Госць з мінулага

- 11:01Выхаванне

Выбар прафесіі — адно з галоўных пытанняў у жыцці кожнага чалавека. Тут трэба ўлічыць усё: і кірунак, у які імкнецца душа, і ўласныя здольнасці, і перспектыўнасць прафесіі. Усё гэта і прынята называць “знайсці сябе”. Для мінчаніна Дзмітрыя Ціханенкі ўсе гэтыя складнікі аб’ядналіся ў экалогію. Таму пасля школы ён, не раздумваючы, паступіў у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і выйшаў адтуль спецыялістам па ахове прыроды. Але свае карэктывы ўнёс спадар лёс: сваю місію Дзмітрый нясе ўжо 20 гадоў, але не ў лабараторыі, а ў… майстэрні па рамонце бытавой тэхнікі.

“Панк” з місіяй эколага

Захапленне Дзмітрыя толькі на першы погляд не звязана з аховай прыроды — яно ж не дало трапіць на сметнікі многім тысячам старых тэлевізараў, газавых пліт, радыёпрыёмнікаў, міксераў, блэндараў… Частка з іх не проста атрымала новае жыццё і шмат гадоў яшчэ праслужыць сваім гаспадарам, а стала сапраўднымі шэдэўрамі. Бытавую тэхніку і іншыя прывычныя для сучаснага чалавека рэчы ён “апранае” ў вопратку з каштоўных металаў — медзі, латуні, бронзы.
“Я сябе адношу да людзей, якія засталіся ў мінулым, — гаворыць Дзмітрый. — А вось будучыня, прызнаюся, мяне пужае. Асабліва пужае сам тэмп жыцця, імклівасць прагрэсу, які прыводзіць да катастрафічных для планеты наступстваў, у тым ліку і яе захламлення. Сёння чалавек гоніцца за апошняй мадэллю ноўтбука ці тэлефона, а заўтра, калі старанныя вытворцы выпусцяць новыя, больш прасунутыя, версіі, гэтыя аказваюцца на сметніку. Іншая справа — старыя, антыкварныя рэчы. Імі я не перастаю захапляцца. У мяне неяк сын спытаў: “Калі б у цябе была машына часу, куды б ты з яе дапамогай адправіўся: у будучыню ці ў мінулае?” Канечне, я вярнуўся б назад, на гадоў 200 і нават далей”.
Захапленне каларытнымі металамі ў Дзмітрыя пачалося яшчэ ў арміі, калі служыў на Паўночным флоце ў Баранцавым моры. На караблі было шмат дэталей, вентыляў, барашкаў з медзі, латуні, бронзы, якія юнаку трэба было рэгулярна надрайваць да бляску. Першыя творчыя спробы — літары, штурвалы — і цяпер захоўваюцца ў яго дэмбельскім альбоме. Хаця на генетычным узроўні павагу да металу і да працы з ім заклаў бацька, які, працуючы на заводзе слесарам, стаў сапраўдным асам: на свае вырабы ён нават ставіў кляймо, якое было вышэйшым знакам якасці.
Пасля трох гадоў службы юнак адкрыў майстэрню па рамонце бытавой тэхнікі, у якой працуе і сёння. І справа не ў здрадзе марам — ліхія дзевяностыя дыктавалі свае ўмовы. А ад металічнай меланхоліі ратавала калекцыяніраванне антыкварыяту з латуні, медзі — чайнікаў, турак, настольных лямп. І чым больш захапляўся старымі рэчамі, тым менш падабаліся сучасныя, пластыкавыя. Так паціху дома пачалося пераўтварэнне. Тое, што ёсць у продажы з металу, Дзмітрыю не падабалася, таму ўсёй сваёй бытавой тэхніцы ён замяніў карпусы ўласнай вытворчасці.
Пачалося ўсё са старога бабулінага халадзільніка, потым былі мікрахвалевая печ, газавая пліта, духоўка, выцяжка. Заканчвалася тэхнічная прастора свайго дома — паддаваўся на ўгаворы сваякоў працягнуць творчасць на іх кухнях.
“Адрамантаваць можна любую рэч. Пытанне толькі ў эканамічнай мэтазгоднасці для кліента: часам рамонт, скажам, пральнай машыны 80-х гадоў, даражэйшы за сучасную, — тлумачыць Дзмітрый. — Хаця па якасці выканання ўсё роўна сучасная будзе ўступаць старой, больш надзейнай. Калі гаварыць пра аўтаматычныя машыны, функцыянальна нічога ў іх значна не памянялася. Дарма, што вытворцы робяць больш рысачак на пераключальніку, кшталту “Кашамір” ці “Лёгкае прасаванне”.
Цюнінгу падвяргаў і сучасныя рэчы. Калі з’явіліся першыя плазменныя тэлевізары, ён такі таксама набыў, але тры гады не даставаў з каробкі, пакуль не сабраўся замяніць пластыкавы корпус на медны. Парадокс у тым, што Дзмітрый нават не ведаў, што ўсе яго работы аб’яднаны адным стылем — стымпанк. Атрымалася, што ён, сам таго не ведаючы, стаў не паслядоўнікам, а стваральнікам гэтага стылю. Чатыры гады назад яму прыйшло пісьмо з Масквы з запрашэннем на фестываль стымпанка, і ў адказ Дзмітрый напісаў: “Гэта памылка: ніякі я не панк”. А з-за іх настойлівасці пачаў разбірацца, што гэта такое, глядзець фота работ у гэтым стылі і зразумеў, што памылкі няма.

