“Грані творчасці” — у студэнтаў Гродзеншчыны

- 10:50Вышэйшая школа

Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт прыняў Рэспубліканскую выставу сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў “Грані творчасці”, прысвечаную Году малой радзімы. Каб прыцягнуць увагу да выставы, студэнты ўжо на працягу месяца арганізоўваюць яскравыя акцыі і мерапрыемствы, сярод якіх літаратурна-мастацкі марафон “На хвалях спадчыны маёй” і асветніцкі патрыятычны квест “Край на заходнім рубяжы, як мне табой не даражыць?..”.

Рэспубліканская выстава, якая пабывала ва ўстановах адукацыі Гомельскай і Брэсцкай абласцей, ужо больш за месяц знаходзіцца ў Гродне. Студэнты і выкладчыкі ахвотна карыстаюцца такой нагодай, каб праводзіць яшчэ больш культурных акцый і свят, прысвечаных Году малой радзімы. Працяглую праграму падрыхтавалі студэнцкі клуб ГрДМУ пры ўдзеле аддзела па выхаваўчай рабоце і літаратурны клуб “Катарсіс”.

Так, да адкрыцця выставы яны сабралі ахвотных на квест “Вядомыя празаікі аб Гародні”, удзельнікі якога даведаліся шмат новага пра гісторыю свайго краю і яго літаратурную спадчыну. Падчас конкурсу дэкламатараў “Матчына слова я сэрцам люблю” кожны ахвотны мог прачытаць любімы верш беларускага аўтара, прысвечаны малой радзіме. А каманды, што паўдзельнічалі ў караоке-спаборніцтве “Ведай беларускае”, паказалі свае веды ў беларускай музыцы — народнай і сучаснай.

Дарэчы прыйшлося і святкаванне 20-годдзя стварэння літаратурнага клуба “Катарсіс”. Праз яго прайшло ўжо больш за сотню студэнтаў, якія апублікавалі мноства  вершаў і апавяданняў у беларускіх газетах і часопісах, правялі дзясяткі сустрэч з чытачамі, выдалі зборнікі прозы “Вечные каникулы”, “Гіпакратавы ваганты”, “Вечар пятніцы”, а зараз падрыхтавалі для друку новую кнігу “Менестрэлі Асклепія”.

У мерапрыемствах клуба прынялі ўдзел каля 300 студэнтаў. Да свайго юбілею маладыя паэты і празаікі зладзілі літаратурны марафон: на працягу тыдня праводзілі літаратурныя вечарыны, ранішнікі, паэтычныя пяціхвілінкі — збіраліся ва ўніверсітэце, каб пачытаць свае творы і ўрыўкі з вершаў і апавяданняў любімых пісьменнікаў. Таксама аматары літаратуры з усіх факультэтаў паўдзельнічалі ў квесце “Літаратурная Гародня”: дарожная карта правяла іх па ўсім універсітэце ў пошуках пікетаў, на якіх арганізатары задавалі пытанні па літаратуры Гродзеншчыны. Завяршылася святкаванне імпрэзай, на якой урачыста аб’явілі пераможцаў адкрытага літаратурнага конкурсу “Катарсіс” і Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу студэн­таў “Аўтограф”, члены клуба чыталі вершы і прымалі віншаванні ад культурных арганізацый і прадстаўнікоў універсітэта. Нязменны кіраўнік клуба Віктар Іванавіч Варанец атрымаў падзяку ад Гродзенскай абласной структуры Беларускага таварыства “Веды” з рук намесніка старшыні праўлення Наталлі Віктараўны Пац.

Нарэшце, 21 мая адбыўся асветніцкі патрыятычны квест “Край на заходнім рубяжы, як мне табой не даражыць?..”, таксама прысвечаны выставе “Грані творчасці”. У квесце прынялі ўдзел 6 каманд са студэн­таў Гродзенскага дзяржаўнага медыцын­скага і Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэтаў. На кожным з шасці этапаў яны паспаборнічалі ў веданні культуры і гісторыі Гародні: напрыклад, прайшлі літаратурнае бліцапытанне, станцавалі народныя танцы і адгадалі песні, звязаныя з Гродзеншчынай. За кожны правільны адказ каманды атрымлівалі адну “грашовую адзінку” квеста — 1 гранік. У фінале на заробленыя гранікі набывалі літары, каб скласці з іх ключавую фразу — “Грані творчасці”.

Так культурна-асветніцкая акцыя “Грані творчасці” чарговы раз стала нагодай для цэлай хвалі культурных мерапрыемстваў студэнцкай моладзі, якія дапамагаюць выхоўваць адукаваных і рознабаковых маладых людзей, павышаць цікавасць да культуры і мастацтва малой радзімы.  

Мар’я ЯНКОВІЧ.