Грамадзянін пачынаецца з грамадскай супольнасці школы і сям’і

У пятніцу ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў аналітычна-рэфлексіўны семінар, прысвечаны падвядзенню вынікаў інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскіх кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу на аснове сістэмнай арганізацыі ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці”.

Праект быў разлічаны на тры гады (з 2013 па 2016 год), і яго ўдзельнікамі сталі 16 агульнаадукацыйных устаноў адукацыі ва ўсіх рэгіёнах краіны, а кансультантамі — заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь метадыст упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Ганна Іванаўна Дабрынеўская, магістр гуманітарных навук метадыст упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Ірына Вячаславаўна Лапіцкая і намеснік дэкана факультэта прафесійнага развіцця спецыяліста адукацыі АПА Марына Яўгенаўна Мінава.

Як заўважыла ў сваім прывітальным слове прарэктар па навукова-метадычнай рабоце АПА, старшыня Беларускага педтаварыства, доктар педагагічных навук Галіна Іванаўна Нікалаенка, фарміраванне грамадзянскіх кампетэнцый школьнікаў мае вялікае значэнне, бо школа такім чынам рыхтуе свайго выпускніка да дарослага і адказнага жыцця. Акрамя таго, краіне заўсёды патрэбны актыўныя і ініцыятыўныя маладыя людзі, здольныя працаваць на карысць дзяржавы.

Галіна Іванаўна спынілася на тым, што цяпер ажыццяўляецца маштабны інавацыйны праект “Укараненне мадэлі рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы. У якасці такога цэнтра ў перспектыве змогуць выступаць найбольш эфектыўныя інавацыйныя пляцоўкі, вопыт якіх і інавацыйна працуючы калектыў дазволяць прапагандаваць свае напрацоўкі, аказваць метадычную дапамогу калегам, выступаць у ролі свайго роду стажыровачных пляцовак па актуальных напрамках развіцця адукацыі.

* * *

Такім цэнтрам, напэўна, магла б стаць гімназія № 1 Барысава, як, зрэшты, і іншыя ўстановы краіны, якія падчас семінару прадэманстравалі цікавы вопыт кіравання інавацыйнай дзейнасцю, і ў прыватнасці па фарміраванні грамадзянскіх кампетэнцый. У першай гімназіі Барысава працуе зладжаны і вельмі творчы калектыў, у якім даўно зразумелі, што інавацыйная дзейнасць дае магчымасці для асобаснага росту. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Аксана Сяргееўна Алісіевіч адзначыла, што ў інфраструктуры праекта па фарміраванні грамадзянскіх кампетэнцый у іх гімназіі 9 пастаянных груп (у гэтым годзе іх было 11) і 7 часовых мікрагруп.

Для фарміравання грамадзянскай самасвядомасці многія расійскія і французскія педагогі асабліва вылучаюць метад напісання сацыяльных біяграфій (або вывучэння асабістых дакументаў). Ён дазваляе даследаваць суб’ектыўныя бакі грамадскага жыцця. Метад фіксуе асабістыя адносіны чалавека да тых сацыяльных працэсаў, сацыяльна-псіхалагічных сітуацый, у якія ён быў уключаны апасродкавана ці непасрэдна.

Мэтанакіравана працавалі метадычныя аб’яднанні прадметнікаў і класных кіраўнікоў.

Мы не будзем заглыбляцца ў кухню інавацыйнага праекта (яна ўключае некалькі кірункаў), а з дазволу Аксаны Сяргееўны спынімся на некаторых практычных момантах. Прынамсі ў гімназіі № 1 Барысава гэтаму аспекту ўдзялілі пільную ўвагу. На адным з педагагічных саветаў намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Юлія Валер’еўна Пятакова раскрыла патэнцыял вучэбных прадметаў, які можна выкарыстоўваць для фарміравання грамадзянскіх кампетэнцый:

— Урокі гісторыі і грамадазнаўства з’яўляюцца сістэмаўтваральным элементам у вырашэнні праблемы фарміравання грамадзянскай кампетэнтнасці навучэнцаў.

