Грунтоўныя веды і шырокія перспектывы

- 9:10Выбар прафесіі

У кожнага з нас час ад часу з’яўляецца жаданне наведаць новыя месцы, актыўна адпачыць, пазнаёміцца з жыхарамі іншых краін… Імклівае развіццё турызму актывізуе бізнес, цягне за сабой стварэнне новых працоўных месцаў, вымагае адкрыцця сучасных спецыяльнасцей ва ўстановах адукацыі. У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны для больш якаснай падрыхтоўкі спецыялістаў турыстычнай галіны была нават створана новая кафедра — міжкультурных камунікацый і міжнароднага турызму.

З акцэнтам на замежныя мовы

Для першакурснікаў спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (міжнародны турызм)” гістарычнага факультэта ГДУ гэты навучальны год быў незвычайным. Спачатку ім пашанцавала прайсці ўступныя выпрабаванні і стаць студэнтамі найбуйнейшага ўніверсітэта Палесся. Потым хлопцы і дзяўчаты паспяхова здалі зімовую сесію, а ў другім семестры на іх факультэце была створана кафедра міжкультурных камунікацый і міжнароднага турызму.

Трэба заўважыць, што на гістарычным факультэце і раней рыхтавалі менеджараў па культурнай спадчыне і турызме, якія паспяхова знаходзілі сваё месца ў турыстычным бізнесе. Але ў адрозненне ад “Музейнай справы і аховы гістарычна-культурнай спадчыны” новая спецыяльнасць прадугледжвае больш моцны ўзровень моўнай падрыхтоўкі па англійскай і нямецкай мовах. Выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю “спецыяліст па міжкультурных камунікацыях. Перакладчык-рэферэнт”.

Таццяна ПАЧЫНАК, загадчык кафедры міжкультурных камунікацый і міжнароднага турызму:

“Нашы выпускнікі змогуць кампетэнтна і кваліфікавана прадстаўляць нацыянальны культурны здабытак замежным партнёрам і гасцям, якія наведваюць Беларусь. Яны авалодаюць ведамі пра менталітэт, асаблівасці ўспрымання навакольнага свету, традыцыі і звычкі прадстаўнікоў іншых культур, культурныя славутасці і гістарычныя рэаліі іншых краін. Гэтыя веды дапамогуць у рэалізацыі эфектыўнай міжкультурнай камунікацыі”.

— Значная частка вучэбнай праграмы будучых спецыялістаў па міжкультурных камунікацыях звязана з вывучэннем замежных моў і шэрага спецыяльных прадметаў, якія не выкладаюцца на існуючых кафедрах, — гаворыць дэкан гістарычнага факультэта, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Станіслаў Чаропка. — За спецыялізаванай выпускаючай кафедрай будзе замацавана значная частка вучэбнай нагрузкі спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый”. Гэта дасць магчымасць на больш высокім узроўні арганізаваць адукацыйны працэс і даследчую дзейнасць студэнтаў.

Новая кафедра ў дапамогу студэнтам

Кіраўніком кафедры міжкультурных камунікацый і міжнароднага турызму прызначана кандыдат педагагічных навук дацэнт Таццяна Пачынак. Яна падкрэсліла, што асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца вывучэнню студэнтамі гістарычна-культурнай спадчыны нашай краіны.

— Выпускнікі змо­гуць кампетэнтна і кваліфікавана прадстаўляць нацыянальны культурны здабытак замежным партнёрам і гасцям, якія наведваюць Беларусь. Яны авалодаюць ведамі пра менталітэт, асаблівасці ўспрымання навакольнага свету, традыцыі і звычкі прадстаўнікоў іншых культур, культурныя славутасці і гістарычныя рэаліі іншых краін. Гэтыя веды дапамогуць у рэалізацыі эфектыўнай міжкультурнай камунікацыі, напрыклад, у вядзенні дзелавых перамоў з замежнымі партнёрамі, на сустрэчах з замежнымі дэлегацыямі і г.д.

Таццяна Віктараўна адзначыла, што гістарычна-культурная кампетэнтнасць дазволіць спецыялістам эфектыўна ажыц­цяўляць міжкультурную каму­нікацыю на міжнародным узроўні. У гэтым і ёсць адметнасць і ўнікальнасць да­дзенага напрамку падрыхтоўкі спецыялістаў. Адначасова супрацоўнікі кафедры будуць пашыраць міжнароднае супрацоўніцтва з універсітэтамі-партнёрамі па лінгвістычным кірунку, з акцэнтам на турыстычную і экскурсійную дзейнасць.

Мацвей АХРЭМЕНКА, студэнт 1 курса спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый. Міжнародны турызм”:

“У вучэбнай праграме прыярытэт аддадзены англійскай мове, і гэта радуе. А з другога курса пачнецца вывучэнне яшчэ адной мовы — нямецкай. Вялікай перавагай нашай спецыяльнасці з’яўляецца шырокі выбар прафесій. Мы можам уладкавацца ў турфірму, стаць гідам-перакладчыкам або экскурсаводам. Я хацеў бы звязаць сваю будучыню з работай у дзяржаўных органах спорту і знайсці там прымяненне сваім здольнасцям”.

— У чэрвені мінулага года быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве з Пскоўскім дзяржаўным універсітэтам. У лютым мы прынялі ўд зел у арганізаванай там канферэнцыі “Экскурсійная дзейнасць і турызм: тэорыя і практыка”, дзе расказалі пра тэндэнцыі і перпектывы развіцця турыстычнай прывабнасці Гомельшчыны. Актыўна супрацоўнічаем з Чувашскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя І.Я.Якаўлева. У хуткім часе плануем сумесны круглы стол у анлайн-фармаце на тэму “Гістарычна-культурная спадчына Беларусі і Чувашыі. Памяць культуры вечная”, дзе студэнты двух універсітэтаў прадставяць даклады аб сваёй нацыянальнай культуры на англійскай мове. Дамаўляемся аб супрацоўніцтве і з іншымі буйнымі ўніверсітэтамі Расіі па лінгвістычным кірунку, — праінфармавала Таццяна Пачынак.

Загадчык кафедры таксама падкрэсліла, што асноўны акцэнт у вучэбным працэсе будзе зроблены на авалоданне ведамі пра гістарычна-культурную спадчыну Беларусі і іншых краін, на развіццё ўнутранага нацыянальнага турызму, выхаванне ў студэнтаў пачуцця патрыятызму, грама­дзянскай адказнасці і любові да сваёй Радзімы.

Кацярына СУХАРКОВА, студэнтка 1 курса спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый. Міжнародны турызм”, стараста групы:

“Для выпускнікоў нашай спецыяльнасці адчынены многія дзверы: мы можам працаваць у турфірмах, дзяржаўных органах, на прадпрыемствах, звязаных са знешнеэканамічнай дзейнасцю, або здаць дадатковы экзамен і працаваць гідам-перакладчыкам. Варыянтаў шмат, таму і вызначыцца даволі цяжка.

Асабіста мяне прываблівае магчымасць займаць адказную пасаду: яна падразумявае шмат абавязкаў, але так ты адчуваеш сваю знач­насць. Спадзяюся, у будучыні будзе шмат семінараў і трэнінгаў, якія дапамогуць развівацца ў прафесіі”.

Зацікаўленасць дзяржаўных структур

З утварэннем новай кафедры на факультэце актывізавалася дзейнасць па экскурсійным кірунку. Падрыхтоўка экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў ажыццяўляецца ў супрацоўніцтве з Нацыяналь­ным агенц­твам па турызме і профільнымі ор­ганамі дзяржаўнага кіравання Гомеля і Го­мельскай вобласці. Напрыклад, анлайн-семінар “Роля экс­курсавода ў развіцці турызму ў Рэспубліцы Беларусь” быў праведзены Гомельскім дзяржаўным універсітэтам сумесна з Нацыянальным агенцтвам па турызме. Студэнты, выкладчыкі, прадстаўнікі дзяр­жструктур і культурна-гістарычных устаноў абмеркавалі асноўныя тэндэнцыі і перспектывы развіцця ўнутранага турызму ў краіне, магчымасці забеспячэння дадзенага кірунку кваліфікаванымі кадрамі.

Сваім поглядам на праблему пад­рыхтоўкі спецыялістаў турыстычнай галіны падзялілася загадчык сектара турызму ўпраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама Вольга Кацянкова:

Станіслаў ЧАРОПКА, дэкан гістарычнага факультэта:

“За кафедрай міжкультурных камунікацый і міжнароднага турызму будзе замацавана значная частка вучэбнай нагрузкі спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый”. Гэта дасць магчымасць на больш высокім узроўні арганізаваць адукацыйны працэс і даследчую дзейнасць студэнтаў”.

— Сёння беларускі турызм уключаецца ў канкурэнцыю на сусветным турыстычным рынку. У той жа час існуе шэраг фактараў, якія негатыўна ўплываюць на жыццядзейнасць турыстычных арганізацый. Адзін з іх — недастатковы ўзровень кампетэнтнасці значнай часткі супрацоўнікаў, складанасці пры правядзенні імі дзелавых перамоў, нізкая выніковасць працы. Як вынік, узнікае вялікая патрэба ў кваліфікаваных спецыялістах.

Кампетэнтныя спецыялісты, па меркаванні Вольгі Дзмітрыеўны, будуць, з аднаго боку, ведаць міжкультурныя адрозненні народаў, весці дыялог з прадстаўнікамі іншых культур, а з другога — годна прадстаўляць сваю краіну і культуру ў любых сітуацыях зносін.

— Падрыхтоўка спецыялістаў па міжкультурных камунікацыях у ГДУ імя Ф.Скарыны будзе садзейнічаць забеспячэнню турыстычнай галіны прафесійнымі кадрамі, — падсумавала загадчык сектара. — А ўлічваючы, што сёння міжнародныя камунікацыі выхо­дзяць на новы ўзровень адносін, гэтая спецыяльнасць, як ніколі, запатрабавана на рынку працы нашай краіны і нават за мяжой.

Заканамерна, што ў мінулагоднюю ўступную кампанію новая спецыяльнасць з’явілася менавіта на гістарычным факультэце. Спецыялісты свед­чаць: спасціжэнне сусветнай культурнай спадчыны немагчыма без вывучэння гісторыі сваёй краіны.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота Кацярыны СТЭЦКАЙ і з архіва герояў.