Насуперак “сіндрому кнопкі”

Гэтая акалічнасць для некага можа быць дзіўнай, бо многія з нас, перш чым нешта стварыць, змайстраваць, пабудаваць, прыгатаваць, вырасціць, знойдуць шмат інфармацыі, як гэта зрабіць. Канечне, першы памочнік тут інтэрнэт. Але толькі не для майго героя.
“Для мяне камп’ютар — маральнае выпрабаванне, — прызнаецца Дзмітрый. — Канечне, я ім валодаю, вяду сайт, прысвечаны стымпанку ў Беларусі, падтрымліваю кантакты са знаёмымі рамеснікамі. Але для мяне па-ранейшаму папяровы носьбіт больш прывабны, чым электронны. Апошняму я так і не прывык давяраць важную інфармацыю. Дарэчы, мне паступала шмат прапаноў наладзіць вытворчасць камп’ютараў, тэлефонаў, флэш-карт. Я прынцыпова за такія гаджэты не бяруся і гэта нават не абмяркоўваю. Ну не ляжыць да іх мая душа, таму ведаю, што добра не атрымаецца. Ды і сэнсу няма затрачваць працу, час і грошы на тое, што будзе актуальным лічаныя месяцы”.
Праўда, пасля такога апгрэйду любая старая мадэль будзе эксклюзіўнай. Напрыклад, на яго старэнькі Nokia 6670 многія памянялі б свае найноўшыя айфоны. Але тэлефон атрымаў дарагі чахол у якасці выключэння толькі таму, што гэта падарунак ад любімай жонкі. Дзмітрый нават знайшоў адмысловы спосаб вываду антэны, каб метал не экранаваў сігнал.
А вось на што не шкадуе часу Дзмітрый, дык гэта на кавамашыны, асабліва старыя мадэлі бойлернага тыпу. Іх у яго ўжо некалькі. Кожны раз ён іх мадэрнізуе, дапаўняе новымі функцыямі, спалучае з барнай стойкай, аснашчае шафамі, у якіх кожная паліца выконвае сваю функцыю. Напрыклад, у іх падаграваюцца кубкі для кавы ці чаю.
У многія рэчы ён уносіць элемент індывідуальнасці. А ўлічваючы, што большасцю рэчаў карыстаецца жонка Вольга, то іх ён удасканальвае адпаведна яе заўвагам. Напрыклад, яе духоўка адкрываецца ўбок, як камін, мае назіральнае акенца, а ручка ў ёй для Вольгі аказалася нязручнай, таму Дзмітрый зрабіў анатамічную — для гэтага рабіў злепак яе рукі.
На кожным вырабе майстар ставіць імянное кляймо, у якім шыфруе адразу некалькі важных для сябе параметраў пра яе стварэнне. На сёння такіх шыфраў ён паставіў больш за сотню. У свеце інтэр’ерныя рэчы ў стылі стымпанк на піку папулярнасці. Некалькі чалавек у Беларусі таксама паспрабавалі свае сілы ў гэтай тэхніцы, і на іх рахунку ёсць інтэр’ерныя рэчы. Дзмітрый жа, бадай, адзіны, хто стварае не проста бутафорыю, а дзейсныя машыны. Ды і ў свеце такіх людзей няшмат. На эксклюзіў ад Ціханенкі вялікі попыт у Расіі. Напрыклад, адзін са спонсараў расійскай тэлепраграмы “Кватэрнае пытанне”, замежны вытворца бытавой тэхнікі, аддаў яму на стымпанк-цюнінг свае кавамашыну, выцяжку, мультыварку і чайнік. Але дызайнеры, калі ўбачылі вынік, баючыся ажыятажу ў фірменных магазінах пасля выхаду праграмы, заклеілі свае лагатыпы. На некаторыя такія работы ў майстра ў сярэднім ідзе каля паўгода. Вось чаму свае вырабы Дзмітрый амаль не прадае. Большая частка складае інтэр’ер яго ўласнай кухні ў новым доме, які будуецца. Некаторыя рэчы ён падарыў родным і сябрам. А вось камерцыйны бок для яго не вызначальны: для яго гэта выключна спосаб адпачыць. Затое былі жадаючыя навучыцца.
“Некалькі разоў да мяне звярталіся маладыя людзі з просьбай навучыць майстэрству, — гаворыць Дзмітрый. — Але тут аказалася не ўсё проста: ці то мне з імі складана працаваць, ці то ім са мной. Справа яшчэ і ў тым, што свае работы я выконваю інтуітыўна, уявіўшы канчатковы варыянт у галаве. Я ніколі не раблю эскізаў. І калі тут мы з хлопцамі яшчэ змаглі б знайсці рашэнне, мне вельмі складана працаваць з тымі, хто не хоча старацца. А рабіць усё роўна трэба тое, што хочацца, што запланаваў, а не згаджацца на тое, што атрымалася. Я магу адну рэч перарабляць некалькі разоў, а мае навучэнцы не бачылі ў сваёй дэталі заган: ну і што, калі не ашліфавана, ну і што, што малюнак не атрымаўся”.
Затое ў вучні з задавальненнем запісаўся васьмігадовы сын Глеб. Праўда, пакуль метал асвоіць напоўніцу не ўдавалася. Шрубкі і шасцярэнькі, робаты і парамабілі, паравозы і дырыжаблі ў яго выходзяць самі па сабе, варта толькі ўбачыць перад сабой аркуш з алоўкам ці кавалак пластыліну. Для гэтага хлопчык не шкадуе вольнага часу, хоць яго і не так шмат: вучоба, мастацкая школа, трэніроўкі па акрабатыцы таксама важныя для яго заняткі.
“Кірунак стымпанка ўварваўся ў жыццё Глеба больш, чым у маё, — кажа бацька. — Ён гуляе са стылізаванымі героямі, малюе машыны, прыдумвае нерэальныя механізмы. У будучыні ён хоча ствараць такія рэчы сваімі рукамі. Спадзяюся, што гэта будзе не проста хобі: магчыма, удасца ў будучыні стварыць сямейную міні-фабрыку. Можа, і другі мой сын, якому хутка будзе год, некалі далучыцца да нашай творчасці і таксама не будзе шукаць лёгкіх шляхоў.
У сучаснай моладзі выразна праявіўся “сіндром кнопкі”. Памятаеце словы з песні: “Нажми на кнопку — получишь результат”? Моладзь прывыкла адным націскам кнопкі атрымліваць вынік, прычым менавіта такі, які хочацца. Таму ажыятаж выклікалі прынтары і фрэзерныя станкі з функцыяй 3D. Такі станок з дапамогай камп’ютарнай праграмы можа зрабіць нават копіі сусветна вядомых скульптур. Канечне, яны будуць яшчэ ўдасканальвацца, і таму самі скульптары хутка могуць стаць непатрэбнымі, саступяць дарогу машынам і іншыя творчыя людзі. Хаця, упэўнены, аматары ручной працы ўсё роўна будуць”.
У Дзмітрыя яшчэ шмат ідэй. Напрыклад, ён хоча паспрабаваць свае творчыя сілы не толькі ў кухоннай тэхніцы. Наступны яго шэдэўр вырвецца з майстэрні з ровам — гэта будзе прыгажун байк. А аматары ціхага, адасобленага адпачынку некалі змогуць ацаніць стымпанк-атмасферу ў будучай сямейнай кавярні Ціханенкаў. Для гэтага засталося завяршыць усе кавамашыны, якія так яскрава намалявала яго фантазія. Праўда, калі гэта будзе, мой суразмоўца не загадвае. Для яго важны не столькі вынік, колькі сам працэс.
“Я шчаслівы чалавек, — адказвае на маё пытанне Дзмітрый, — бо ў мяне ёсць не толькі любімая сям’я, але і любімая справа. Я ў адрозненне ад сваіх знаёмых не баюся працоўнага тыдня, а чакаю яго, а ўвечары не гляджу на гадзіннік, каб хутчэй зачыніць дзверы звонку. На выхадных я не рвуся на паляванне, рыбалку, у більярд ці бар. Для мяне найлепшы адпачынак і асалода — у майстэрні”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.