Чалавек, вывучаючы гісторыю, культуру, веравызнанне той ці іншай супольнасці, мае права вырашаць, які народ, культуру, каштоўнасці ён будзе лічыць сваімі. У працэсе пошуку адказу на гэтае пытанне фарміруецца цэлы комплекс грамадзянскіх кампетэнцый. Магчымасць свабоднага выбару ў вызначэнні сваёй пазіцыі вызначае маральны характар патрыятызму, грамадзянскасці і каштоўнасных установак.

Грамадзянская кампетэнцыя з’яўляецца асноўнай, універсальнай, якой павінен валодаць кожны выпускнік, бо яна аб’ядноўвае ўсе астатнія —  пазнавальную, інфармацыйную, камунікатыўную.

Курс літаратуры, акрамя важкага ўкладу ў фарміраванне камунікатыўнай кампетэнтнасці, дае дадатковыя магчымасці для ўдакладнення і канкрэтызацыі найважнейшых паняццяў: “мараль”, “права”, “законнасць”, “адказнасць”, “годнасць”, “гонар”. Увага навучэнцаў прыцягваецца да пытанняў этыка-філасофскага характару: пра дабро і зло, жыццё і смерць, змену пакаленняў, пра духоўнае развіццё чалавека, пра чалавека і Бога, чалавека і прыроду, чалавека і нацыю, гонар і абавязак, сумленне, маральны выбар.

На ўроках мовы багатымі магчымасцямі валодае моўны матэрыял, над якім праводзіцца назіранне з мэтай вывучэння, напрыклад, граматычных законаў. Такім чынам, мовазнаўцы могуць зрабіць значны ўклад у фарміраванне ўсіх кампанентаў грамадзянскай кампетэнтнасці: кагнітыўнага, аксіялагічнага, дзейнаснага і індывідуальнага.

Пры вывучэнні замежнай мовы школьнікі атрымліваюць агульныя звесткі аб краіне мовы, якую яны вывучаюць, аб нацыянальнай культуры, палітычным і грамадскім ладзе і ўкладзе гэтай краіны ў сусветную культуру, што спрыяе выхаванню ўзаемаразумення паміж супольнасцямі і народамі, талерантнасці.

Прадметы прыродазнаўчанавуковага цыкла (здаровы лад жыцця, біялогія, хімія, фізіка, матэматыка, экалогія, геаграфія) акцэнтуюць увагу на прыродных, сацыяльных і эканамічных аспектах правоў чалавека; на вывучэнні заканамернасцей прыроды, грэбаванне якімі вядзе да згубных наступстваў; развіваюць логіку мыслення, вучаць фармуляваць і даказваць свае ідэі, фарміруюць пачуццё адказнасці за свет, захаванне навакольнага асяроддзя як у мясцовым, так і глабальным маштабе.

Акрамя таго, вітаецца выкарыстанне міжпрадметных сувязей. Так, напрыклад, на ўроках англійскай мовы ў ходзе вывучэння лексічнай тэмы “Абарона навакольнага асяроддзя” (The Protection of Environment) можна прапанаваць заняткі на тэму Do not Be a Litterbug! (“Не будзь распаўсюджвальнікам смецця!”). На працягу 45 хвілін навучэнцы ўдзельнічаюць у розных формах індывідуальнай, парнай і групавой работы. Яны адказваюць на пытанні віктарыны, прапанаваныя настаўнікам, распрацоўваюць свой гласарый па тэме заняткаў, а таксама ствараюць і абараняюць перад групай эскізы дарожных знакаў, якія заклікалі б насельніцтва Зямлі не смеціць.

Аднак выкарыстанне аднаго толькі зместу вучэбных прадметаў не здольна вырашыць задачу выхавання грамадзяніна ў поўным аб’ёме, таму што не менш важную ролю адыгрываюць спосабы засваення зместу — педагагічныя тэхналогіі, методыкі і метады адукацыі. Менавіта яны і павінны сфарміраваць дзейнасны кампанент кампетэнтнасці.

Аксана Сяргееўна адзначыла, што да педагагічных тэхналогій, якія фарміруюць грамадзянскую кампетэнтнасць, адносяцца тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, даследаванні, дэбаты, шматмерныя дыдактычныя інструменты, праекты, праблемны дыялог і інш.

— Для фарміравання грамадзянскай самасвядомасці многія расійскія і французскія педагогі асабліва вылучаюць метад напісання сацыяльных біяграфій (або вывучэння асабістых дакументаў). Ён дазваляе даследаваць суб’ектыўныя бакі грамадскага жыцця. Метад фіксуе асабістыя адносіны чалавека да тых сацыяльных працэсаў, сацыяльна-псіхалагічных сітуацый, у якія ён быў уключаны апасродкавана ці непасрэдна.

Прыёмамі гэтага метаду з’яўляюцца інтэрв’ю, сведчанні сваякоў, рознага роду перапіска, фатаграфіі, аўтабіяграфічныя фрагменты, паведамленні пра сваё жыццё ў цэлым. Усе гэтыя прыёмы прымянення біяграфічнага метаду з рознай ступенню глыбіні і асаблівасцямі дазваляюць выявіць спецыфіку жыццёвага вопыту чалавека, характар рэалізацыі яго жыццёвых сіл у працэсе сумеснай жыццядзейнасці з іншымі людзьмі, пры ўключэнні яго ў розныя сацыяльныя групы, — дадала Юлія Валер’еўна Пятакова.

* * *

Вопыт рэалізацыі праекта ў Гезгалаўскай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна цікавы тым, што тут фарміраванне грамадзянскіх кампетэнцый лягло ў аснову дзейнасці ўсёй школы. Цэласную сістэму грамадзянскай адукацыі ў сваёй навучальнай установе прадстаўляла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Мікалаеўна Шумская. Яна яшчэ раз пацвердзіла меркаванне, што інавацыйная дзейнасць дае магчымасці для асобаснага росту.

— За гады рэалізацыі праекта ўсе педагогі ў той ці іншай ступені былі ўдзельнікамі інавацыйнай дзейнасці, асновай рэалізацыі якой стала праца 14 найбольш творчых і актыўных настаўнікаў. У выніку колькасць педагогаў-наватараў павысілася з 78 да 86 працэнтаў.

Стварэнне сістэмы грамадзянскай адукацыі ажыццяўлялася праз інтэграцыю вучэбнай дзейнасці і пазакласнай работы па прадметах вучэбнага плана, актывізацыю дзейнасці школьнага вучнёўскага самакіравання і дзейнасці дзіцячых грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў па інтарэсах, рэалізацыю сацыяльна-педагагічных ініцыятыў удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў калектыўных творчых справах, даследаваннях і праектах.

Любыя кампетэнцыі праяўляюцца і фарміруюцца ў дзейнасці. Нашы настаўнікі асвоілі і пачалі прымяняць на практыцы эфектыўныя педагагічныя тэхналогіі: мнагамерных дыдактычных інструментаў, развіцця крытычнага мыслення, кейс-тэхналогіі, ІКТ, праектныя, дэбатаў, форум-тэатра і інш. Кожным настаўнікам-прадметнікам распрацаваны схемы ўзаемасувязі вучэбных прадметаў і прафесій.

Акрамя таго, у сістэме прафарыентацыйнай работы рэалізоўваецца прынцып “навучанне ў дзеянні”. Гэта экскурсіі на прадпрыемствы раёна і вобласці, сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій, навучальных устаноў вобласці і рэспублікі, майстар-класы народных майстроў, а таксама працоўныя акцыі нашых школьнікаў.

Асаблівае месца ў прапагандзе педагагічных спецыяльнасцей адыгрывае метад прафесіянальных спроб. Штогод нашы старшакласнікі ініцыіруюць правядзенне дзён самакіравання, калі ёсць магчымасць выконваць функцыі педагогаў, — адзначыла Ірына Мікалаўена Шумская.

Гэта толькі невялікая частка той дзейнасці, якая рэалізоўваецца ў межах інавацыйнага праекта ў Гезгалаўскай школе. Акрамя таго, у гэтай навучальнай установе даўно і паспяхова выпускаецца школьная газета, дзейнічаюць школьны парламент, пярвічная арганізацыя БРСМ, піянерская арганізацыя, што, безумоўна, таксама спрыяе фарміраванню грамадзянскіх кампетэнцый.

