Графічныя сэрвісы Web 2.0 — для гісторыкаў і грамадазнаўцаў

- 13:02Сродкі навучання

У Нацыянальным інстытуце адукацыі прайшоў вочны этап Рэспубліканскага семінара “Графічныя сэрвісы Web 2.0 у практыцы настаўніка гісторыі і грамадазнаўства”. У яго рабоце прынялі ўдзел настаўнікі-практыкі з розных рэгіёнаў краіны, кіраўнікі рэсурсных цэнтраў, метадысты навукова-метадычнага цэнтра НІА.

Фарміруючы прафесійную кампетэнтнасць

Мэта семінара — фарміраванне кампетэнтнасці педагогаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў выкарыстанні сеткавых сэрвісаў інтэрнэту для рашэння прафесійных задач. Удзельнікі мерапрыемства разгледзелі педагагічныя магчымасці выкарыстання сэрвісаў Web 2.0, пытанні візуалізацыі грамадска-палітычных, сацыяльна-эканамічных і культурных працэсаў з дапамогай гэтых сэрвісаў, спосабамі выкарыстання інфаграфікі на ўроках гісторыі і грамадазнаўства, а таксама пазнаёміліся з магчымасцямі віртуальных падарожжаў і скрайбінгам як спосабам візуальнага мыслення.
Практыка паказвае, што ўсё больш педагогаў у сваёй рабоце выкарыстоўваюць сэрвісы Web 2.0. Праўда, гэтае паняцце ўзнікла каля 10 гадоў назад. Як адзначыла начальнік аддзела метадычнага забеспячэння гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі НІА Святлана Анатольеўна Кудраўцава, сэрвісы Web 2.0 — гэта сродкі інтэрнэту, што валодаюць такімі прыкметамі, як свабодны доступ — базавыя функцыі даступны ўсім карыстальнікам на бясплатнай аснове; магчымасць стварэння, размяшчэння, захоўвання, распаўсюджвання рэсурсаў рознага тыпу (прэзентацыі, дакументы, слайд-шоу) на прапанаванай платформе без выкарыстання спецыялізаванага праграмнага забеспячэння і самае галоўнае — магчымасць сумеснага выкарыстання (стварэнне, рэдагаванне, абмеркаванне і г.д.) рэсурсаў некалькімі карыстальнікамі. Асноўныя перавагі сэрвісаў з пункту гледжання іх выкарыстання ў выкладанні — гэта магчымасць прадукцыйна прымяняць уласныя рэсурсы і рэсурсы іншых карыстальнікаў, развіццё вуснай і пісьмовай камунікацыі, рэфлексіўных уменняў; даступнасць і прастата ў засваенні большасці сэрвісаў дазваляе ствараць рэсурсы рознай ступені складанасці, а таксама ўраўноўвае навучэнцаў і педагогаў з розным узроўнем ІКТ-кампетэнцый.
Як было заўважана, беларускамоўных сэрвісаў Web 2.0 няма. Але можна змяніць сітуацыю, калі напоўніць ужо існуючыя рэсурсы беларускамоўным зместам.
Удзельнікам семінара былі прадстаўлены наступныя сэрвісы: для захоўвання інфармацыі і сумеснай работы з дакументамі — іх можна выкарыстоўваць як сродак арганізацыі і падтрымкі школьнага дакументаабароту; для сумеснага рэдагавання дакументаў праектнай дзейнасці навучэнцаў; для правядзення і падтрымкі ўрокаў (напрыклад, Google Docs); для сумеснага захоўвання закладак; для стварэння тэкставых матэрыялаў і прэзентацый (напрыклад, DocMe, Calameo). Апошнія дазваляюць загружаць дакументы і прэзентацыі розных фарматаў, а загружаныя файлы можна праглядаць у інтэрнэце, можна пампаваць, друкаваць, устаўляць у блог. Важна і тое, што апублікаваныя файлы можна зрабіць даступнымі ўсім карыстальнікам, а можна пакінуць іх для свайго асабістага карыстання. Пазнаёміліся педагогі з сэрвісамі і праграмамі для стварэння апытанняў і тэстаў (напрыклад, Hot Potatoes, “Мастер-Тест” і інш.). Уяўляюць цікавасць для настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства таксама сэрвісы для стварэння “воблака слоў”. Яны дазваляюць будаваць “воблакі слоў” з уведзенага карыстальнікам тэксту. “Воблака слоў” дае магчымасць убачыць агульныя тэрміны ў тэксце, групуючы падобныя словы разам і падкрэсліваючы часта выкарыстаныя, хутка і эфектыўна прадставіць статыстыку. Напрыклад, навучэнцам можна даць заданне: з прапанаванага “воблака слоў” выбраць у адзін слупок тыя словы, якія адносяцца да адной гістарычнай падзеі, а ў другі слупок — да іншай.
Спатрэбяцца настаўнікам відэа- і фотасэрвісы. Фотасэрвісы дазваляюць бясплатна захоўваць, класіфікаваць, абменьвацца лічбавымі фотаздымкамі, аўдыя- і відэазапісамі, тэкставымі файламі, прэзентацыямі. Так, гісторыю свету ў фотаздымках з мінулага прадстаўляе сэрвіс Wordlе Historypin. Гісторыя становіцца больш нагляднай і цікавай, калі яе “прывязаць” да кропкі на карце. Настаўнік ці навучэнец можа запампаваць фотаздымкі на сайт і “прывязаць” іх да пэўных мясцін. Іншыя карыстальнікі будуць шукаць цікавыя аб’екты на карце не толькі па іх месцазнаходжанні, але і па часе. Акрамя таго, кожны здымак можна параўнаць з выявай з цяперашняга. Яшчэ адной бясплатнай праграмай для работы з лічбавымі фотаздымкамі з’яўляецца Picasa, якая таксама адкрывае настаўнікам шматлікія магчымасці.
Геасэрвісы могуць выкарыстоўвацца педагогамі як крыніца карт і выяў на мясцовасці, як платформа для правядзення сеткавых праектаў, звязаных з адгадваннем і пошукам розных гістарычных месцаў зямлі, як віртуальныя экскурсіі па памятных мясцінах. Так, напрыклад, можна згадаць набор дадаткаў Google maps, пабудаваны на аснове бясплатнага картаграфічнага сервісу. Сервіс уяўляе сабой карту і спадарожнікавыя фота ўсяго свету.
Спадабаецца навучэнцам і наведванне віртуальных музеяў, дзе яны змогуць удасканаліць сваё ўспрыманне мастацтва і мастацкі густ (“Академия культуры Google”, “Арт-проект” (Art Project), “Чудеса света” (World Wonders Project)).

На розных этапах урока — ментальныя карты

Павысіць матывацыю школьнікаў да навучання, развіць прадметныя і камунікатыўныя кампетэнцыі, творчыя здольнасці, а таксама выявіць прычыны цяжкасцей і карэкціраваць веды вучняў дазваляюць ментальныя карты ці інтэлект-карты (карты розуму, ці майндмэпс). Дарэчы, існуюць сэрвісы для стварэння такіх карт.
Аб асаблівасцях прымянення ментальных карт на ўроках гісторыі расказала метадыст аддзела метадычнага забеспячэння гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі НІА Ірына Мікалаеўна Знак. Па яе словах, ментальную карту можна прымяняць для стварэння новых ідэй, іх фіксацыі, аналізу і ўпарадкоўвання інфармацыі, прыняцця рашэнняў, г.зн. на этапе “мазгавога штурму” (напрыклад, прааналізаваць вынікі Другой сусветнай вайны), а таксама аформіць інфармацыю так, што мозг лёгка яе ўспрыме (напрыклад, адлюстраваць на ментальнай карце асноўныя напрамкі знешняй палітыкі ВКЛ у сярэдзіне ХІІІ—ХVI стагоддзяў). Сутнасць метаду запісу і арганізацыі інфармацыі ў тым, што вылучаецца асноўнае паняцце, ад якога адгаліноўваюцца задачы, думкі, ідэі, крокі ў рэалізацыі праекта. Кожная галінка можа змяшчаць некалькі больш дробных галінак-падпунктаў. Да ўсіх запісаў можна пакідаць каментарыі, якія дапамогуць не заблытацца.
Перавагі інтэлект-карт: эканомія амаль паловы часу на канспект, канцэнтрацыя інфармацыі на важных момантах, візуальна дакладныя асацыяцыі, паляпшэнне запамінання. Інтэлект-карты могуць выкарыстоўвацца на розных тыпах і формах урока: вывучэнне новага матэрыялу, замацаванне або абагульненне вывучанага, напісанне даклада, рэферата, навукова-даследчай работы, падрыхтоўка праекта, прэзентацыі; анатаванне, канспектаванне. Пры дапамозе лагічных структурных схем можна выбудаваць вялікую колькасць матэрыялу, можна сістэматызаваць увесь курс, а можна гэтую структурна-лагічную схему пабудаваць па асобным параграфе.
“Зразумела, такую ментальную карту можна намаляваць і на паперы. Аднак мінус такой работы — карта не праслужыць доўга, з цягам часу яна страчвае свой знешні выгляд. А пры выкарыстанні ІКТ такой картай можна карыстацца неабмежаваны час, — падкрэсліла І.М.Знак. — Акрамя таго, калі вучні складаюць ментальную карту ў групе, то не відаць, хто які ўклад зрабіў. А сэрвісы Web 2.0 даюць магчымасць гэта высветліць. Можна праверыць, хто якую інфармацыю дадаў”.
Удзельнікі семінара самі паспрабавалі зрабіць ментальную карту па тэмах “Полацкае княства”, “Падрыхтоўка да Дня святога Валянціна”, а таксама “Новае жыццё”, што, дарэчы, у іх добра атрымалася.

Скрайбінг як спосаб візуальнага мыслення

Вучонымі ўжо даўно даказаны той факт, што чалавек больш за 80% інфармацыі ўспрымае візуальна. А даследчыкі ў галіне адукацыйных методык высветлілі, што праз тры дні пасля правядзення лекцыі слухачы ў стане ўспомніць 10% ад усяго пачутага, 35% ад усяго ўбачанага, але могуць ўзнавіць 65% зместу прэзентацыі, калі яна праходзіла ў выглядзе вуснага паведамлення, падмацаванага візуальнымі вобразамі. Таму сёння як ніколі актуальнае пытанне стварэння графічных прэзентацый, якія дазваляюць слухачам успрымаць і засвойваць інфармацыю больш эфектыўна. Новай тэндэнцыяй у гэтай сферы з’яўляецца скрайбінг, альбо выкарыстанне замалёвак для правядзення лекцый.
Па словах С.А.Кудраўцавай, скрайбінг — гэта ўнікальны спосаб прыцягнуць увагу, заваяваць аўдыторыю, забяспечыць яе дадатковай інфармацыяй, узмацніць ключавыя моманты прэзентацыі. Поспех і эфектыўнасць скрайбінгу тлумачыцца тым, што чалавечы мозг схільны маляваць карцінкі, мысліць вобразамі, а мова малюнка ўніверсальная. Скрайбінг ператварае тэзісы прэзентацыі ў словы і вобразы, абмалёўвае сувязі. Педагогу не абавязкова валодаць тэхнікай класічнага малюнка, але ён павінен разумець, як правільна і зразумела замяняць дзеясловы і назоўнікі на сімвалы і вобразы ў форме замалёвак. Скрайбінг — гэта не толькі вобразныя малюнкі. Наглядна прадэманстраваць свае ідэі можна, ператварыўшы іх у графікі, матрыцы, іерархічныя структуры і дыяграмы. Пры гэтым усе віды схем і малюнкі павінны складаць цэласны візуальны вобраз.

Інфаграфіка

Адной з папулярных форм распаўсюджвання ідэй пры дапамозе візуальных вобразаў з’яўляецца інфаграфіка. Аб ёй удзельнікам семінара паведаміла метадыст аддзела метадычнага забеспячэння гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі НІА Алена Аляксандраўна Палейка.
“Унікальны, арыгінальны вобраз можа прыцягнуць увагу вялікай колькасці людзей. Адна граматная выява каштуе 1000 слоў. Яна здольна спрасціць сэнс і ў той жа час перадаць усю неабходную інфармацыю, — падкрэсліла А.А.Палейка. — Прычым гэтая інфармацыя ўспрымаецца лягчэй і хутчэй. Яна валодае вірусным эфектам: калі інфаграфіка атрымалася цікавай, то карыстальнікі пачнуць дзяліцца ёй з іншымі людзьмі”.
Візуальна інфаграфіка можа быць прадстаўлена ў розных формах. Напрыклад, у якасці карыкатуры, дыяграмы, ілюстрацыі, эмблем ці простых малюнкаў. Любы вобраз падыходзіць, калі ён эфектыўна працуе для перадачы даных, выконваючы канкрэтныя мэты, пастаўленыя складальнікам інфаграфікі. Камп’ютарнай праграмы, распрацаванай спецыяльна для візуалізацыі інфармацыі, такім чынам, на дадзены момант не існуе. Але ёсць спецыяльныя інтэрнэт-сэрвісы, з дапамогай якіх можна стварыць інфаграфіку анлайн. Найбольш папулярнымі сярод іх з’яўляюцца Visual.ly, Piktochart.com, Easel.ly, Infogr.am. Самастойна стварыць інфаграфіку можна і з дапамогай Photoshop, але для гэтага неабходна добра разбірацца ў асаблівасцях праграмы, бо гэты графічны рэдактар з’яўляецца прафесійным інструментам. Неабходна добра прадумаць асаблівасці прадстаўлення даных, узаемасувязі паміж імі, прыгожа ўсё аформіць і прадумаць, як зрабіць так, каб наведвальнікі не толькі зацікавіліся, але і падзяліліся спасылкай з іншымі людзьмі і ў сацыяльных сетках.
Удзельнікі семінара прыйшлі да высновы, што выкарыстанне на ўроку інтэрнэт-сэрвісаў здольна павысіць узровень нагляднасці, стымуляваць пазнавальны інтарэс да гісторыі, надаць рабоце праблемны, даследчы характар, у многім садзейнічаць абнаўленню змястоўнага боку прадмета. Настаўніку, які прымяняе ІКТ на ўроках, лягчэй устанавіць кантакт з вучнямі, далёкімі ад гісторыі, але асабліва захопленымі камп’ютарам. Менавіта гэтыя дзеці становяцца галоўнымі памочнікамі настаўнікам, што павышае і іх самаацэнку.
На дыстанцыйным этапе семінара-практыкуму, які будзе працягвацца да 17 лютага, педагогі распрацуюць уласныя метадычныя матэрыялы пры дапамозе сэрвісаў Web 2.0, якія змогуць выкарыстоўваць пры рабоце з дзецьмі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.