Градус актыўнасці — высокі

- 15:05Магілёўшчына

Кадзінская школа, як і магілёўскі абласны ліцэй № 3, унікальная сваёй атмасферай, асяроддзем. У ёй павышаны градус актыўнасці як сярод вучняў, так і настаўнікаў. Яны натхняюць і дапаўняюць адно аднаго. Як заўважыла дырэктар навучальнай установы Наталля Тарасенка, ёй прасцей сказаць, дзе яе вучні не ўдзельнічаюць. Я ж паспрабую засяродзіцца на тым, дзе кадзінскія школьнікі ўдзельнічаюць.

Наша знаёмства са школай пачалося з гісторыка-краязнаўчага музея. Музей мае некалькі пакояў, яго экспазіцыі ахопліваюць станаўленне і жыццё кадзінскай школы, а таксама расказваюць пра традыцыі і гісторыю Кадзіна і наваколля. Значыць, вучні займаюцца гісторыяй, аднаўленнем мясцовых народных традыцый, шануюць памяць продкаў.

У 1994 годзе, першы ў Магілёўскім раёне, у школе быў адкрыты пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, які функцыянуе і сёння. Для індывідуальнай работы з дзецьмі з АПФР абсталяваны кабінет карэкцыйнай работы. У адным з класаў працуе настаўнік-метадыст, дыпламант рэспубліканскага этапу конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года”, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, аўтар метадычных распрацовак карэкцыйных заняткаў, настаўнік-дэфектолаг В.І.Лугоўская. У 2015 годзе школа стала адной з пілотных у рэалізацыі міжнароднага праекта ТEMPUS INOVEST “Усходняе партнёрства ў галіне педагагічных інавацый у інклюзіўнай адукацыі”. Школьнікі вучацца быць талерантнымі да дзяцей з асаблівасцямі.

У 2016/2017 навучальным годзе на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі быў адкрыты 10-ы профільны педагагічны клас з вывучэннем асобных прадметаў на павышаным узроўні (хімія і біялогія). 16 выпускнікоў школы сталі настаўнікамі і працуюць у роднай навучальнай установе.

У школе створаны ўмовы для развіцця алімпіяднага руху: у кабінетах — сучаснае абсталяванне, ёсць неабходная вучэбная літаратура, працуюць матываваныя настаўнікі. Навучэнцы кадзінскай школы з’яўляюцца пераможцамі раённых, абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. Вучні Вольга Врукала, Кірыл Цярэшчанка, а таксама іх настаўнікі А.Э.Заблоцкая (абслуговая праца), І.В.Яфрэмкава (грамадазнаўства) з’яўляюцца лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Інтэлектуальнае развіццё дзяцей і падлеткаў знайшло сваё адлюстраванне ў міжнародных інтэлектуальных інтэрнэт-гульнях “Вялікія гонкі” і “Эрудыты планеты”. Каманда школы “Зямляне”, якой кіруе настаўніца геаграфіі А.І.Багамаз, увайшла ў вышэйшую лігу.

Вялікая ўвага ў школе ўдзяляецца развіццю фізічнай культуры і спорту навучэнцаў. Дзеці маюць магчымасць наведваць секцыі па футболе, вольнай барацьбе, лёгкай атлетыцы. У школе функцыянуюць стадыён, спартыўная зала, хакейная пляцоўка. У 2015 годзе юныя хакеісты ўстановы сталі пераможцамі абласнога і рэспубліканскага этапаў спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (дывізіён “В”, малодшая група), у 2016 годзе — бронзавымі прызёрамі Рэспубліканскага хакейнага турніру.

Выхаваўчая сістэма ў кадзінскай школе заслугоўвае асаблівай увагі. Яна па праве лічыцца адной з лепшых у Магілёўскім раёне. Прынамсі, школьная “Рэспубліка Кімберлі” вядома далёка за межамі раёна. Вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі работы з дзіцячымі і маладзёжнымі грамадскімі арганізацыямі. Паспяхова функцыянуюць акцябрацкая група і піянерская дружына імя Я.К.Усікава. Поспехі дзяцей і падлеткаў адзначаны дыпломамі на ўсіх узроўнях. Напрыклад, акцябрацкая група “Цвецік-сяміцвецік” у 2017 годзе стала пераможцай абласнога і прызёрам рэспубліканскага этапу інтэлектуальна-творчай гульні “Пароль: “Акцябронак”, — будзь гатовы!” і “Зарнічка”.

У школе больш за 10 гадоў дзейнічаюць атрады юных інспектараў дарожнага руху “Рэверс” і юных ратавальнікаў-пажарных “Лайф”, якія неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі раённых і абласных конкурсаў і алімпіяд.

Візітнай карткай Кадзінскай сярэдняй школы сталі літаратурныя балі, тэматыка якіх вызначаецца штогадовым календаром юбілейных дат у культурным жыцці краіны. Пушкінскі і шэкспіраўскі, пакроўскі і гусарскі, франтавы і лермантаўскі, купалаўскі і баль савецкай моладзі агортваюць незвычайнай атмасферай розных часоў і літаратурных твораў.

Нядзіўна, што кадзінская школа станавілася лідарам сярод устаноў адукацыі Магілёўскага раёна. У розныя гады яна была пераможцай у абласным спаборніцтве на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Магілёўскай вобласці, станавілася лепшай установай адукацыі сярод сельскіх школ вобласці.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.