Горад шчаслівай будучыні

На конкурс атрымання статусу першай маладзёжнай сталіцы краіны было пададзена больш за 30 заявак. Пасля іх дэталёвага аналізу былі вызначаны 10 фіналістаў. Спецыяльная камісія наведала кожны горад-прэтэндэнт, азнаёмілася з умовамі арганізацыі адукацыйнага працэсу і адпачынку моладзі, яе сацыяльнай падтрымкі, узроўнем добраўпарадкаванасці населенага пункта, эфектыўнасцю рэалізацыі рэгіянальнай маладзёжнай праграмы.
У выніку высокае званне было нададзена Баранавічам.
У пятніцу і суботу тут прайшло маштабнае рэспубліканскае свята “Баранавічы — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2016”.

Студэнцкая рака

Тое, што Баранавічы сталі першай маладзёжнай сталіцай краіны, для многіх пакаленняў студэнтаў з Брэсцкай і Гродзенскай абласцей не з’яўляецца нечаканасцю. Каб даведацца чаму, дастаткова наведаць у нядзелю падчас навучальнага года станцыю Баранавічы-Палескія: у сярэднім кожныя паўгадзіны пасля прыбыцця электрычак і дызель-цягнікоў пероны станцыі ператвараюцца ў своеасаблівую раку студэнтаў. Сотні маладых людзей з Ганцавіч, Лунінца, Століна, Мастоў, Ваўкавыска, Бярозы, Івацэвіч, іншых райцэнтраў і шматлікіх вёсак накіроўваюцца на заняткі ва ўстановы вышэйшай адукацыі Мінска, Гродна, Брэста, а з 2004 года — і ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Шчыльнасць моладзі ў гэты час на асобна ўзяты перон нават перавышае адпаведныя паказчыкі сталіцы. Аднак не толькі гэты факт стаў прычынай надання Баранавічам статусу маладзёжнай сталіцы. У горадзе створаны ўсе ўмовы для самарэалізацыі, якаснай вучобы і адпачынку моладзі: напрыклад, адкрыты маладзёжны парк “Натхнёныя Перамогай”, пабудаваны сацыяльныя, спартыўныя аб’екты і, безумоўна, сучасныя карпусы ўніверсітэта.

Ад сэрца да сэрца

У гэтых карпусах 29 і 30 студзеня падчас Рэспубліканскага студэнцкага форуму абмяркоўваліся аспекты работы з сучаснай моладдзю. А пачыналіся святочныя мерапрыемствы з афіцыйнага надання Баранавічам статусу маладзёжнай сталіцы ў Лядовым палацы на базе баранавіцкай дзіцячай юнацка-спартыўнай школы па хакеі і фігурным катанні. Адначасова з урачыстай цырымоніяй адкрыцця свята “Баранавічы — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2016” быў дадзены старт рэспубліканскаму грамадзянска-патрыятычнаму праекту “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, які стаў лагічным працягам аднайменнай краязнаўчай акцыі, сутнасць якой, нагадаем, заключалася ў наведванні юнымі краязнаўцамі некалькіх адметных мясцін кожнага з сямі рэгіёнаў краіны і падрыхтоўцы па выніках падарожжаў відэафільмаў. Збіраць Беларусь з яе багатай гістарычнай, культурнай спадчынай, яе таленавітымі жыхарамі ўдзельнікі баранавіцкага свята пачалі падчас наведвання рэспубліканскай выставы “Свет творчасці дзяцей і моладзі”. Экспазіцыі “Пазнаем Беларусь разам”, “Упрыгожым Беларусь кветкамі”, “ТэхнаЭвалюцыя”, падрыхтаваныя супрацоўнікамі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці разам з брэсцкімі і баранавіцкімі калегамі, прадставілі багатую палітру творчасці навучэнцаў і студэнтаў.— Год моладзі быў багаты на адкрыцці, падарыў нам шмат цікавага, у тым ліку першую маладзёжную сталіцу краіны. Конкурс, на якім вызначаўся горад-шчасліўчык, быў вельмі цікавым. За высокае званне змагалася шмат гарадоў, аднак пачэснае права быць маладзёжнай сталіцай нездарма атрымалі Баранавічы. Тут створаны ўсе неабходныя ўмовы для творчай і прафесійнай самарэалізацыі маладых людзей, іх якаснага адпачынку. У рамках рэспубліканскага свята вас чакае шмат цікавага. Гэта і студэнцкі форум, на які прыехала рэкордная колькасць удзельнікаў і які ў гэтыя дні будзе праходзіць чацвёрты раз. Пра важнасць форуму сведчыць той факт, што яго рашэнні з’яўляюцца для нас своеасаблівай дарожнай картай па арганізацыі работы са студэнцкай моладдзю. Стартуе і грамадзянска-патрыятычны праект “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. Упэўнены, што кожны яго ўдзельнік збярэ ў сваім сэрцы нашу Беларусь, — адзначыў на ўрачыстым адкрыцці свята намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык.
Праект “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” дазволіць удзельнікам адкрываць для сябе гарады і вёскі, пракладваць новыя маршруты, наведваць гістарычныя і памятныя мясціны, убачыць прыгажосць усіх куточкаў нашай краіны. Сваімі знаходкамі навучэнцы і студэнты змогуць дзяліцца на старонках афіцыйных груп у сацыяльных сетках. Адным са значных вынікаў рэалізацыі праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” стане падрыхтоўка маладых экскурсаводаў, якія потым змогуць прафесійна праводзіць экскурсіі па ўжо правераных маршрутах. Гэтыя маршруты будуць праходзіць ад горада да горада, ад чалавека да чалавека, ад сэрца да сэрца.