* * *

Трэба заўсёды памятаць, што працэс перамен у школе — гэта працэс перамен у настаўніку, у яго поглядах, метадах. Перамены пачынаюцца з асобы, а потым ужо набываюць масавы характар. Кіраванне якасцю адукацыі ў школе пачынаецца з педагагічных кадраў і заканчваецца імі. Педагогі патрабуюць не менш увагі, чым вучні. Важна разнастаіць работу настаўніка, стварыць для яго сітуацыю поспеху, у аснове якой — індывідуальны падыход да кожнага. Такімі думкамі кіруюцца ў гімназіі № 4 Баранавіч, якая ў інавацыйным рэжыме працуе з 2001 года.

— Усе праекты, рэалізаваныя ў гімназіі, былі актуальнымі. І праект па ўкараненні мадэлі фарміравання грамадзянскіх кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу на аснове сістэмнай арганізацыі ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці наколькі актуальны, настолькі і складаны. Складанасць у тым, што мы павінны ўлічваць у працы ўзровень сфарміраванасці грамадзянскіх кампетэнцый у законных прадстаўнікоў навучэнцаў, іх уплыў на дзяцей. Часцей за ўсё бацькі праяўляюць пасіўнасць, таму ў самым пачатку работы ў інавацыйным праекце каманда распрацавала праект “Нам не ўсё роўна” (па пераадоленні пасіўнасці вучняў і іх законных прадстаўнікоў). Думаю, што ў нас атрымалася, паколькі ў планаванні работы гімназіі, вырашэнні многіх пытанняў рознага плана і навучэнцы, і бацькі, і педагогі прымалі самы актыўны ўдзел (свае ж планы трэба ажыццяўляць), — адзначыла настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 4 Баранавіч Аліна Браніславаўна Марчук, закрануўшы, бадай, самае балючае пытанне сучаснай школы — узаемадзеянне з бацькамі.

Інавацыйны праект па фарміраванні грамадзянскіх кампетэнцый дае магчымасці для збліжэння школы і сям’і. У гімназіі № 4 Баранавіч у супрацоўніцтве са студэнтамі-актывістамі Баранавіцкага ўніверсітэта ажыццяўляюць праект “Калядная скрыначка”. Мэты і змест праекта дазваляюць уключыць яго ў выхаваўчую работу і ў вывучэнне правоў чалавека, спрыяюць выкарыстанню эфектыўных метадаў работы з навучэнцамі, рознаўзроставымі групамі дзяцей.

У праекце прымаюць удзел навучэнцы, бацькі і педагогі. Усе жадаючыя могуць прыносіць рэчы, падарункі, кнігі, канцылярскія тавары, неабходныя дзецям, і тым самым сабраць скрыначку для пэўнага дзіцяці. Акцыя была рэалізавана ў Антопальскай школе-інтэрнаце і Гарадзішчанскім доме-інтэрнаце для дзяцей і моладзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Свой спосаб наладжвання кантактаў з бацькамі вынайшлі ў гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Полацка. Тут рэалізоўваецца праект па бацькоўскім самакіраванні. У гімназіі ў ролі дырэктара пабывалі ўжо двое бацькоў. Навучэнцы, бацькі і педагогі сярэдняй школы № 83 Мінска сталі ініцыятарамі ўзнікнення Алеі бяспекі ў сваім раёне, прычым закладку алеі яны ўзгаднілі з ДАІ, Зеленбудам і мясцовай адміністрацыяй. І такіх прыкладаў сфарміраванай грамадзянскай пазіцыі ў школах — інавацыйных пляцоўках шмат.

Як заўважыла Ганна Іванаўна Дабрынеўская, грамадзянская кампетэнцыя з’яўляецца асноўнай, універсальнай, якой павінен валодаць кожны выпускнік, бо яна аб’ядноўвае ўсе астатнія — пазнавальную, інфармацыйную, камунікатыўную і інш. Інавацыйны праект дазволіў сістэматызаваць і актуалізаваць дзейнасць навучальнай установы ў гэтым кірунку. Ёсць спадзяванне, што ў хуткім часе вынікі інавацыйнай дзейнасці па фарміраванні грамадзянскай кампетэнцыі будуць распаўсюджаны ва ўсе школы краіны.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *