Горныя лыжы нягорнай краіны

- 12:55Спартыўныя падзеі

Спаборніцтвы Сусветнай зімняй універсіяды ў іспанскай Гранадзе працягваюцца. Ужо завяршыліся выступленні ў фігурным катанні. Найбольш актыўнай зонай спаборніцтваў сталі заснежаныя спускі гарналыжнага курорта Сьера-Невада.

Беларускія фігурысты Марыя Палякова і Мікіта Бочкаў у парным катанні занялі 6-е месца з вынікам 131,19 бала. Перамога ў гэтай дысцыпліне дасталася прадстаўнікам Кітая Ю Сяўю і Цзынь Янь з 181,92 бала. Серабро — у расіян Хрысціны Астахавай і Аляксея Роганава з 174,87 бала, бронза — у французаў Ванэсы Джэймс і Моргана Кіпрэсу з вынікам 168,19 бала.
Працоўны настрой захоўваюць беларускія гарналыжнікі і фрыстайлісты. На жаль, у Марыі Шканавай узніклі сур’ёзныя праблемы са спінай. Пакуль што яе лепшы вынік — 13-е месца ў камбінацыі (1 хв. 51,52 с.). У суперкамбінацыі (супергігант + слалам) Марыя заняла 25 месца (1 хв. 4,55 с.), а ў супергіганце прыйшла да фінішу 23-й (1 хв. 30,72 с.). Наперадзе ў Марыі выступленне ў слаламе, які з’яўляецца яе кароннай дысцыплінай.
“Я на многае разлічвала, — каменціруе сітуацыю спартсменка, — і, канечне, ніяк не чакала такога выніку. Спадзяюся на выступленне ў слаламе, думаю, для гэтага прыйдзецца пацярпець”.
З Марыяй Шканавай у Гранадзе працуе каманда беларускіх медыкаў, якія робяць усё магчымае, каб прывесці гарналыжніцу ў форму. Ёжы Малуш, асабісты трэнер спартсменкі, адзначае, што падрыхтоўка Марыі да ўніверсіяды прайшла на добрым узроўні, і ён усё яшчэ захоўвае надзею на вынік.
Пакуль што лепшы вынік беларусаў у горных лыжах належыць Юрыю Данілачкіну, які трапіў у дзясятку лідараў у камбінаваным слаламе (2 хв. 7,93 с.), ён жа стаў 13-м (1 хв. 20,83 с.) у суперкамбінацыі і 15-м (1 хв. 26,75 с.) у супергіганце.
Юрый знайшоў час, каб падзяліцца сваімі меркаваннямі аб падрыхтоўцы новай змены юных гарналыжнікаў, а таксама прадэманстраваць, як рыхтуюць да стартаў лыжы.
Мы заглядваем у памяшканне, дзе працуюць сэрвісмены каманд ці спартсмены, якія самастойна рыхтуюць інвентар да выступлення. Юрый замацоўвае лыжу на спецыяльным стале і знімае старую змазку.
“Гэта вельмі няпростая фізічна і шкодная для здароўя работа, — расказвае спартсмен. — Патрэбна прайсці некалькі этапаў работы шчоткамі, каб упэўніцца, што апорная паверхня лыжы абсалютна чыстая. Знімаем лішкі мяккім пэндзлем. Потым прыступаем да змазвання. Так званая лыжная мазь уяўляе сабой цвёрдыя кавалкі воску, якія плавяцца пры дапамозе спецыяльнага праса. Потым гэтым жа прасам мы раўнамерна размяркоўваем змазку па ўсёй паверхні лыжы”.
Пасля гэтага лыжы стаяць у цёплым памяшканні некалькі гадзін, упітваючы нанесеную мазь. Ужо раніцай спартсмен разам з іншымі камандамі спускаецца ў лыжную, каб адпаліраваць паверхню да люстранога бляску. Юрый расказвае, што сапраўдная работа сэрвісмена — гэта гады эксперыментаў і назіранняў. Толькі доследным шляхам можна знайсці аптымальны рэцэпт падрыхтоўкі лыжаў, а таму сэрвісмены высокага ўзроўню не спяшаюцца раскрываць прафесійныя сакрэты.
Ад лыжаў мы пераходзім да абмеркавання падрыхтоўкі беларускіх гарналыжнікаў. Спартсмен адзначае, што калі падрыхтоўка да тэхнічных відаў (слалама і гіганцкага слалама) у яго і гарналыжніка Данііла Чарціна праходзіць у Аўстрыі, то ў такой хуткаснай дысцыпліне, як супергігант, яе яўна недастаткова. Разам з тым Юрый упэўнены, што нават у такой нягорнай краіне, як Беларусь, можна стварыць сапраўды моцную гарналыжную школу.
“Для гэтага трэба, каб дзеці станавіліся на горныя лыжы з самага ранняга ўзросту, — адзначае Юрый Данілачкін, — а той базы, якая сёння існуе ў Беларусі, для гэтага больш чым дастаткова. Непрацяглыя спускі яшчэ лепшыя для дзяцей, за адну трэніроўку іх можна зрабіць некалькі.
Я сам з Санкт-Пецярбурга, там няма гор, але я не толькі нармальна катаюся, мне ўдалося заняць 19 месца на чэмпіянаце свету, што вельмі нядрэнна. Перспектывы ёсць. Цяпер я грамадзянін Беларусі і хачу выступаць за гэтую краіну”.
Трэнерам спартсмена да нядаўняга часу была яго маці Наталля Данілачкіна, аднак напрыканцы мінулага сезона Юрый прыняў рашэнне расстацца з ёй, каб развівацца далей. Ён адзначае, што аптымальным рашэннем для беларусаў было б далучэнне да трэніровачнага працэсу іншых каманд, у прыватнасці харватаў, немцаў ці славенцаў.
“Гэта нармальная еўрапейская практыка, — падкрэслівае спартсмен. — Напрыклад, фіны і славенцы трэніруюцца з немцамі, канадцы з нарвежцамі, паколькі трэніраваць хуткасныя дысцыпліны вельмі затратна. Трэба арандаваць схіл, выставіць па трасе трэнераў…Так робяць аўстрыйцы, таму ў гарналыжным спорце яны лепшыя!”
Калі для Юрыя Данілачкіна Сусветная зімняя ўніверсіяда — гэта яшчэ адна магчымасць удасканаліць майстэрства, то самы юны прадстаўнік гарналыжнай камнады Данііл Чарцін прызнаецца: для яго ўніверсіяда — унікальная магчымасць і каштоўны вопыт. Будзем спадзявацца, што ўсё яшчэ наперадзе!

З Гранады Наталля АЛЁХІНА.