Горад стаў спартыўнай пляцоўкай

Сёлета ў Гродне быў рэалізаваны праект “Арыентаванне для самых маленькіх”, які прайшоў у рамках серыі трэніровак для дарослых Street-O Summer Дзмітрыя Крапіўка. За амаль два месяцы зацікаўленыя дзеткі прайшлі 8 этапаў і з навічкоў арыентавання дараслі да вопытных ваўчанят.

У цэнтры — Ганна Баўшэвіч.

Выпадковая любоў

Адзін з арганізатараў праекта Ганна Баўшэвіч расказвае, што ідэя яго стварэння з’явілася ў мінулым годзе. “Мы праводзілі спаборніцтвы ў школах, і я брала з сабой сваю маленькую дачушку, ёй тады было 2,5 года. Яна пагля­дзела, як дзеці з дапамогай чыпаў адзначаліся на кантрольных пунктах, і вырашыла зрабіць тое ж самае. Потым мы з мужам удзельнічалі ў 4-дзён­ных спаборніцтвах у Літве “Такас-2019”. Там я пагля­дзела, якую дыстанцыю арганізатары прапанавалі для дзетак ва ўзросце да 8 гадоў. Да таго ж летась дапамагала рэдагаваць да выдання метадычны дапаможнік пра аднайменны праект, які праходзіў некалькі гадоў назад у Мінску. Гэта ўсё навяло мяне на ідэю стварыць у Гродне праект “Арыентаванне для самых маленькіх”, — дзеліцца Ганна Баўшэвіч.

Сама Ганна пазнаёмілася з арыентаваннем у 2007 годзе, калі была студэнткай. Яе запрасіў паўдзель­нічаць у Кубку Гродна знаёмы, які прыехаў на спаборніцтвы з Мінска разам з Клубам арыентавання “БДУ”. Яна прайшла спрынтарскую дыстанцыю даволі хутка для першага разу, бо сярод знаёмых гарадскіх мясцін арыентавацца было прасцей. У лесе ўжо адчулася напружанне: 6 кіламетраў дзяўчына пераадолела за 2,5 га­дзіны. “Я адразу захацела займацца спартыўным арыентаваннем і прыйшла да Эдварда Станіслававіча Аро­дзя, у якога тады былі трэніроўкі для студэнтаў. Заняткі ў лесе праходзілі прыкладна раз у два тыдні, у спартзале часцей. Пастаянныя рэспубліканскія спаборніцтвы дазвалялі паляпшаць форму, а першы выезд для мяне ўвогуле быў аж за Піцер”.

У тым жа 2007 годзе Ганна стала кіраўніком гуртка спартыўнага арыентавання. Спачатку два гады працавала ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Прамень” Гродна, потым адзін год як валанцёр займалася з дзецьмі і яшчэ адзін працавала ў Гродзенскім абласным цэнтры турызму і краязнаўства. “З дзецьмі мне падабалася, хоць і цяжка было выступаць на спаборніцтвах і як спартсмен, і як трэнер. Больш за ўсё запомніліся з тых часоў нашы паездкі на спаборніцтвы, як начавалі ў палатках, гатавалі ежу. Мы нават трапілі ў Крым на зборы. Я развівалася ў арыентаванні разам са сваімі падапечнымі, а яны станавіліся самастойнымі, адказнымі, псіхалагічна трывалымі. Я ўжо не кажу пра інтэлектуальнае і фізічнае развіццё”.

Першае, чаму вучыцца чалавек у спартыўным арыентаванні, — гэта разумець карту, выбі­раць маршрут, якім можна трапіць з аднаго пункта ў другі. Пасля прыходзіць здольнасць хутка думаць, пры­маць рашэнні на бягу. Далей удасканальваецца асабістая псіхалагічная падрыхтоўка, каб можна было ў любы момант адкінуць непатрэбныя думкі падчас спаборніцтваў, не перавысіць хуткасць і не зрабіць памылку ў кантактнай барацьбе з сапернікам. Чалавек становіцца больш мэтанакіраваным і трывалым, бо часам прыходзіцца пераадольваць балота, крапіву, непралазныя зараснікі.

