Горад яе вясны

- 12:27Навіны рэгіёнаў

Бясконца можна рабіць чатыры рэчы: любавацца шматлікімі кветнікамі, якія кожную вясну ўпрыгожваюць знакаміты парк Румянцавых-Паскевічаў, прагульвацца па набярэжнай Сожа і слухаць плёскат яго хваль, вывучаць адметную архітэктуру будынкаў гомельскіх вуліц і вулачак, а яшчэ — слухаць захапляльны аповед пра любімы горад загадчыка аддзела турызму і краязнаўства Гомельскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Людмілы Віктараўны Прыскока.

Менавіта такія думкі ўзніклі падчас нядаўняга рэспубліканскага семінара-пасяджэння “Стан і перспектывы развіцця турыстычна-экскурсійнай дзейнасці з навучэнцамі”, на якім Людміла Віктараўна прэзентавала вопыт выкарыстання магчымасцей грамадскага транспарту пры арганізацыі экскурсій. Вобразы гомельскага парку, з яго вясновымі стракатымі кветнікамі, набярэжнай Сожа з шумлівымі хвалямі, гомельскіх вуліц і вулачак, абапал якіх раскінуліся каменныя і драўляныя будынкі ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, узніклі невыпадкова — настолькі яскравым і жывым было выступленне гомельскага педагога, якая на працягу больш за 20 гадоў складае летапіс горада над Сожам.

Да Гомеля ў Людмілы Віктараўны асаблівае пачуццё: гэта горад яе яркіх дзіцячых успамінаў, летуценнай маладосці, прафесійнага і жыццёвага сталення. І гэта пры тым, што нарадзілася наша гераіня зусім не ў Гомелі, а ў пагранічнай Чарнігаўскай вобласці Украіны. Аднак часта гасцявала ў родных (асабліва памятнымі з’яўляюцца наведванні на школьных канікулах гомельскага цырка). 1990 год стаў у жыцці Людмілы Віктараўна лёсавызначальным: яна перавялася з 3 курса Нежынскага педагагічнага інстытута імя Мікалая Гогаля ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. Новы этап, без перабольшванняў, пачаўся і ў жыцці самога горада. Справа ў тым, што Людміла Віктараўна — адна з нямногіх, хто адкрыў гамяльчанам, і асабліва юным жыхарам, слаўную гісторыю іх горада.

Ды што там гамяльчанам! З Людмілай Віктараўнай неаднойчы даводзілася сустракацца на рэспубліканскіх семінарах, канферэнцыях. І кожнае яе выступленне літаральна зачароўвае аўдыторыю. Дасканала ведаць мінулае вялікага горада, адметнасці яго гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны — гэта адно. Не менш важна зацікавіць гэтай спадчынай іншых. А вось тут патрэбна асаблівая чароў­насць. Цікава, інтэлігентна, з размеранай інтанацыяй — так Людміла Віктараўна трымаецца перад аўдыторыяй. Нядзіўна, што падчас яе выступленняў пануе цішыня, усе прысутныя здзяйсняюць захапляльную экскурсію па любімым горадзе Людмілы Віктараўны, горадзе яе вясны.

— Ні ў дзіцячыя, ні ў юнацкія, ні ў студэнцкія часы не думала, што маё жыццё будзе звязана з гісторыяй, краязнаўствам. Аднак з гадамі зразумела, што нічога выпадковага не бывае. Адзі­н мой дзядуля быў галоўным рэдактарам раённай газеты. Так сталася, што менавіта ў газеце, у “Гомельскіх ведамасцях”, на працягу доўгага часу я вяла краязнаўчыя рубрыкі. Прадзядуля па матчынай лініі быў края­знаўцам і аўтарам падручнікаў па прыродазнаўстве для малодшых школьнікаў, а многія мае родныя займаліся настаўніцтвам. Менавіта настаўніцтва, края­знаўства і стала маёй жыццёвай сцяжынай. На гэта паўплывалі многія людзі. Гэта, напрыклад, загадчык кафедры рускай і су­светнай літаратуры ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Іван Мікалаевіч Афанасьеў, мой навуковы кіраўнік, які сфарміраваў мае першыя даследчыя навыкі. Гэта і Таццяна Фёдараўна Стрыжак, былы завуч 60-й школы, якая дапамагала мне адшліфоўваць педагагічнае майстэрства. І, канечне, турысты Віктар Георгіевіч Крэйдзік, Эдуард Канстанцінавіч Войцік, а таксама гомельскі краязнаўца Мікалай Пятровіч Фурман, які нядаўна адзначыў 92-годдзе. Гледзячы на захопленую працу гэтых людзей, на іх высокі прафесіяналізм, я зразумела, што кожную справу, якой ты займаешся, рабіць з вялікім задавальненнем, быць прафесіяналам у сваёй галіне, — падзялілася Людміла Віктараўна.

