Скончыўся яшчэ адзін этап Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”. Ужо вызначаны лепшыя педагогі з кожнай вобласці, якія будуць удзельнічаць у фінале. У Гродне з 2 па 3 красавіка на абласным этапе конкурсу прафесійнага майстэрства таксама выбіралі сямёрку настаўнікаў-пераможцаў. Поўная зала ўсхваляваных калег, родных і блізкіх. Яркая сцэна і незабыўныя моманты. Слёзы радасці і крыўды. Увесь феерверк эмоцый удзельнікаў немагчыма апісаць.
Яшчэ ў пачатку навучальнага года 2428 педагогаў Гродзенскай вобласці ўключыліся ў прафесійнае спаборніцтва для таго, каб не толькі паказаць майстэрства, але і падзяліцца сваімі адкрыццямі і напрацоўкамі. Фіналу папярэднічала двухмесячная падрыхтоўка — усе ўдзельнікі праходзілі псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, прадстаўлялі самапрэзентацыі, дыдактычныя сцэнарыі ўрокаў, вопыт педагагічнай дзейнасці пад дэвізам “Навучаючы, выхоўваю”, а таксама правялі майстар-класы для педагогаў і ўрокі ў незнаёмых класах. За гэты час было праведзена прыкладна 200 метадычных мерапрыемстваў.
Сустракалі педагогаў вобласці ў Гродзенскай гарадской гімназіі. У першы дзень своеасаблівага іспыту 21 настаўнік дэманстраваў напрацоўкі ў сваёй педагагічнай дзейнасці праз публічнае выступленне. Журы трэба было выбраць тых семярых, хто трапіць на апошні этап. У журы ўваходзілі старшыня журы першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Вера Віктараўна Грышэчка, сустаршыня журы рэктар ГрАІРА Святлана Якаўлеўна Кострыца, начальнік аддзела агульнай сярэдняй адукацыі і дашкольнага выхавання ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Уладзіміраўна Курганская, пераможца абласнога этапу конкурсу і ўладальнік дыплома ІІІ ступені рэспубліканскага этапу конкурсу “Настаўнік года — 2011” намеснік дырэктара гімназіі № 3 Гродна Ігар Сяргеевіч Маслаў, прадстаўнікі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Святлана Станіславаўна Кавалеўская, дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі Галіна Рыгораўна Барысюк, загадчык кафедры адукацыйных тэхналогій Мікалай Лявонцьевіч Еўдакіменка, старшы выкладчык кафедры адукацыйных тэхналогій Ларыса Пракоф’еўна Папянюк, начальнік вучэбна-метадычнага аддзела Валянціна Іванаўна Лукашык і метадыст вучэбна-метадычнага аддзела Ірына Тадэвушаўна Каскевіч.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей звярнулася Вера Віктараўна Грышэчка:
— У гэтым конкурсе будуць пераможцы і не будзе прайграўшых. Рыхтуючыся да конкурсу, прымаючы ўдзел у ім, вы ўжо не застанецеся былымі, вы прафесійна выраслі, набылі бясцэнны вопыт. Што вы лепшыя ў сваіх раёнах — вы даказалі. А рыхтуючыся да абласнога этапу, вы па-новаму асэнсавалі свае напрацоўкі, ацанілі свае дасягненні. Вялікі дзякуй за тое, што вы такія творчыя, што вам хапіла сіл сабрацца і паказаць выдатныя вынікі.
Лепшымі педагогамі сталі настаўніца фізікі сярэдняй школы № 1 Ашмян Марына Францаўна Дудойць, настаўніца замежнай мовы гімназіі № 1 Астраўца Алена Чаславаўна Севасцьян, настаўніца беларускай мовы і літаратуры вучэбна-педагагічнага комплексу “Падольскі яслі-сад — сярэдняя школа” Астравецкага раёна Тамара Іосіфаўна Качкан, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Слоніма Іна Аляксандраўна Чарапенька, настаўніца працоўнага навучання ваўкавыскай сярэдняй школы № 7 Алена Аляксандраўна Дубанос, настаўніца гісторыі гімназіі № 1 Ваўкавыска Ірына Багданаўна Клак, выхавальнік дашкольнай установы адукацыі “яслі-сад № 78” Гродна Таццяна Аляксееўна Літвінчык.
На другі дзень пераможцы прадэманстравалі адкрытыя ўрокі па тэме “Словам можна сагрэць і выратаваць”. Тут ужо фантазіі, крэатыўнасці педагогаў не было краю. Высокае майстэрства і прафесіяналізм члены журы адзначылі ва ўсіх удзельнікаў.
Марына Францаўна Дудойць правяла своеасаблівыя заняткі па фізіцы, дзе калегі-“вучні” знаходзілі энергію слова і законы яе захавання. Алена Чаславаўна Севасцьян паказала сябе як усебакова развіты педагог, які размаўляе на чатырох мовах, іграе на фартэпіяна і спявае. А Таццяна Аляксееўна Літвінчык праз жарты і гульню з усёй залай паказала, як важна выхоўваць дзяцей яшчэ з дзіцячага сада і што гэта няпростая работа, бо даросламу расказаць пра наваколле простай дзіцячай мовай вельмі цяжка.
Напрыканцы ўсім удзельнікам уручылі дыпломы, а званне “Настаўнік года Гродзенскай вобласці” атрымала Марына Францаўна Дудойць.
— Я спадзявалася на поспех, але яшчэ не ўсведамляю да канца сваёй перамогі. Вельмі ўзрадавала падтрымка залы. Я зараз веру ў свае сілы. Першы раз удзельнічала ў гэтым конкурсе ў 1996 годзе і таксама дайшла да абласнога этапу. А 3 гады назад дырэктар падштурхнуў мяне зноў да гэтага рашэння. Я ўвесь час настройвалася, а калі пачаліся конкурсныя мерапрыемствы, то акунулася нават не задумваючыся. Проста рабіла тое, што ўмею лепш за ўсё. Канечне, адна я не змагла б прайсці такі шлях. Мая перамога — работа цэлай каманды таленавітых педагогаў маёй школы. Свой поспех як педагога я бачу перш за ўсё, калі іду на заняткі да дзяцей, калі бачу, як ім цікава на маіх уроках, — з хваляваннем расказала пра свой поспех Марына Францаўна.
Журы аднагалосна вырашыла дадаць яшчэ адну намінацыю — “За спалучэнне маладосці і высокага прафесіяналізму”, у якой перамагла выхавальнік ясляў-сада № 35 Ліды Юлія Аляксандраўна Грыб. Заняткі і майстар-класы гэтага маладога педагога вельмі парадавалі сваёй непаўторнасцю.
Цяпер сямёрку пераможцаў чакае падрыхтоўка да фіналу. Будзем спадзявацца, што ў гэтым годзе менавіта прадстаўнік Гродзеншчыны стане першым. Тым больш, што вопыт такі ў вобласці ёсць. Тры разы нашы педагогі станавіліся лепшымі з лепшых. Звання “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” у 1997 годзе атрымала Валянціна Васільеўна Гінчук, настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 2 Ашмян, а зараз кандыдат педагагічных навук, дацэнт, начальнік аддзела маніторынгу якасці адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі. У 2006 годзе — Ірына Рамуальдаўна Клявец, настаўніца біялогіі гімназіі № 4 Смаргоні. У 2011 годзе — настаўніца англійскай мовы гімназіі № 1 Дзятлава Інеса Уладзіміраўна Зубрыліна, якая зараз працуе ў 24-й мінскай гімназіі і з’яўляецца старшым выкладчыкам кафедры паслядыпломнай моўнай адукацыі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.
Антаніна ЖВІРЫДОЎСКАЯ.