Гродна — маладзёжная сталіца Беларусі — 2021

Абласны цэнтр прыняў эстафету ад Пінска. Урачыстыя мерапрыемствы сабралі ў Гродне моладзь з усёй краіны. У рамках маштабнага свята “Гродна — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2021” быў дадзены старт рэспубліканскаму форуму “Беларусь. Моладзь. Адзінства”.

Пачаліся мерапрыемствы ў святым для кожнага гродзенца месцы — каля помніка воінам-вызваліцелям Гродна, дзе быў дадзены старт Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці, маршрутамі адзінства”.

Выступаючы на мітынгу-рэквіеме, міністр адукацыі Ігар Карпенка падкрэсліў, што сёння вельмі важна, каб гераічнае мінулае заставалася ў нашым сучасным жыцці як неад’емная частка гісторыі Радзімы. Ён адзначыў, што, захоўваючы гісторыю, мы закладваем трывалую аснову сувязі з будучым пакаленнем, выхоўваем моладзь на прыкладзе дзядоў і прадзедаў у духу сапраўднага патрыятызму, павагі і любові да Айчыны.

Пачуццём патрыятызму, любові да Радзімы былі прасякнуты ўсе святочныя старонкі цікавай падзеі пад назвай “Маладзёжная сталіца”, удзел у якой на працягу некалькіх дзён у прыгожым гора­дзе на беразе Нёмана прымала моладзь краіны. Гродна гасцінна вітаў сваіх гасцей — юнакоў і дзяўчат з ўсіх устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі, студэнцкіх саветаў і маладзёжных парламентаў, працоўную моладзь, прадстаўнікоў улады рэспубліканскага і мясцовага ўзроўню. Ад шчырых усмешак моладзі нібыта памаладзеў і сам горад. І гэта толькі пачатак. Напера­дзе маладзёжную сталіцу Беларусі чакае шмат цікавых і змястоўных мерапрыемстваў.

Ганаровы статус быў афіцыйна абвешчаны на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця рэспубліканскага свята “Гродна — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2021” і рэспубліканскага форуму “Беларусь. Моладзь. Адзінства” ў абласной філармоніі. Удзел у ёй прынялі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, міністр адукацыі Ігар Карпенка, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк.

Віншавальны адрас старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай зачытаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч. У віншаванні гаворыцца: “Горад Гродна ўдастоены гонару прыняць эстафету новага этапу рэспубліканскага праекта дзякуючы вашай энергіі і працавітасці, дасягненням у сацыяльнай і эканамічнай сферах, імкненню захаваць і прымножыць гістарычна-культурную спадчыну свайго краю”.

Са знакавай падзеяй удзельнікаў свята павіншаваў Ігар Карпенка:

— На ініцыятыву, якая зара­дзілася ў год моладзі, адгукнуліся многія гарады нашай краіны. Першай маладзёжнай сталіцай стаў горад Баранавічы, затым эстафету прымалі Полацк, Магілёў, Орша, Пінск. Гэты маштабны, творчы, культурны і адукацыйны праект з’яўляецца добрай традыцыяй, накіраванай не толькі на развіццё горада, але ў першую чаргу на падтрымку маладзёжных ініцыятыў у розных сферах дзейнасці. Сёння эстафету прымае Гродна — горад са старажытнай гісторыяй, культурны, прамысловы, адукацыйны і навуковы цэнтр.

Падчас цырымоніі адкрыцця свята было падпісана Пагадненне аб узаемадзеянні і супрацоўніцтве паміж Міністэрствам адукацыі і Дабрачынным фондам імя Аляксея Талая. У фонда ёсць праекты, накіраваныя на патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Як падкрэсліў міністр адукацыі, важна, каб кожны мог адчуць сваё дачыненне да гістарычнага мінулага, тых традыцый, якія закладвалі нашы прадзеды і дзяды, у першую чаргу ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.

Сімвалічны ключ намеснік старшыні Пінскага гарадскога выканаўчага камітэта Генадзь Палікоўскі перадаў старшыні Гродзенскага гарвыканкама Мечыславу Гою, а той, у сваю чаргу, — моладзі.

У ГрДУ імя Янкі Купалы быў да­дзены старт грамадзянска-патрыятычнаму марафону “Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь!”, прайшоў рэспубліканскі семінар “Актуальныя аспекты арганізацыі выхаваўчай і ідэалагічнай работы ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь і шляхі яе ўдасканалення”. У гэтых мерапрыемствах прыняў удзе­л намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка.

Госці свята таксама пазнаёмі­ліся з выставай-прэзентацыяй “Грод­на — горад магчымасцей для моладзі”.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.