Госці з сонечнай краіны

- 14:51Адукацыйныя праекты

Юныя сірыйцы Бахжат, Язан і Алі яшчэ некалькі дзён назад амаль нічога не ведалі пра Беларусь, а сёння яны ўжо са своеасаблівым акцэнтам кажуць “Прывітанне!”, “Дзякуй!” і плануюць удасканальваць сваё веданне беларускай мовы. Праз колькі тыдняў хлопцы ўвогуле змогуць расказаць сваім сябрам аб беларускіх традыцыях і галоўных славутасцях Сінявокай. А ўсё гэта дзякуючы адпачынку ў “Зубраняці”. Бахжат, Язан і Алі апынуліся ў ліку 80 дзяцей з Сірыі, якія па запрашэнні кіраўніка нашай дзяржавы праходзяць аздараўленне ў Беларусі.

Гасцей з Сірыі ў “Зубраняці” прымаюць упершыню, аднак гэта не першая група адпачывальнікаў з замежных краін. Так, з 2012 года ў галоўнай дзіцячай здраўніцы Беларусі адпачываюць і аздараўліваюцца дзеці з японскіх прэфектур Міягі і Фукусіма. Таксама шчыра віталі на берагах Нарачы дзяцей з Кітая.

Сёлета ў НДЦ “Зубраня” ў суправаджэнні чатырох дарослых прыехалі 40 дзяцей з Сірыі. Гэта дзеці з няпростым лёсам — яны сіроты і выхоўваюцца ў прытулках. Арганізатары падрыхтавалі для іх максімальна камфортныя ўмовы.

З першых хвілін знаходжання на беларускай зямлі госці адчулі гасціннасць нашай краіны і трапілі ў добразычлівую атмасферу. У аэрапорце іх сустракала вялікая дэлегацыя, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і НДЦ “Зубраня”. А ў “Зубраняці” сірыйцаў чакалі і шчыра віталі беларускія дзеці. Сустрэча ля кастра сяброўства стала фундаментам для добрых сяброўскіх адносін.

У “Зубраняці” ёсць усё неабходнае для цудоўнага адпачынку. Госці жывуць у камфартабельных карпусах, з імі знаходзяцца суправаджальнікі, перакладчыкі, важатыя цэнтра. Прадумана спецыяльнае меню і складзена насычаная праграма знаходжання ў лагеры. Вялікая ўвага ўдзяляецца аздараўленню дзетак. Так, яны наведалі Мінскую абласную дзіцячую клінічную бальніцу, дзе прайшлі медыцынскае абследаванне і атрымалі рэкамендацыі спецыялістаў. Акрамя таго, сірыйскія госці праходзяць санаторна-курортнае лячэнне ў сучасным медыцынскім цэнтры, які дзейнічае ў “Зубраняці”. Ім даступна фізіятэрапеўтычнае, бальнеалагічнае лячэнне, аромафітатэрапія, іонатэрапія, прапаноўваюцца фітачаі, кіслародныя кактэйлі і іншае.

У праграме прадугледжана мноства мерапрыемстваў, якія дазволяць гасцям з далёкай краіны пазнаёміцца з Беларуссю. Яны ўжо паўдзельнічалі ў свяце беларускай культуры “Зямля пад белымі крыламі”. Падчас правядзення мерапрыемства сірыйцы паспрабавалі танцаваць беларускія народныя танцы і спяваць песні, даведаліся аб знакамітых беларускіх дзеячах культуры і навукі. Наперадзе ў іх — наведванне экскурсiйнага цэнтра старажытнай побытавай культуры беларусаў “Хутар “Неслуч”, паездка ў сталіцу, падарожжа ў Мір і Нясвіж і знаёмства са славутасцямі Беларусі. У сваю чаргу, юныя сірыйцы пазнаёмяць выхаванцаў “Зубраняці” са сваёй краінай і культурай. У планах — правядзенне вечара “Сірыя — сонечная краіна”.

Падрыхтавана і мноства спартыўных мерапрыемстваў, чаму вельмі рады актыўныя і энергічныя сірыйскія дзеці. Іх парадавала магчымасць плаваць у басейне, яны з задавальненнем катаюцца на скейтах, роліках, гіраскутарах, наведваюць тарзан-парк, трэнажорную пляцоўку. Дзеці ўжо пачалі падрыхтоўку да таварыскага матча па футболе і да спартландыі.

Надзвычай багатая праграма забаўляльных мерапрыемстваў. Гульня-квест, паход на лодках, фестываль мастацтваў, навуковае шоу, свята марожанага, акцыі, конкурсы, дыскатэкі — сумаваць дзецям не будзе калі. Трэба адзначыць, што праграма складзена з улікам магчымасцей для знаёмства і сяброўства юных сірыйцаў і беларусаў, тым больш што з першага дня стала відавочна: дзецям гэта цікава і патрэбна. Нават па-за межамі мерапрыемстваў, у вольны час, яны з задавальненнем знаёмяцца, вучаць новыя словы, разам танцуюць, гуляюць і робяць безліч сумесных фотаздымкаў.

— Дзецям тут вельмі цікава, яны знаходзяцца ў пастаянным прадчуванні, што ж яшчэ цікавага будзе далей. Здаецца, у іх тут з’явілася яшчэ больш энергіі, чым было раней, — расказвае Маан Ал Габра, выхавальнік, які суправаджае сірыйскіх дзяцей. — У лагеры прадастаўляецца столькі магчымасцей, аб якіх дзеці не маглі і марыць. Мы вельмі рады гэтаму і ўдзячны ўсім, хто дапамог у гэтым.

— Для дзяцей гэта вельмі многа значыць. Шмат чаго яны тут убачылі і паспрабавалі ўпершыню ў сваім жыцці, — падтрымлівае меркаванне калегі Асама Мбарке. — Гэта цікавы вопыт і для нас, выхавальнікаў. Мы абавязкова раскажам нашым сябрам і калегам на радзіме пра цудоўную краіну Беларусь і неверагоднае месца, у якім пабывалі, — “Зубраня”.

Дарослых і дзяцей вельмі ўразіў НДЦ “Зубраня” — створанымі ўмовамі, дагледжанасцю тэрыторыі, зладжанасцю работы супрацоўнікаў цэнтра, цікавымі традыцыямі. Па словах сірыйскіх выхавальнікаў, яны прыйшлі да агульнай думкі: цудоўна было б стварыць такі ж дзіцячы цэнтр на радзіме, у Сірыі. І хто ведае, магчыма, у хуткім часе гэтыя мары спраўдзяцца і сірыйскія дзеці таксама будуць па вечарах сустракацца ля кастра сяброўства, збірацца ў “зубраняцкае” кола.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.