Раўненне на Баранавічы

Па словах старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Юрыя Анатольевіча Грамакоўскага, тое, што Баранавічы аб’яўлены маладзёжнай сталіцай, накладвае на жыхароў горада вялікую адказнасць. Гэта прызнанне высокіх дасягненняў моладзі на шматлікіх конкурсах, спаборніцтвах, алімпіядах, у прафесійным жыцці. З іншага боку, гэта вялікі крэдыт даверу на ўвесь бягучы год. “Нам ёсць чым ганарыцца. Упэўнены, мы годна пранясём гэтае званне, а конкурс на атрыманне статусу маладзёжнай сталіцы стане традыцыйным, бо гэта стымул для далейшага развіцця населенага пункта. Жадаю, каб ваша знаходжанне ў Баранавічах стала яркай і незабыўнай падзеяй, каб вашы знаёмствы, абмен вопытам сталі асновай моцнага сяброўства і далейшых міжуніверсітэцкіх зносін. Ад вас, маладых, разумных, мэтанакіраваных, таленавітых, залежыць шчаслівае сёння і ўпэўненая будучыня Беларусі. Перакананы, вам спадабаецца ў Баранавічах, вы прыедзеце да нас яшчэ не адзін раз”, — адзначыў Юрый Анатольевіч.
— За вамі — будучыня краіны. Вы ведаеце, наколькі складана сёння ўтрымаць гэтую будучыню, мір на нашай планеце, аднак ваш энтузіязм, ваша мэтанакіраванасць дазволяць пераадолець любыя цяжкасці, дасягнуць самых высокіх мэт, — звярнуўся да ўдзельнікаў свята рэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Васіль Іванавіч Качурка.