“Спартыўнае арыентаванне падыходзіць тым, хто любіць бег, прыроду, прыгоды і інтэлектуальныя задачы. Некаторым сумна проста бегаць, а вось з картай значна цікавей. Практычна ў любым узросце можна прыходзіць у арыентаванне. Трэнеры часцей за ўсё бяруць дзетак ад 8 гадоў, але ёсць і выключэнні, калі пачынаюць займацца і маладзейшыя”.

Новае захапленне

Праект “Арыентаванне для самых маленькіх” чакаў дзетак ад 2 да 8 гадоў абсалютна бясплатна. Усім удзельнікам давалі спецыяльныя дзённікі, дзе былі напісаны 8 этапаў. За праходжанне кожнае дзіця атрымлівала наклейку — малюнак на тэму арыентавання. Мэтай была не перамога, а цудоўнае баўленне часу на свежым паветры разам з бацькамі і далучэнне да спартыўнага арыентавання.

Улічваючы ўзрост дзяцей і мэту праекта, дыстанцыі былі простымі, на мясцовасці, якая добра праглядалася. Маленькія спартсмены праходзілі дыстанцыі пад наглядам бацькоў. Карты мелі буйны маштаб. На кантрольных пунктах дзяцей чакалі не лічбы, да якіх прызвычаіліся дарослыя, а зразумелыя карцінкі, звязаныя з аб’ектам пастаноўкі пункта. Метка ставілася кампосцерам: на картцы прабівалася клетачка з такім жа малюнкам, як на кантрольным пункце.

У першым этапе каля Кургана Славы паўдзельнічала больш за 20 дзяцей, другі ва ўрочышчы “Пышкі-1” сабраў увогуле ажно 33 зацікаўленых. Трэці этап прайшоў у мікрараёне Дзевятоўка, чацвёрты — на Савецкай пло­ш­чы, пяты — каля Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, шосты — на вуліцы Рэпіна, сёмы — ва ўрочышчы “Пышкі-2” і апошні, восьмы, — каля прытока ракі Гараднічанкі Юрысдыкі. Дзецям і бацькам тлумачылі правілы падчас выдачы карт, а потым бацькі дапамагалі дзецям у працэсе праходжання дыстанцыі. “Пасля першага этапу мяне папрасілі павялічыць колькасць кантрольных пунктаў і даўжыню, — прыгадвае Ганна Аляксандраўна. — Я павялічыла з 5 да 7 пунктаў і даўжыню да 700 метраў. Гэта аказалася аптымальным для дзяцей. Увогуле, водгукі былі самыя лепшыя, ніводнага негатыўнага. Я нават не чакала такога рэзанансу. Разлічвала, што ўдзельнікаў будзе каля 10—15, а ў сярэднім было каля 20. Некаторыя бацькі гаварылі, што дзеці ўжо ў панядзелак пасля спаборніцтваў пыталіся, калі яны зноў будуць, чакалі ўвесь тыдзень новага этапу”.

“Арыентаванне для самых маленькіх” пасля такога паспяховага старту не можа стаць разавым праектам. Ганна Баўшэвіч упэўнена, што працяг будзе, але з невялікімі змяненнямі. Трэба будзе падбіраць спаборніцтвы для дарослых, разам з якімі можна праводзіць і спаборніцтвы для дзетак. Так атрымаецца больш эфектыўнае і цікавае мерапрыемства для ўсіх узростаў. Да таго ж дзеці ўбачаць, што іх чакае ў гэтым спорце, калі яны праця­гнуць заняткі, змогуць на месцы задаць пытанні ўдзель­нікам, а гэта найлепшая матывацыя застацца ў спартыўным арыентаванні.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з суполкі “УK” “Спартыўнае арыентаванне ў Гродне”.