Грамадзянскі мір і непрыманне любых форм варожасці — галоўныя складнікі палітыкі Беларусі

- 10:08Інфармацыйная гадзіна

Грамадзянскі мір і згода, непрыманне любых форм варожасці на рэлігійнай і этнічнай глебе сталі галоўнымі складнікамі дзяржаўнай палітыкі Беларусі. На гэты факт звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на ўрачыстым мерапрыемстве “Малітва за Беларусь”, якое прайшло ў сталіцы 2 кастрычніка.

“Жыхары Беларусі ацэньваюць міжнацыянальныя адносіны ў краіне як спакойныя. У нас няма дыскрымінацыі па канфесійнай і нацыянальнай прыкмеце. Не ведаю, ці ёсць яшчэ такая краіна на планеце, дзе кіраўнікі розных рэлігійных і грамадскіх аб’яднанняў не толькі сябруюць паміж сабой, але і актыўна дапамагаюць адзін аднаму”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што пад небам Беларусі сёння жывуць у згодзе, уступаюць у шлюб, выхоўваюць сумесных дзяцей прадстаўнікі больш як 140 нацый і народнасцей. “У нашым краі стагоддзямі перасякаліся дарогі розных этнасаў і культур. Мы не толькі стваралі ўласныя духоўныя каштоўнасці, але і ўзбагачаліся творчай спадчынай людзей, якія па тых ці іншых прычынах пакінулі сваю гістарычную радзіму”, — сказаў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць глыбока сімвалічнай урачыстую цырымонію “Малітва за Беларусь”. “Малітва — гэта не толькі зварот вернікаў да Бога, але і праяўленне шчырых і глыбокіх пачуццяў кожнага з нас і ўсяго беларускага народа да сваёй Радзімы — нашага агульнага дома, аб дабрабыце якога мы штодзень клапоцімся”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
“Спакон веку найвышэйшай праявай чалавечага духу было пакланенне сваім святыням. Для нас, беларусаў, няма больш вялікай святыні, чым самаадданы подзвіг людзей, якія, не шкадуючы свайго жыцця, абаранялі родную зямлю ад захопнікаў і прыгнятальнікаў. Узносячы малітву аб Беларусі, мы ў першую чаргу схіляем галовы перад загінуўшымі героямі, якія ўпісалі залатыя старонкі ў слаўны летапіс Айчыны, — сказаў прэзідэнт. — Сёння мы з’яўляемся ўдзельнікамі ўнікальнага праекта па ўвекавечанні памяці землякоў, якія загінулі за межамі Радзімы”. Паводле яго слоў, закладка ў крыпце храма капсул з зямлёй, прывезенай з пахаванняў Другой сусветнай вайны, — даніна павагі слаўным сынам і дочкам Айчыны, якія аддалі жыццё за мір і спакой на планеце.

* * *

Нагадаем, што 2 кастрычніка ў Мінску пры ўдзеле кіраўніка дзяржавы адбылася цырымонія закладкі капсул з зямлёй з месцаў пахавання воінаў-беларусаў, якія загінулі ўдалечыні ад Радзімы, у крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых.
У цырымоніі прынялі ўдзел кіраўнікі праваслаўнай, каталіцкай, мусульманскай і іўдзейскай рэлігійных канфесій, а таксама дыпламатычных прадстаўніцтваў сямі замежных дзяржаў — Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Венгрыі, Чэхіі, Славакіі і Італіі, адкуль прыбылі капсулы з зямлёй з месцаў пахавання воінаў-беларусаў, якія загінулі ў далечыні ад Радзімы.
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел у час цырымоніі прачытаў кароткую малітву, акрапіў капсулы і нішы святой вадой. Заклалі капсулы ваеннаслужачыя роты ганаровай варты. Пасля завяршэння цырымоніі Аляксандр Лукашэнка падышоў да цэнтра крыпты, дзе размешчана лампада з жыватворным агнём, запаліў і ўстанавіў памінальную свечку.