Грамадскі парадак будзе забяспечаны

Мінская міліцыя будзе несці службу ва ўзмоцненым рэжыме з 9 мая, паведаміў начальнік упраўлення аховы правапарадку Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў.

Ва ўзмоцненым рэжыме 9 мая будуць дзяжурыць усе экстранныя службы ў Беларусі. Святочныя мерапрыемствы пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны, але, безумоўна, самыя маштабныя — у Мінску. У сталіцы 9 мая таксама стартуе чэмпіянат свету па хакеі, і горад, у тым ліку экстранныя службы, гатовы да таго, што, акрамя мінчан, на вуліцах будуць адпачываць шматлікія хакейныя балельшчыкі.
Супрацоўнікі органаў унутраных спраў і 9 мая, і ва ўсе дні чэмпіянату будуць несці службу ва ўзмоцненым рэжыме. Міліцыя ўжо рэалізавала комплекс падрыхтоўчых мерапрыемстваў, вызначаны і абследаваны месцы масавых гулянняў. Допуск у месцы правядзення масавых мерапрыемстваў будзе ажыццяўляцца праз кантрольна-прапускныя пункты. “Мы просім грамадзян з разуменнем паставіцца да гэтых мер, якія ўжо сталі традыцыйнымі. Гэта агульнасусветная практыка, якая накіравана выключна на захаванне грамадскай бяспекі. Нагляд будзе ажыццяўляцца ў тым ліку пры дапамозе спецыяльных тэхнічных сродкаў”, — адзначыў Іван Кубракоў. Як і раней, у месцы масавых гулянняў не пусцяць падпіўшых людзей, забаронены пранос колючых і рэжучых прадметаў, любой зброі і яе муляжоў, выбуховых рэчываў. Поўны спіс будзе размешчаны каля кожнага кантрольна-прапускнога пункта.

Поўнасцю гатовы да работы ратавальнікі і медыкі. МНС праводзіць комплекс мерапрыемстваў, накіраваных як на прафілактыку надзвычайных сітуацый, так і на падрыхтоўку да аператыўнага рэагавання пры іх узнікненні. Праводзіцца ўзмоцненая наглядна-прафілактычная работа. У Мінску будуць працаваць аператыўныя штабы па кантролі над сітуацыяй. Дадатковыя сілы і сродкі будуць сканцэнтраваны ў месцах масавага збору людзей. Сілы МНС будуць дзяжурыць ва ўсіх месцах запуску святочнага салюту. На рацэ Свіслач будуць ва ўзмоцненым рэжыме дзяжурыць работнікі АСВОД.
Медыкі зрабілі ўсё неабходнае для падрыхтоўкі да работы ва ўмовах і свята Перамогі, і чэмпіянату свету. Усе сілы і сродкі гатовы да аказання неабходнай медыцынскай дапамогі. Гарадскія бальніцы і медыцынскія цэнтры зарэзервавалі на непрадбачаны выпадак пэўную колькасць бальнічных месцаў, у тым ліку хірургічнага, тэрапеўтычнага і таксікалагічнага профіляў.

Усе экстранныя службы будуць актыўна выкарыстоўваць дапамогу валанцёраў пры размове з замежнымі гасцямі Мінска. Добраахвотныя памочнікі з веданнем замежных моў будуць дзяжурыць і па адзіным тэлефонным нумары экстраннай дыспетчарскай службы — 112. Акрамя таго, міністэрствы правялі вялікую работу па навучанні штатных супрацоўнікаў замежным мовам. Ні адзін зварот, ні адна просьба аб дапамозе не застануцца без належнай увагі.