Надзея і будучыня

Амаль паўтара стагоддзя Баранавічы вядомы як горад чыгуначнікаў, а з нядаўняга часу яшчэ і як горад студэнтаў. Нездарма цэнтральнае месца сярод урачыстасцей было адведзена Рэспубліканскаму студэнцкаму форуму “Моладзь — надзея і будучыня Беларусі”. Што рабіць для таго, каб гэтая будучыня была шчаслівай? Як моладзі рэалізаваць свае патрэбы? Як палепшыць работу студэнцкага самакіравання? Якімі шляхамі ўдасканальваць формы сацыяльнай падтрымкі студэнтаў, падтрымкі маладзёжных ініцыятыў? Вось няпоўны пералік пытанняў, якія абмяркоўваліся падчас пленарнага пасяджэння форуму, работы яго дыскусійных пляцовак.Пашырэнне работы дыскусійных пляцовак падчас рэспубліканскіх студэнцкіх форумаў з’яўляецца, па словах Віктара Віктаравіча Якжыка, добрай традыцыяй, якую трэба падтрымліваць. Адметнай падзеяй сёлетняга студэнцкага форуму стала правядзенне круглага стала, на якім кіраўніцтва Міністэрства адукацыі сумесна з прарэктарамі па выхаваўчай рабоце, начальнікамі ўпраўленняў па выхаваўчай рабоце ўстаноў вышэйшай адукацыі разглядалі і аналізавалі сучасныя падыходы ў арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы з моладдзю. Больш падрабязна пра гэта чытайце ў наступным нумары нашага выдання.
— Быць першай маладзёжнай сталіцай — гэта вялікі гонар і вялікая адказнасць, таму вам неабходна не толькі ў гэтым, але і ў наступныя гады адпавядаць высокаму статусу. На вас адказнасць за наш заўтрашні дзень. Праўду гавораць: той, хто не цэніць мінулае, не мае будучыні, таму цаніце вопыт папярэдніх пакаленняў. Давайце зробім так, каб пакаленне пераможцаў у Вялікую Айчынную вайну ніколі не пашкадавала пра тое, што перадало нам у спадчыну самае дарагое — перамогу і адроджаную краіну. У нашай дзяржаве створаны рэальныя магчымасці для самарэалізацыі і прафесійнага росту маладых людзей, станаўлення і развіцця працоўнай дзейнасці. Перад вамі шырокія магчымасці: ад пазнання да рэалізацыі сваіх сіл як у навуцы, эканоміцы, так і ў мастацтве, грамадскім жыцці. Мы ганарымся маладым пакаленнем — разумным і перспектыўным, прыгожым і мэтанакіраваным, таму смела ідзіце наперад, ажыццяўляйце самыя амбіцыйныя ідэі, рэалізоўвайце задуманае, няхай вашы дасягненні служаць на карысць нашай Рэспублікі Беларусь, — звярнулася да ўдзельнікаў форуму дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член пастаяннай камісіі па заканадаўстве, старшыня Рэспубліканскага маладзёжнага савета Інеса Анатольеўна Кляшчук.

Кірункі дзейнасці

Вялікая колькасць маладзёжных ідэй, ініцыятыў ажыццяўлялася ў мінулым годзе. Начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Іванаўна Пшанічная нагадала, што ідэя аб правядзенні ў краіне Года моладзі прагучала 29 кастрычніка 2013 года на маладзёжным форуме “Маладосць. Традыцыі. Будучыня”, які прайшоў з удзелам кіраўніка дзяржавы. Старт Году моладзі даў 42-і з’езд БРСМ. “Гэты год прайшоў для сістэмы адукацыі, краіны ў цэлым пад знакам святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі. Гэта, безумоўна, важнае, стрыжнявое грамадзянска-патрыятычнае мерапрыемства. Год 70-годдзя Вялікай Перамогі, Год моладзі і год выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зрабілі 2015-ы надзвычай важным у жыцці краіны. У мінулым годзе ў кожнай установе адукацыі актыўна рэалізоўваліся такія праекты, як “ВЫБІРАЙ.BY!”. Упершыню прайшоў Рэспубліканскі форум сельскай моладзі, а таксама форум спецыялістаў у сферы арганізацыі работы з моладдзю. Яркай і запамінальнай атрымалася спецыяльная “зубраняцкая” змена “Маладзёжнай ініцыятыве — “так”!”. Актыўная работа студэнцкіх атрадаў — таксама дасягненне Года моладзі. У іх рабоце прыняло ўдзел каля 70 тысяч маладых людзей. Пасля завяршэння Года моладзі будуць і далей актыўна працаваць студэнцкі і маладзёжны рэспубліканскія саветы. Наогул, для сістэмы адукацыі любы год — гэта год моладзі”, — адзначыла Наталля Іванаўна.Адметнай падзеяй, якая вызначыла на найбліжэйшыя гады кірункі міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы маладзёжнай палітыкі, стала падпісанне мемарандума аб супрацоўніцтве паміж міністэрствамі адукацыі краін Вышаградскай групы і Усходняга партнёрства. І, безумоўна, самым важным праектам стала вызначэнне маладзёжнай сталіцы. Ажыццяўленне маладзёжнай палітыкі немагчыма без прыняцця нарматыўна-прававых актаў. Па словах Наталлі Іванаўны, цяпер дапрацоўваюцца змяненні ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі”, пашыраюцца кампетэнцыі Міністэрства адукацыі. На змену праграме “Моладзь Беларусі”, разлічанай на 2011—2015 гады, падрыхтавана падпраграма “Маладзёжная палітыка” на 2016—2020 гады, якая ўвойдзе ў склад дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка”.

Маладзёжная ініцыятыва

Гаспадар сёлетняга студэнцкага форуму Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт валодае поўным комплексам рэсурсаў для рэалізацыі сістэмы выхаваўчага ўздзеяння на ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Па словах прарэктара па выхаваўчай рабоце БарДУ Паўла Іванавіча Папко, прыярытэт у выхаваўчай рабоце аддаецца мерапрыемствам, накіраваным на фарміраванне і ўдасканальванне прафесійных і сацыяльна-асобасных кампетэнцый студэнтаў. Асабліва дзейснай з’яўляецца рэалізацыя праектаў (напрыклад, “Гармонія ў сям’і — росквіт у краіне”, “Народныя традыцыі, абрады і звычаі як захаванне нацыянальнай самабытнасці нашага краю”, “Школа лідара “Творчы актывіст ХХІ стагоддзя” і інш.). У сваім дакладзе на пленарным пасяджэнні форуму, якое было прысвечана пытанням інавацыйнай дзейнасці студэнтаў у пазавучэбны час, Павел Іванавіч адзначыў, што перашкодай да інтэнсіўнага інавацыйнага развіцця з’яўляецца пэўная інертнасць і недастаткова высокая актыўнасць або запыт саміх спажыўцоў адукацыйных паслуг.Выхадам з такой сітуацыі з’яўляецца належная падтрымка маладзёжных ініцыятыў. Ініцыятыва, па словах старшыні Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета Яўгена Харука, — гэта праяўленне актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў той ці іншай сферы грамадскай дзейнасці. Важным тут з’яўляецца пытанне матывацыі. “Матывацыя — пабуджэнне дзейсна задавальняць свае патрэбы, а іх у студэнтаў вельмі многа. Усё, дзе студэнт ажыццяўляе свае ідэі, і ёсць студэнцкае самакіраванне. Любая студэнцкая арганізацыя займаецца самакіраваннем. Правесці канцэрт, спаборніцтва, экскурсію — гэта і ёсць самакіраванне. Раней моладзь далучалі да актыўнага студэнцкага жыцця пераважна праз выдзяленне месцаў у інтэрнаце, выезды за мяжу, работу ў студэнцкіх атрадах. Аднак ёсць адна рэч, якая застаецца дзейснай ва ўсе часы, — гэта самарэалізацыя. Асноўная магчымасць далучыць маладых людзей да актыўнага грамадскага жыцця — гэта даць ім магчымасць самарэалізавацца, таму аптымальнай з’яўляецца сітуацыя, калі студэнт праяўляе актыўнасць у некалькіх аб’яднаннях, што дазваляе яму рэалізаваць як мага большую колькасць сваіх патрэб”, — лічыць Яўген Харук.

Свята з працягам

Урачыстасці з нагоды афіцыйнага надання Баранавічам статусу маладзёжнай сталіцы краіны сталі добрым пачаткам шматлікай колькасці гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх мерапрыемстваў, якія, безумоўна, пройдуць у горадзе чыгуначнікаў і горадзе моладзі з не меншым поспехам і размахам, чым рэспубліканскае свята “Баранавічы — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2016”. Спаборніцтвы, турніры, фестывалі нададуць гораду новы імпульс развіцця. Яго кіраўніцтва запрашае ў госці кожнага, тым больш што дабірацца ў Баранавічы (буйны чыгуначны вузел і першую маладзёжную сталіцу краіны) зручна практычна з любога куточка Беларусі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА.