“Грані творчасці” ў Год малой радзімы

Рэспубліканская выстава сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў “Грані творчасці”, прысвечаная Году малой радзімы, арганізатарамі якой традыцыйна выступаюць Міністэрства адукацыі і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, ужо другі тыдзень упрыгожвае фае Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна.

Агульнай канцэпцыяй усіх мерапрыемстваў, якія праходзяць у рамках рэспубліканскага культурна-асветніцкага праекта ў педагагічным універсітэце, сталі словы выдатнага пісьменніка, чыё імя носіць установа, — “Талент тады дае плён, калі прыкладваецца напружаная, да знямогі, праца”.

На ўрачыстым адкрыцці выставы сабраўся амаль увесь універсітэт. Перш за ўсё гледачы хацелі падзівіцца на сем твораў, якія выканалі студэнты МДПУ імя І.П.Шамякіна. Тут жа можна было пагутарыць з самімі аўтарамі, даведацца пра іх ідэю і думкі, выказаныя праз мастацтва. А студэнты і выкладчыкі тэхнолага-біялагічнага факультэта, натхнёныя выставай, дапоўнілі яе сваімі творамі на тэму малой радзімы.

— Гэты культурна-асветніцкі праект дае творчым студэнтам магчымасць мець зносіны. Атрымліваецца такі вось рэспубліканскі творчы палілог, — сказаў на адкрыцці выставы рэктар універсітэта Валерый Наўныка. — Падобнае ўзаемадзеянне ўстаноў вышэйшай адукацыі спрыяе супрацоўніцтву ў навуцы, творчасці ў іншых сферах, фарміруе гатоўнасць студэнта да актыўнай творчай дзейнасці, падштурхоўвае да самаразвіцця, забяспечвае асобасны і прафесійны рост.

— Уключэнне студэнтаў у творчыя праекты спрыяе пошуку новых ідэй, напрамкаў дзейнасці, здольных абудзіць цікавасць моладзі да максімальнага выкарыстання сваіх творчых магчымасцей, — падтрымаў кіраўніка прарэктар па выхаваўчай рабоце Сяргей Шчур. Ён таксама адзначыў, што маральна-эстэтычнае выхаванне з’яўляецца адным з найважнейшых для фарміравання асобы студэнта, а для будучага педагога — асабліва.

Аўтар дзвюх работ у намінацыі “Фатаграфія” студэнтка педуніверсітэта Кацярына Міхалка лічыць, што мастацкая творчасць дазваляе перадаць эмоцыі, пачуцці. Такі праект важны ўжо таму, што дазваляе ўбачыць свет вачыма моладзі.

Варта адзначыць, што “Грані творчасці” не існавалі ў сценах універсітэта асобна, а цесна перапляліся з універсітэцкімі мерапрыемствамі, стварыўшы трыадзінства. Так, азнаямленне з прадстаўленымі на выставе работамі дапоўнілася конкурсамі, выступленнямі і майстар-класамі, прымеркаванымі да Года малой радзімы. Начальнік аддзела па выхаваўчай рабоце з моладдзю Святлана Матвеева ўключыла ў праграму і прафарыентацыйную дзейнасць: мазырскія школьнікі, наведваючы выставу, знаёміліся з установай, спецыяльнасцямі і выкладчыкамі, мелі магчымасць паназіраць за тым, як жыве ўніверсітэт і якія магчымасці адкрывае перад студэнтамі.

Ва ўсім гэтым прынялі ўдзел усе без выключэння факультэты. Цікава, што кожны факультэт выказаў жаданне правесці мерапрыемства, нават адбылося імправізаванае спаборніцтва ідэй і форм работы.
Напрыклад, факультэт фізічнай культуры прапанаваў тэматычнае мерапрыемства “Слава малой радзімы — у нашых дасягненнях і вялікіх справах” з удзелам студэнтаў-спартсменаў, пераможцаў і прызёраў першынстваў і чэмпіянату свету і Еўропы сярод юніёраў і моладзі, ганаровых гасцей.

Студэнты тэхнолага-біялагічнага факультэта для навучэнцаў школ правялі майстар-класы па вырабе паштовак “Мой Мазыр”. Пры гэтым выкарыстоўвалася тэхніка друкаванай графікі — манатыпія, якая аб’яднала ў сабе якасці жывапісу, эстампа, малюнка і тэхнікі кардмэйкінг. Сутнасць першай заключаецца ў нанясенні фарбаў на роўную паверхню і далейшым адбітку малюнка на паперу ці іншую плоскую паверхню, а кардмэйкінг служыць для вырабу аўтарскіх папяровых паштовак з выкарыстаннем дэкаратыўных элементаў і прыёмаў.

Студэнты факультэта дашкольнай і пачатковай адукацыі разам з Мазырскім раённым камітэтам БРСМ запрасілі на адкрыты дыялог “Мая малая радзіма. Горад над Прыпяццю. Мазыр”.

Для навучэнцаў старшых класаў студэнты філалагічнага факультэта арганізавалі работу некалькіх інтэрактыўных пляцовак. З цікавасцю вучні прынялі ўдзел у патрыятычнай акцыі “Я люблю сваю малую радзіму!”, падчас якой юныя мазыране прызнаваліся ў любові да роднай зямлі, роднага горада. Прадстаўнікі спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура” выступілі перад навучэнцамі і настаўнікамі мазырскіх школ з літаратурна-музычнай кампазіцыяй “Зямля мая, зямля бацькоў святая!”. Прагучалі вершы і песні беларускіх аўтараў пра малую радзіму.

У рамках работы выставы было арганізавана сумеснае мерапрыемства з мазырскай дзіцячай школай мастацтваў № 1 — майстар-клас “Папяровая пластыка”, праведзены Святланай Сярковай. Навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў прадставілі на агляд і свае работы, якія занялі месца побач з прадстаўленымі на рэспубліканскую выставу студэнцкімі творамі.

Не засталіся пакінутымі і замежныя студэнты. Юнакі і дзяўчаты з замежжа пазнаёміліся з гісторыяй Мазыршчыны, даведаліся, як у беларусаў з пакалення ў пакаленне перадаюцца народныя традыцыі і абрады.

Хутка эстафету Рэспубліканскай культурна-асветніцкай акцыі падхопіць Палескі дзяржаўны ўніверсітэт.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота з архіва МДПУ імя І.П.Шамякіна.