Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне — адзін з важнейшых напрамкаў у выхаваўчай рабоце ўстаноў адукацыі. Кожная ўстанова па-свойму арганізоўвае працу, ад гэтага залежыць, якія каштоўнасці будуць закладзены ў сэрцах падрастаючага пакалення. Упраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама разам з абласным інстытутам развіцця адукацыі вырашылі даць ацэнку такой рабоце і аб’явілі фестываль-конкурс “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне: рэгіянальны кампанент”.
Удзел у мерапрыемстве прыняў амаль кожны рэгіён вобласці. На першы, завочны, этап абласнога фестывалю-конкурсу было прадстаўлена 20 матэрыялаў. Па выніках завочнага этапу экспертнае журы адабрала лепшыя распрацоўкі, згодна з якімі былі вызначаны ўдзельнікі вочнага этапу абласнога спаборніцтва. І вось у сярэдзіне кастрычніка сем устаноў адукацыі рыхтаваліся выйсці на сцэну ГАІРА, каб прадэманстраваць свой вопыт работы экспертнаму журы і гасцям.Праграма другога этапу фестывалю-конкурсу складалася з непасрэдна прэзентацыі вопыту і чатырох конкурсных мерапрыемстваў.
Кожная каманда пад кіраўніцтвам намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце мела 10 хвілін для таго, каб абараніць прадстаўленую на завочны этап і адабраную для далейшага спаборніцтва сістэму работы сваёй установы. Акрамя рэгламенту арганізатары прад’явілі да канкурсантаў яшчэ адно патрабаванне: у прэзентацыі павінна быць задзейнічана ўся каманда цалкам. Не значыліся ў ліку абавязковых, але віталіся мультымедыйнае суправаджэнне, сюжэтная лінія і дэкарацыі. Асабліва цікава прадставілі сваю работу Камунараўская сярэдняя школа Буда-Кашалёўскага раёна, сярэдняя школа № 44 Гомеля і Кругавец-Калінінскі дзіцячы сад — сярэдняя школа з Добрушскага раёна, Млыноцкі дзіцячы сад — пачатковая школа Ельскага раёна.
Пасля такой своеасаблівай візітоўкі дзяцей і педагогаў чакалі сур’ёзныя конкурсы. Першы пад назвай “Пытанне-адказ” адрасаваўся намесніку дырэктара або метадысту, якім неабходна было адказаць на пытанне члена экспертнай групы адносна ведання асаблівасцей арганізацыі выхаваўчай работы ва ўстанове адукацыі.
Два другія конкурсныя мерапрыемствы тычыліся гісторыі. Спачатку каманды паказалі сваё веданне гісторыі Гомельшчыны ў спаборніцтве “Гістарычная азбука”, а ў заключным конкурсе “Вытокі” ўдзельніку каманды неабходна было правесці завочную экскурсію-мерапрыемства, абапіраючыся на гісторыка-краязнаўчыя матэрыялы свайго рэгіёна і выкарыстоўваючы прапанаваны музейны экспанат.
Варта адзначыць, што ўсе каманды добра справіліся з заданнямі, што гаворыць аб сістэмнай і сур’ёзнай рабоце ўстаноў у напрамку грамадзянска-патрыятычнага выхавання.
Акрамя названых вышэй устаноў адукацыі, удзел у другім этапе прымалі таксама Гомельскі гарадскі ліцэй № 1, гімназія Калінкавіч і Рагачоўскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Вопыт фіналістаў прапанаваны для вывучэння і выкарыстання ў іншых школах і гімназіях Гомельшчыны.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.