Грамадска патрэбнае даследаванне

Цікавае і грамадска патрэбнае даследаванне ў рамках вучэбнага прадмета “Гісторыя” правёў вучань 11 класа сярэдняй школы № 34 Магілёва Максім Бяляеў.

Гісторыяй у цэлым і даследчай дзейнасцю ў прыватнасці Максім захапляецца даўно. Юнак не раз прымаў удзел у са­праўдных археалагічных раскопках, палявых выездах пошукавых атрадаў. Штогод вынікова ўдзельнічае ў алімпіядах па гісторыі і грамадазнаўстве, даследчых конкурсах. Цяпер жа малады чалавек зацікавіўся фондамі архіваў. Максім даведаўся, што ў матэрыялах “Рускага правінцыяльнага некропаля”, якія захоўваюцца ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве, ёсць шмат значных гістарычных звестак пра падзеі на тэрыторыі Беларусі.

— Шырокамаштабны навуковы праект, у рамках якога быў створаны “Рускі правін­цыяльны некропаль”, рэалізоўваўся па ініцыя­тыве вялікага князя Мікалая Міхайлавіча Раманава. Першая сусветная вайна і наступныя рэвалюцыі не дазволілі ажыццявіць задуму да канца. Усе сабраныя звесткі былі надоўга забыты ў архівах. У сваім даследаванні я спыніўся на фондах па Мінскай епархіі, таму што канкрэтна яны раней ніколі не вывучаліся, — расказаў Максім Бяляеў.

Сваё даследаванне Максім вёў на працягу года. За гэты час ён правёў вялікую карпатлівую работу. Не толькі дасканала вывучыў архіўныя звесткі, але і працаваў у палявых умовах непасрэдна на мясцовасці, часам нават займаўся аднаўленнем даўно забытых пахаванняў.

У выніку даследаванне Максіма Бяляева атрымалася актуальным і сапраўды патрэбным. Па яго рабоце можна азнаёміцца з лёсамі цэркваў, манастыроў, могілак Мінскай губерні, пераважная большасць якіх на цяперашні час страчана.

— Матэрыялы “Некропаля” з’яўляюцца важнай крыніцай па гісторыі Беларусі XVI — пачатку ХХ стагоддзя. Звесткі, якія змяшчаюцца ў эпітафіях, з’яўляюцца адлюстраваннем грамадска-палітычных, рэлігійных працэсаў, якія адбываліся на тэрыторыі беларускіх зямель у той час. Гэтыя даныя пацвярджаюць шматлікія вядомыя гістарычныя факты, дапамагаюць вызначыць шэраг асоб, якія лічыліся элітай беларускіх губерняў, удакладніць спісы цэркваў, манастыроў, могілак, месца і дату забудовы, апісанне ўнутранага і знешняга выгляду храмаў, пахаванняў. Такая інфармацыя важная, паколькі большасць помнікаў на цяперашні момант страчана, звесткі пра месца іх размяшчэння могуць садзейнічаць ідэнтыфікацыі пахаваных, аднаўленню помнікаў культавай архітэктуры, — адзначыла кіраўнік даследчай работы, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце і настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 34 Магілёва Г.М.Бяляева.

Практычная значнасць даследавання Максіма ўжо была адпаведна адзначана. Не так даўно юнак стаў пераможцам заключнага этапу Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару сярод школьнікаў.

Дарэчы, у найбліжэйшы час Максім Бяляеў плануе працягнуць работу па вывучэнні “Рускага правінцыяльнага некропаля”. У сваім даследаванні ён узнавіў 216 біяграфій памерлых з архіваў “Некропаля” па Мінскай епархіі, а іх у зборніку звыш тысячы. Малады чалавек перакананы, што прыцягненне ўвагі да гэтай крыніцы дазволіць увесці ў беларускую гістарыяграфію значныя матэрыялы біяграфічнага, генеалагічнага, мастацтвазнаўчага, культуралагічнага характару. А гэта паспрыяе актуалізацыі дзейнасці па захаванні культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.