А для гэтага трэба пастаянна ўдасканальваць сваё майстэр­ства, у прыватнасці, вывучаць адпаведную літаратуру. У краязнаўства Людміла Віктараўна пасля заканчэння ўніверсітэта акунулася, як кажуць, з галавой. Ды і час для гэтага быў спрыяльны. У 90-я гады стала модным вывучаць гісторыю тых мясцін, дзе жывеш. Адна за адной з друку выходзілі кнігі па гомельскім краязнаўстве, з’яўляліся адпаведныя артыкулы ў газетах. Актыўная работа ў архівах, на прадпрыемствах, у арганізацыях, установах, знаёмства з іх гісторыяй — такімі справамі быў напоўнены вольны час у першыя 10 гадоў жыцця Людмілы Віктараўны ў Гомелі. Усё гэта сумяшчалася з вучобай ва ўніверсітэце, а потым з работай у сярэдняй школе № 60 і Гомельскім абласным цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і мола­дзі. А потым адбылася сустрэча з тагачасным галоўным рэдактарам “Гомельскіх ведамасцей” Мікалаем Яфімавічам Дзямчыхіным, які прапанаваў педагогу падзяліцца краязнаўчымі набыткамі з чытачамі. У 2005 годзе з’явіўся першы артыкул, які расказваў пра гісторыю гомельскай дзіцячай чыгункі, што ўзнікла ў 1936 годзе і да Вялікай Айчыннай вайны была адной з першых у Савецкім Саюзе.

— Цікавай з’яўляецца не толькі гісторыя самой чыгункі, але і лёс дзяцей, якія там працавалі і атрымлівалі першыя працоўныя навыкі. Гэтыя дзеці сталі героямі падчас Вялікай Айчыннай вайны. На працягу 10 гадоў выходзіла кожны тыдзень шмат цікавых рубрык, напрыклад, “Краязнаўства для маленькіх”, “Гомель кожны дзень”, “Гарадскі альбом”. Артыкулы паказвалі чытачам горад з розных бакоў. Змешчаныя ў іх матэрыялы выкарыстоўваліся мной і калегамі ў педагагічнай, даследчай рабоце. Усяго было надрукавана больш за 80 артыкулаў, — падзялілася Людміла Віктараўна.

На аснове сабранага матэрыялу ўжо многія гады педагог рэалізуе разам з навучэнцамі шэраг краязнаўчых праектаў. Сёння сумесна з калектывам сярэдняй школы № 67 ідзе работа над праектам “Азбука юнага гамяльчаніна”. Гэта не азбука першакласніка, гэта азбука юнага жыхара Гомеля, таго, хто толькі пачынае знаёміцца з гісторыяй горада. Азбука ўяўляе сабой вялікі плакат, дзе кожнай літары алфавіта адпавядае пэўная гістарычная падзея або месца ў горадзе, нейкі значны аб’ект. Такую азбуку Людміла Віктараўна плануе пашырыць па ўсіх установах адукацыі горада. Праект складаецца яшчэ і з настольнай гульні, дзе да кожнай літары, на якую трапляе гульнявая фішка, распрацавана некалькі картак-заданняў па гісторыі Гомеля. Гульня разлічана не толькі на вучняў, але і на бацькоў, можа выкарыстоўвацца для сямейнага адпачынку. У рамках “Азбукі юнага гамяльчаніна” выдадзена яшчэ і кніга “Дзецям — пра Гомель”, праўда, пакуль у адзінкавым экзэмпляры. У яе аснову пакладзены матэрыялы Людмілы Віктараўны, якія ў розныя гады выходзілі пад рубрыкай “Краязнаўства для маленькіх”. Праілюстравана кніга дзіцячымі малюнкамі. У задумцы педагога — стварэнне краязнаўчых пазлаў па гісторыі горада, а таксама краязнаўчых размалёвак. І гэта толькі невялікая частка праектаў, якія рэалізуе або плануе запусціць наша гераіня.

