Гродзенскі каледж імя Івана Шчаснага — адна з вядучых устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі краіны

- 11:35Гродненская область, Индекс успеха, Образование

Гродзенскі дзяржаўны электратэхнічны каледж імя Івана Шчаснага з’яўляецца равеснікам сістэмы прафтэхадукацыі вобласці і сёлета адзначыць 85­-годдзе. Нягледзячы на паважаны ўзрост, установа адпавядае самым сучасным патрабаванням. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Больш за тое, па многіх напрамках работы яна справядліва лічыцца перадавіком краіны. Так, з мінулага года каледж дзейнічае ў статусе вядучай установы адукацыі, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы ПТА на рэспубліканскім узроўні па спецыяльнасцях напрамку адукацыі “Інжынерыя і інжынерная справа (электратэхніка і энергетыка)”.

Атрыманне каледжам такога статусу абумоўлена высокай ацэнкай Міністэрства адукацыі яго дзейнасці па многіх паказчыках: ад арга­нізацыі метадычнай работы і кантынгенту навучэнцаў, забяспечанасці педагогамі і майстрамі да ўзаемадзеяння з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў.

— Дзякуючы нашаму каледжу і непасрэдна з ім будуецца ўзаемадзеянне ўсіх устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі краіны пры падрыхтоўцы кадраў для галін эканомікі, дзе працуюць выпускнікі электратэхнічнага профілю. Гэта адначасова ганарова і адказна, — гаво­рыць дырэктар каледжа Алег Рахунок.

Сёння ў каледжы па дзвюх адукацыйных праграмах (прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай) атрымліваюць веды 1202 навучэнцы. Вызначальным момантам з’яўляецца практыкаарыентаванасць гэтых ведаў. Шэраг арганізацый горада і вобласці штогод становіцца для будучых прафесіяналаў вытворчай базай практыкі. Умовы працы, максімальна набліжаныя да рэальных, створаны і ў самой установе адукацыі.

— На працягу некалькіх гадоў у нашым каледжы функцыянуе сучасны цэнтр кампетэнцый у сферы энергетыкі і аўтасэрвісу. У яго ўвахо­дзяць розныя майстэрні, лабараторыя альтэрнатыўнай энергетыкі, станцыя тэхабслугоўвання і электрамантажны палігон, якія дазваляюць навучэнцам удасканальваць свае навыкі на самым сучасным абсталяванні. Таксама тут праводзяцца конкурсы прафесійнага майстэрства па стандартах ProfSkills, — працягвае Алег Рыгоравіч.

З году ў год у каледжы адкрываюцца новыя спецыяльнасці. А вучэбныя планы і праграмы карэкціруюцца сумесна з асноўнымі заказчыкамі кадраў, каб рыхтаваць спецыялістаў, запатрабаваных на прадпрыемствах.

Практыка-арыентаванаму навучанню ў каледжы імкнуцца надаць яшчэ і апераджальны характар. У цэнтры кампетэнцый навучэнцы могуць азнаёміцца не толькі з абсталяваннем, якое ўжо выкарыстоўваецца арганізацыямі, але і з тым, што толькі плануецца ўвесці.

— На рэспубліканскім узроўні быў абаронены план развіцця нашага цэнтра кампетэнцый, — адзначае Алег Рахунок. — Работа па ўдасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы працягваецца. У нашым распараджэнні ўжо ёсць макет зараднай станцыі для электрамабіляў. Плануем закупіць у тым ліку і макет электрамабіля. За тэхналогіямі — будучыня, і ў гэтай будучыні не абысціся без спецыялістаў па абслугоўванні адпаведнага ўзроўню падрыхтоўкі.

У цэнтр кампетэнцый на базе каледжа прыязджаюць удасканальваць свае навыкі навучэнцы з усёй вобласці. Павышаюць тут кваліфікацыю і майстры вытворчага навучання. Акрамя таго, на базе ўстановы стажыруюцца супрацоўнікі арганізацый.

— Мы заўсёды працуем на перспектыву. Напрыклад, сёння ў адным з жылых мікрараёнаў Гродна здаюцца дамы, цалкам электрыфікаваныя, у тым ліку і сістэма ацяплення. Гэтыя дамы павінны абслугоўваць кваліфікаваныя кадры. Не першы год такіх спецыя­лістаў рыхтуюць якраз у нашым каледжы, — працягвае размову Алег Рахунок.

Навучэнцы каледжа таленавітыя не толькі ў прафесійных кампетэнцыях. Штогод яны ў ліку пераможцаў і прызёраў абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Толькі ў мінулым годзе гэтыя поспехі былі адзначаны больш чым сотняй дыпломаў за ўдзел у конкурсах прафесійнай, спартыўнай і мастацкай накіраванасці. Адна з апошніх узнагарод — міжнароднага ўзроўню. З Усерасійскага чэмпіянату па прафесійным майстэрстве “Прафесіяналы”, які ў лістападзе праходзіў у Санкт-Пецярбургу, навучэнец каледжа Марцін Булаўскі вярнуўся з сярэбраным медалём.

Больш за 70 хлопцаў і дзяўчат у розныя гады станавіліся стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і лаўрэатамі абласной прэміі імя А.І.Дубко. Дасягнуць такіх вынікаў яны змаглі дзякуючы сваёй працавітасці і жаданню тва­рыць. Але натхняюць іх педагогі. Сёння больш за сто педагогаў дзеляцца сваімі ведамі і вопытам з навучэнцамі каледжа. У іх сумеснай скарбонцы дасягненняў нямала ўзнагарод і званняў рознага ўзроўню. Так, у мінулым годзе на абласным этапе конкурсу “Майстар года” пераможцам стаў майстар вытворчага навучання кале­джа Міхаіл Аўсейчык. Сёлета ён прадставіць Гродзеншчыну на рэспубліканскім этапе конкурсу прафесіяналаў.

— Рабочая спецыяль­насць сёння — гэта прэстыжна і перспектыўна. Праца рабочага паважаецца і высока шануецца. Выпускнікам нашага кале­джа рады ў многіх арганізацыях. Напрыклад, у гэтым годзе РУП “Гроднаэнерга” зноў падало заяўку на падрыхтоўку 140 электрыкаў. Часта прыводжу класічны прыклад з вядомага многім фільма “Масква слязам не верыць”: без слесара шостага разраду не рэалізаваць навуковыя распрацоўкі прафесараў, — расстаўляе прафесійныя акцэнты кіраўнік установы.

Неаднаразова каледж пад яго кіраўніцтвам станавіўся пераможцам штогадовага абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы ўстаноў прафесійнай адукацыі Гро­дзенскай вобласці. І сакрэт такога поспеху Алег Рыгоравіч зводзіць да простай формулы:

— У нашай справе галоўнае — не спыняцца. Бо спынішся — не дагоніш. Дзень за днём імкнёмся рухацца наперад і разам з тым прымна­жаць вопыт мінулага. Нездарма дэвіз нашай установы — “У будучыню з традыцыямі!”.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара