Грошы зарабляюць у “Рытме”

На базе санаторнай школы-інтэрната для дзяцей з захворваннямі касцёва-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі дзейнічаў 9-дзённы лагер працы і адпачынку “Рытм” з кругласутачным знаходжаннем.

— Лагер працы і адпачынку вельмі ўдалая форма занятасці навучэнцаў, — лічыць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля Ірына Казімірава. — Па-першае, вучні заняты справай, яны заўсёды пад наглядам дарослых. Па-другое, у іх выхоўваецца павага да працы і разуменне кошту сваіх першых заробленых грошай.

Больш як 100 хлопчыкаў і дзяўчынак з 23 устаноў адукацыі Чыгуначнага раёна Гомеля працавалі над рэалізацыяй сацыяльна значнага праекта. Так, хлопчыкі выраблялі мальберты, а дзяўчаты шылі пасцельную бялізну. Вынікам іх працы стане дапамога ўстановам адукацыі, якія маюць патрэбу ў гэтых рэчах, і, канечне, самастойна заробленыя грошы (для большасці гэта быў першы заробак).

— Нішто не аб’ядноўвае дзяцей так, як сумесная праца, — гаворыць дырэктар школы-інтэрната Святлана Малай. — Мы імкнуліся арганізаваць працу так, каб знаходжанне ў лагеры стала для дзяцей яркім навучаннем працы, каб у іх нараджалася сапраўдная цікавасць да таго, што яны робяць. Спадзяёмся, нам гэта ўдалося.

Зразумела, падчас лагернай змены старшакласнікі не толькі працавалі ў майстэрнях, але і актыўна адпачывалі. Для іх арганізавалі экскурсіі па памятных мясцінах Гомельшчыны, удзел у ваенна-патрыятычных акцыях і турыстычных паходах, сустрэчы з цікавымі людзьмі.

Кожная ўстанова адукацыі раёна прымала ўдзел у правядзенні актыўных гульняў на свежым паветры, спаборніцтваў, адукацыйных і прафілактычных заняткаў. Кожны дзень у лагер прыязджалі кіраўнікі і педагогі школ. Па словах удзельнікаў змены, яны выдатна адпачылі, правялі незабыўныя дні, знайшлі сяброў і атрымалі новыя веды ў розных жыццёвых сферах.

Наталля ЛУТЧАНКА.