Асобны напрамак работы Людмілы Віктараўны — экскурсіі. Асноўная іх частка праводзіцца ў рамках праекта для класных кіраўнікоў і педагогаў-арганізатараў “Выхадныя дні з класам”. Як цікава правесці выхадны дзень у горадзе? Людміла Віктараўна дае вельмі просты адказ: пракаціцца па тралейбусным або аўтобусным маршруце ад аднаго канцавога прыпынку да другога. Думаеце, не цікава? Яшчэ як цікава! Галоўнае — ведаць, у які маршрут сядаць. Хаця, у прынцыпе, для цікавай экскурсіі падыдзе абсалютна любы маршрут. Галоўнае, на думку Людмілы Віктараўны, загадзя падрыхтавацца да экскурсіі, азнаёміцца папярэдне з асаблівасцямі аб’ектаў, якія будуць бачны з вокнаў грамадскага транспарту.

— Перадгісторыя такая. У 2015 годзе быў адкрыты вялікі гарадскі помнік “Алея герояў”. Тады ж у гарвыканкама з’явілася ідэя пусціць маршрут з адпаведным лагатыпам. Наш цэнтр выступіў з ініцыятывай напісаць тэкст экскурсіі для самага працяглага ў горадзе тралейбуснага маршрута — № 20. Ідэя, канечне, не новая, бо падобны экскурсійны маршрут ёсць і ў Мінску, а ў Гомелі такіх маршрутаў ужо два: тралейбус “Гомель гістарычны”, “Гомель спартыўны”. Цяпер вось з’явіўся і тралейбус “Алея герояў”. Пры складанні тэксту маршрута мы карысталіся Яндэкс-картай. З аб’ектамі можна знаёміцца рэальна, седзячы ў тралейбусе, а можна і завочна, напрыклад, у класе, уключаючы гукавое суправаджэнне слайдаў, складзеных на аснове Яндэкс-карты. Калі мы едзем на аўтобусе або тралейбусе, то не заўсёды можна заехаць у пэўны завулак. А ў нашым гора­дзе шмат помнікаў, аб’ектаў, якія знаходзяцца па-за зонай цэнтральнай магістралі. Яндэкс-карта якраз і дазваляе нам завярнуць на такія вулачкі. Ёсць адзін нюанс: каб пасажырам, якія кожны дзень ездзяць пэўным маршрутам на работу, прапанаваная інфармацыя не надакучала, аўдыясуправаджэнне варта ўключаць толькі ў пэўны час сутак. Мы з вучнямі на маршрут “Алея герояў” адпраўляемся два разы на год: напярэдадні вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 26 лістапада, а таксама 9 мая. Разам з намі едуць прадстаўнікі савета ветэранаў, саюза афіцэраў, нярэдка выступаюць дзіцячыя калектывы, чытаюцца вершы. Тралейбус у гэтыя дні мы загадзя замаўляем “гармонік”, каб у ім змясцілася як мага большая колькасць пасажыраў. Такое мерапрыемства, канечне, незабыўнае. Калі мы гаворым пра развіццё экскурсійнай работы, то такія формы трэба папулярызаваць, бо яны запатрабаваны. У нашых планах — стварыць падобныя экскурсіі яшчэ для некалькіх гарадскіх маршрутаў. Вельмі добра, што нашы ініцыятывы падтрымлівае і гарвыканкам, і адміністрацыя тралейбуснага парка, — падзялілася Людміла Віктараўна.

У кожнага педагога-края­знаўцы ёсць любімыя мясціны ў родным горадзе, вёсцы, тыя завулачкі, куточкі, з якімі звязаны самыя яскравыя перыяды жыцця. Для Людмілы Віктараўны такім месцам з’яўляецца мікрараён Спасава Слабада, у якім некалі пражывалі стараверы. Тут і да сённяшняга часу захаваліся дамы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, па-ранейшаму красуюцца вялікія сады, кветнікі. Менавіта па гэтых вулачках любіць прагульвацца наша гераіня. Асабліва вясной, калі кветкі ператвараюць сядзібы ў сапраўдную казку.

“Горад вясны” — так назвала Людміла Віктараўна любімы горад. Чаму вясны? Толькі ў самым канцы нашай размовы яна прызналася, што палюбіла Гомель у гады сваёй маладосці, вясны свайго жыцця, калі студэнт­кай прагульвалася па яго вуліцах і вулачках, калі любавалася шматлікімі кветнікамі і белымі садамі Спасавай Слабады. Таму кожную вясну яна чакае з асаблівай нецярплівасцю. Са святам вясны, Людміла Віктараўна! Са святам маладосці, паважаныя жанчыны-краязнаўцы!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.