Госці з “Планеты навуковых цудаў”

- 14:34Адукацыйная прастора

Праекты, якія робяць навуку займальнай, — трэнд. З’яўляюцца інтэрактыўныя падручнікі, гульні становяцца часткай урокаў, адкрываюцца шматлікія музеі навукі, цэнтры эксперыментаў і лекторыі з яскравымі дэманстрацыямі доследаў. Бацькі ахвотна прыводзяць туды дзяцей, каб прывіваць цікавасць да фізікі і хіміі.

Edutainment сапраўды дапамагае матываваць вучняў і падтрымліваць іх увагу. Але карысны ён толькі тады, калі ёсць моцны адукацыйны элемент, а сцэнарый заняткаў прадуманы так, каб дзеці не толькі здзіўляліся прыгожым эксперыментам, але і запаміналі базавыя навуковыя паняцці, прынцыпы, законы.

Знайсці залатую сярэдзіну паміж шоу і навукай паспрабавалі ў Вілейскім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзе ўжо два гады працуе праект “Планета навуковых цудаў”. Што з гэтага атрымалася, расказалі метадыст цэнтра Вольга Вячаславаўна Шостак і яго выхаванец вучань 11 класа сярэдняй школы № 3 Вілейкі Мікіта Абрамчук.

В.В.Шостак і Мікіта Абрамчук.

— Я захапілася ідэяй навуковых эксперыментаў тры гады назад, калі да нас у цэнтр прыехаў, каб расказаць дзецям пра навуку, старшыня Цэнтра маладзёжных інавацый Уладзімір Уладзіміравіч Казбанаў, — пачала аповед Вольга Вячаславаўна. — Пасля яго выступлення захацелася зрабіць нешта простае і цікавае пра навуку для дзяцей нашага горада. Бо калі ў Мінску ёсць музеі навукі і навуковыя шоу, то ў Вілейцы нічога падобнага няма.

Са знойдзеных у інтэрнэце простых эксперыментаў і пачалося аб’яднанне па інтарэсах “Займальныя доследы”, на якім вучні 4 класа, яшчэ не знаёмыя з фізікай і хіміяй, выказвалі свае першыя гіпотэзы і правяралі іх эксперыментальна. Галоўнае правіла, якое сфармулявала для сябе Вольга Вячаславаўна: “Навука — гэта цікава, даступна і бяспечна”. Педагог адбірала доследы, якія можна паўтарыць без лабараторыі і дарагіх кампанентаў (з падручнага матэрыялу, як аказалася, можна зрабіць вельмі шмат дэманстрацый).

— Спачатку мы ставілі і абмяркоўвалі доследы толькі на занятках, але хутка гэтага стала недастаткова, — расказвае педагог. — Дзецям мала проста навучыцца нешта рабіць, ім вельмі важна паказаць свае новыя навыкі іншым. Таму ў Міжнародны дзень навукі мы ўпершыню прыйшлі ў школу з навукова-пазнавальнай праграмай “Навука — гэта цікава”. Хаця гэта быў наш першы вопыт, але такога захаплення ў дзіцячых вачах я не бачыла даўно. Думаю, ім спадабаліся не толькі самі эксперыменты, але і інтэрактыўнасць праграмы: падчас кожнай дэманстрацыі хто-небудзь з гледачоў станавіўся асістэнтам і дапамагаў.

З таго часу выхаванцаў аб’яднання з іх яскравымі эксперыментамі сталі запрашаць у школы і лагеры.

— Калі ў наступным го­дзе школьнікі прыйшлі на дзень адкрытых дзвярэй у цэнтр і мы сталі дэман­страваць свае доследы, аказалася, што многія ім ужо вядомы, — узгадвае Вольга Вячаславаўна. — І гэта стала новым выклікам. Захацелася стварыць штосьці больш цікавае, мы пачалі думаць, у якім напрамку расці.

З праектам “Планета навуковых цудаў” каманда падала заяўку на конкурс Social Weekend 10. Да Вольгі Вячаславаўны далучыліся педагог цэнтра Вольга Сяліцкая і Мікіта, які тады вучыўся ў 9 класе і толькі пачаў займацца ў аб’яднанні, а таксама Марк Новаш.

— Мы не прайшлі ў асноўны конкурс, але праект спадабаўся арганізатарам, нам прапанавалі разам з іншымі ўдзельнікамі прайсці трэк навучання, — працягвае Мікіта. — Мы рэгулярна прыязджалі на заняткі, брэйнштормілі, працавалі над праектам, удасканальвалі ідэю. Дзякуючы гэтаму, у праекта з’явілася свая старонка ва “УКантакце”, там мы сталі расказваць пра доследы, здымаць іх на відэа. Мы і цяпер развіваем гэты напрамак: дасылаем свае ролікі на беларускія і расійскія конкурсы.

Ды галоўнае, што ў праекта з’явілася дакладная траекторыя развіцця. Наступным крокам стаў вілейскі раённы конкурс папулярызатараў навукі NAUKA+, арганізаваны пры падтрымцы беларускай асацыяцыі “Конкурс”. Удзельнікі падрыхтавалі вершы і прозу, крыжаванкі, філворды, рэбусы, малюнкі пра навуку, прэзентавалі свае ролікі з навуковымі эксперыментамі і аповедамі пра сваю школу. Асобную намінацыю “Гаджэты — сябры ўрока” вылучылі для настаўнікаў: педагогі расказвалі, як право­дзяць заняткі з дапамогай тэлефонаў, каб навучыць дзяцей разумна карыстацца га­джэтамі.

— Мы хацелі паказаць, што навука — гэта не толькі складаная тэорыя і высокія тэхналогіі, — акцэнтуе ўвагу Вольга Вячаславаўна. — Навука цесна звязана з мастацтвам і ахоплівае ўсё, што вакол нас.

У гэтым годзе з’явіўся яшчэ адзін конкурс — “Кірмаш займальных эксперыментаў”. Дзеці з розных школ горада сабраліся ў гарадскім парку, каб паказваць і тлумачыць адно аднаму цікавыя эксперыменты. Фармат настолькі спадабаўся ўдзельнікам, што на вялікіх гарадскіх святах і фестывалях усё лета з’яўлялася інтэрактыўная пляцоўка з навуковымі дэманстрацыямі ад праекта “Планета навуковых цудаў”.

Мінулы навучальны год увогуле стаў вельмі прадукцыйным для праекта. Вілейскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі паўдзельнічаў у конкурсе асацыя­цыі “Адукацыя для будучыні” “Хачу вучыцца ў STEM-класе” і выйграў спецыяльны прыз — 11 планшэтаў. Так у маленькіх эксперыментатараў з’явіўся свой STEАM-цэнтр.

Адначасова Мікіта прадставіў праект на Рэспубліканскім конкурсе velcomYOUTH і прайшоў у фінал. Гэта дало магчы­масць зноў вучыцца, раіцца з ментарамі, знахо­дзіць новыя ідэі. У межах конкурсу Мікіта разам мз Львом Шостакам навуковую пра­граму для дзяцей з асаблівасцямі развіцця.

— Гэта, напэўна, наша галоўная парада для ўсіх, хто хоча развіваць адукацыйныя праекты: удзельнічайце ў конкурсах, падавайце заяўкі на гранты, шукайце магчы­масць вучыцца, — падсумоўвае Мікіта.

Падтрымлівае яго ідэю і Вольга Вячаславаўна. Яна нядаўна стала ўдзельніцай летніка “Настаўнікі для настаўнікаў”, куды таксама адправілася ў пошуку новага натхнення. У выніку своеасаблівыя філіялы праекта ў наступным навучальным годзе з’явяцца ў Лагойску і Бабруйску. Там адпаведныя аб’яднанні па інтарэсах будуць развіваць настаўніца пачатковых класаў лагойскай сярэдняй школы № 1 Святлана Іванюшына і настаўніца фізікі гімназі №1 Бабруйска Таццяна Багдановіч. Дарэчы, калі ў вас ёсць жаданне арганізаваць такое аб’яднанне ў сваёй навучальнай установе, звяртайцеся да Вольгі Вячаславаўны па дапамогу.

Нарэшце, каб рухаць праект наперад, рабіць больш складаныя доследы, распрацоўваць нестандартныя заняткі і навуковыя праграмы, каманда “Планеты навуковых цудаў” запусціла краўдфандынгавую кампанію на Ulej.by. Любы ахвотны можа падтрымаць праект і атрымаць ад яго аўтараў прыемныя падарункі — электронныя зборнікі рэцэптаў і інструкцый да самых цікавых эксперыментаў гэтай незвычайнай лабараторыі.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва герояў.

Якой павінна быць дэманстрацыя доследаў

Калі на пляцоўцы “Планеты навуковых цудаў” паказваюць эксперымент, то гэта найперш пазнавальныя заняткі, і толькі пасля займальнае шоу. Каманда праекта лічыць, што прывучаць дзяцей да таго, што іх будуць забаўляць, вельмі шкодна. Таму непасрэдна эксперымент — самая кароткая частка выступлення. Пасля  дэманстрацыі нестандартнай з’явы ці працэсу вядучы, калі магчыма, прапануе гледачам паўтарыць яго самастойна — гэта дапамагае прыцягнуць увагу аўдыторыі.

— А пасля пачынаецца самае важнае, — расказвае Вольга Вячаславаўна. — Вядучы задае шмат адкрытых пытанняў: “Што вы назіралі? Што адбылося? А як такое можа быць?” Важна, каб пытанні былі менавіта адкрытыя, бо закрытыя звычайна падказваюць, падштурхоўваюць да правільнага адказу, а адкрытыя прымушаюць разважаць, шукаць ідэі. Часта дзеці дастаюць тэлефон і пачынаюць гугліць. Гэта таксама добра: так яны атрымліваюць навыкі пошуку. Калі дзіця само знойдзе адказ, яно запомніць яго надоўга.

Здаецца, што матылёк навучыўся левітацыі…

Асабліва важныя пытанні “Дзе вы яшчэ маглі гэта ўбачыць? Што ёсць падобнае ў прыродзе? У тэхніцы?”. Яны дапамагаюць звязаць эксперымент з рэальным жыццёвым вопытам, са знаёмымі паняццямі.

— Калі мы дэманструем дослед з папяровай кветкай, якая распускаецца, калі пакласці яе на ваду, — прыво­дзіць прыклад педагог, — мы разважаем пра капіляр­насць і праводзім аналогію з сапраўднымі кветкамі пасля дажджу. Так знаёмы вобраз і эмоцыі ад шоу дапамагаюць запомніць новае паняцце.

Навуковую праграму не пакажаш двойчы ў адной аўдыторыі. Як паказала практыка, дзеці помняць пабачаны эксперымент і праз год. Другое жыццё дослед можа атрымаць толькі тады, калі вучань з гледача ператварыўся ў выступоўцу.

…насамрэч ён трымаецца з-за змяшчэння цэнтра цяжару.

— Мы так часта робім на занятках аб’яднання. Калі адзі­н вучань захварэў і прапусціў, то іншыя могуць пака­заць яму, чым мы займаліся, — расказвае Вольга Вячаславаўна. — Пры гэтым я нічога не нагадваю і не падказваю.

Замацаваць веды дапамагае любая работа рукамі. Абмеркаваўшы эксперымент, выхаванцы гуртка май­струюць, малююць, складаюць нешта, звязанае з тэмай заняткаў.

— Падчас гэтага трэба проста пагутарыць з дзецьмі, — тлумачыць педагог. — Бо перш за ўсё яны прыхо­дзяць у дадатковую адукацыю за ўвагай. У мяне займаліся дзве сяброўкі, якія прыйшлі вельмі ціхімі і сарамлівым дзяўчынкамі, а ўжо ў канцы навучальнага года пачалі самі праводзіць эксперыменты на публіцы. Такія перамены натхняюць!