым узросце ён пачаў кіраваць Крычавам. Яму, напрыклад, давялося адбудоўваць палац пасля моцнага пажару. Фасад будынка, узведзены першапачаткова ў класічным архітэктурным стылі, набыў рысы неаготыкі. Стэфан з’яўляўся галоўным фундатарам каменнага крычаўскага касцёла, які, на жаль, не захаваўся, аднак выява якога змяшчаецца на адной са шматпавярховак Крычава. Спробам унуку Стэфана і апошняму ўладару Крычава з роду Галынскіх Іосіфу вярнуць радавому гнязду былую веліч перашкодзілі Першая сусветная вайна і рэвалюцыя, пасля якой Іосіф разам з жонкай з’ехаў у Польшчу, дзе памёр ва ўзросце 94 гадоў. Адзіны сын Іосіфа Стэфан пайшоў з жыцця значна раней за бацькоў. Ён загінуў ад рук фашыстаў у 1944 годзе падчас Варшаўскага паўстання.
У шматвекавым суіснаванні гордага Крычава і не менш гордага беларускага шляхецкага роду Галынскіх была пастаўлена кропка.
Музейнае сонца
З некаторымі рэчамі, звязанымі з дзейнасцю Галынскіх, напрыклад, дзіцячымі малюнкамі Іосіфа або вокладкай адной з французскамоўных кніг Аляксандра, можна азнаёміцца ў музеі сярэдняй школы № 1 Крычава. Гэты музей, несумненна, з’яўляецца адным з лепшых у раёне. І справа не толькі ў каштоўнасці прадстаўленых тут экспанатаў, але і ў арыгінальнасці афармлення экспазіцыі. Замена электрычнай праводкі, падлогі, афармленне, напаўненне музейнай залы — гэта заслуга многіх настаўнікаў, аднак у першую чаргу Андрэя Аляксеевіча. Наконт працэсу стварэння музея настаўнік жартуе, маўляў, кожны забіў у сцяну па цвіку — і атрымаўся музей, кожны прынёс па экспанаце — і атрымалася экспазіцыя. Усё ж не любяць крычаўляне выхваляцца… Аднак факт застаецца фактам: амаль 95 працэнтаў музейных прадметаў, прадстаўленых у храналагічнай паслядоўнасці, з асабістай калекцыі педагога.
Сярод іх фрагмент сценабітнага ядра, шрапнель з гакаўніцы, мушкетная куля XVII стагоддзя, багатая калекцыя рыбалоўных грузіл. На аснове прадстаўленых экспанатаў навучэнцы ствараюць даследчыя работы, выступаюць з імі на канферэнцыях, удзельнічаюць у конкурсах. Так, у мінулым годзе Ева Далецкая і Дар’я Лаўрыненка ездзілі ў НДЦ “Зубраня”, дзе знаёмілі равеснікаў з архітэктурай Крычаўшчыны і сталі пераможцамі конкурсу вучнёўскіх даследчых работ.
— Наяўнасць кожнага, нават самага звычайнага, на першы погляд, артэфакта можа адкрыць цікавыя, раней невядомыя старонкі гісторыі Крычава. Як і ў кожнага даследчыка роднага краю, у мяне ёсць свая мара. Хочацца, каб рэшткі ўмацаванняў на замкавай гары былі закансерваваны, — падзяліўся настаўнік гісторыі.
Сонца на вуліцах
Акрамя Андрэя Аляксеевіча, актыўным вывучэннем мінулага Крычава займаюцца яго калегі з іншых устаноў адукацыі горада. Прычым кожны робіць ухіл на пэўнай тэматыцы і формах работы. Напрыклад, настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 3 Крычава Наталля Іванаўна Глушакова стварыла своеасаблівую азбуку юнага крычаўляніна. Яе калега з гімназіі Крычава Наталля Мікалаеўна Дамасканава (дарэчы, аднакласніца, з якой яны разам са школьнай парты пайшлі на педагагічную сцяжыну дарослага жыцця) ужо некалькі гадоў разам з удзельнікамі краязнаўчага клуба працуе над пашырэннем аўтарскай праграмы “Іх імёнамі названы”.
— У нашым горадзе 14 вуліц названы імёнамі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта крычаўляне або тыя, хто змагаўся на крычаўскай зямлі. Сярод іх, напрыклад, старшы сяржант Мікалай Уладзіміравіч Сірацінін, які адзін застаўся прыкрываць адступленне сваіх таварышаў праз Сож і нанёс значныя пашкоджанні калоне варожых танкаў і бронемашын, што рухалася па шашы Масква — Варшава. Падрабязныя звесткі мы сабралі пра жыццё кожнага героя, у выніку атрымаліся тры тамы матэрыялу, намалявалі карту Крычава, дзе пазначылі адпаведныя вуліцы. Па кожнай з іх правялі для дзяцей экскурсіі, адначасова распытваючы жыхароў, ці ведаюць яны што-небудзь з біяграфій герояў. Вынікі апытання, на жаль, былі не самыя суцяшальныя. Мы вырашылі выправіць гэтую недарэчнасць і надрукавалі інфармацыйныя ўлёткі, раскідалі іх па паштовых скрынках крычаўлян. Тэме “Іх імёнамі названы” прысвяцілі і цыкл перадач на мясцовым прыватным тэлеканале. Для вучняў гэта была не толькі даследчая, але і прафарыентацыйная работа. Тры былыя ўдзельнікі краязнаўчага клуба цяпер вучацца ў Інстытуце журналістыкі БДУ. Своеасаблівым дадаткам да праграмы з’яўляюцца ўрокі з цыкла “Я — крычаўлянін”. А яшчэ мы звярнуліся ў райвыканкам з прапановай надання новым вуліцам горада імён яго знакамітых ураджэнцаў, — паведамляе Наталля Мікалаеўна.
Сонца абраду
Прыцягваць турыстаў могуць не толькі палацы, храмы, але і аб’екты нематэрыяльнай спадчыны. У Капыльскім раёне гэта, напрыклад, калядныя цары, у Веткаўскім — пахаванне стралы, у Пінскім — ваджэнне куста, Лепельскім — жаніцьба Цярэшкі, а вось для Крычаўшчыны такім абрадам з’яўляецца перанос свечкі. Захаваннем абраду, яго папулярызацыяй займаюцца настаўнікі і вучні Сакольніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.
Па словах настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Святланы Сяргееўны Белавусавай, з даўніх часоў на царкоўнае свята ў вёсках Крычаўшчыны адбываецца перанос свечкі з адной хаты ў другую. Свечкі называюць духаўскія, казанскія, юр’еўскія, мікольскія. Свечка — гэта сімвал надзеі, спадзяванняў, веры ў лепшае, у дабрабыт. Гэты абрад, магчыма, бярэ свой пачатак яшчэ з паганскіх часоў, калі людзі пакланяліся агню, але пасля хрысціянізацыі краю ён набыў новае гучанне і форму. Напярэдадні свята гаспадары, у якіх свечка захоўвалася на покуці на працягу года, запрашалі родзічаў, суседзяў і з дапамогай воску нарошчвалі (надсуквалі) свечку. Нібыта ляльку, свечку ўпрыгожвалі, “апраналі” на яе “фартух”, “сукенку”, адным словам, абгортвалі ў вышываны ручнік. На наступны дзень свечку неслі ў царкву, пасля чаго прыносілі дадому.
— Людзі хоць і ведалі, да каго будзе пераносіцца свечка, але новым гаспадарам абавязкова задавалася пытанне: “Першым разам, добрым часам, хто збіраецца свечку духаўскую (казанскую і г.д.) на наступны год браць?” Гаспадыня адказвае: “Калі Бог не супраць і братчыкі дапамогуць, то я буду браць”. А братчыкі — гэта ўдзельнікі абраду. З іконай пераносяць свечку да новых гаспадароў, абавязкова мужчыны і жанчыны і абавязкова неразведзеных. Для кожнага свята характэрны свае адметнасці. Напрыклад, калі пераносілі духаўскую свечку, то пад ногі кідалі явар, на зімовую мікольскую свечку — салому, на юр’еўскую — траву або галінкі маладой вярбы. На другі дзень былыя гаспадары ішлі праверыць, як новыя гаспадары свечку прынялі. Новыя гаспадары клалі на стол пачастунак і абавязкова бохан хлеба. З боханам хлеба прыходзілі і былыя гаспадары. Гаспадыні ў знак згоды разразалі боханы і абменьваліся палавінкамі з абяцаннем дзяліцца не толькі хлебам, але і шчасцем, горам, дапамагаць адно аднаму, — паведамляе настаўніца.
Калі дакладна ўзнікла сучасная форма абраду, сказаць складана. Аднак дакладна вядома, што пра абрад людзі не забывалі нават у гады вайны. Абавязкова знаходзіўся і воск, і бохан хлеба. Ці вытрымае абрад выпрабаванне эпохай імклівай урбанізацыі і камп’ютарызацыі — невядома, аднак пакуль яго папулярызуюць настаўнікі і вучні, ён будзе жыць, а трапяткое святло свечкі (мініяцюрнага сонейка) будзе і надалей даваць людзям душэўную цеплыню, спадзяванне на лепшае.
На працягу камандзіровачнага дня неба над Крычавам заставалася шэрым, па-сапраўднаму лютаўскім. Сонца некалькі разоў спрабавала выглянуць з-за хмар і падарыць людзям свой ласкавы праменьчык, аднак дарэмна: узнімаўся вецер, пачыналася мяцеліца. І ўсё ж сонечныя цеплыня і пяшчота былі недзе побач. Яны адчуваліся ва ўсмешках педагогаў, у інтэр’еры знакамітага палаца, у колерах гарадскіх будынкаў. Няхай гэтая цеплыня ніколі не пакідае цябе, горад над Сожам, горад пад сонцам!
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.