Грунтоўны і зручны дакумент

- 9:57Адукацыйная прастора

Падрыхтоўка новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі выходзіць на фінішную прамую. Праведзена вялікая работа, накіраваная на далейшае ўдасканаленне адукацыйнай галіны, павышэнне якасці беларускай адукацыі і ўмацаванне яе прэстыжу на сусветным узроўні. Гэты год стаў найбольш прадукцыйным і знамянальным у распрацоўцы законапраекта. На вясенняй парламенцкай сесіі законапраект быў прыняты ў першым чытанні, летам прайшлі парламенцкія слуханні. У кастрычніку адбылася нарада ў кіраўніка дзяржавы па пытанні заканадаўчага ўдасканалення сістэмы адукацыі. У цэлым абноўлены кодэкс быў канцэптуальна падтрыманы. Прэзідэнт даручыў адказным асобам яшчэ раз звярнуцца да разгляду некаторых палажэнняў законапраекта, прааналізаваць і “адшліфаваць” шэраг навацый. Законапраект рыхтуецца да ўзгаднення, і цяпер уносяцца апошнія тэхнічныя праўкі. На гэтай сесіі парламента плануецца прыняць яго ў другім чытанні. Аб змесце новай рэдакцыі кодэкса, яго асаблівасцях і значнасці для айчыннай сістэмы адукацыі расказвае Марына ВАСЬКО, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

— Марына Віктараўна, улічваючы аб’ём дакумента, мэтазгодным было б падрабязна разгледзець Асаблівую частку новай рэдакцыі кодэкса, якая ахоплівае змест усіх узроўняў адукацыі. Давайце пачнём з да­школьнага.

 — Згодна з новай рэдакцыяй кодэкса, на ўзроўні дашкольнай адукацыі віды ўстаноў будуць аптымізаваны. Так, усе ўстановы дашкольнай адукацыі агульнага прызначэння (яслі, яслі-сад, дзіцячы сад) будуць называцца дзіцячы сад. Усе санаторныя ўстановы дашкольнай адукацыі (санаторны яслі-сад, санаторны дзіцячы сад) будуць мець назву “санаторны дзіцячы сад”. Пры гэтым колькасць дашкольных устаноў не зменіцца. Як від установы захаваецца і дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці. Дзіцячыя сады атрымаюць магчымасць рэалізоўваць адукацыйную праграму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, што дазволіць праводзіць гуртковую і іншыя формы работы для развіцця здольнасцей дзяцей. Для павышэння зацікаўленасці прыватнага бізнесу ў будаўніцтве і ўтрыманні дзіцячых садоў у тых населеных пунктах, дзе месцаў для дашкольнікаў не хапае, прапануецца фінансаванне часткі расходаў прыватных дашкольных устаноў за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў.

— На ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі ключавым новаўвядзеннем можна лічыць норму аб абавязковым атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі.

— Так, гэта знакавая навацыя, якая станоўча ўспрынята ў нашым грамадстве і адкрывае новыя перспектывы для далейшага навучання моладзі. Аптымізацыя закране і віды ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі: плануецца выключыць 13 з 25 цяпер існуючых. Унесены змены ў агульныя патрабаванні да залічэння дзяцей у 1-ы клас. Прыём дзяцей будзе ажыццяўляцца па дасягненні імі на пачатак навучальнага года ўзросту 6 гадоў або па рашэнні аднаго з законных прадстаўнікоў непаўналетняга — з больш позняга ўзросту. Па заяве аднаго з законных прадстаўнікоў пры згодзе педагагічнага савета бу­дзе дапускацца прыём у 1-ы клас дзіцяці, якому 6 гадоў спаўняецца ў першым паўгоддзі бягучага навучальнага года. У кодэкс таксама ўнесена норма, згодна з якой за кожнай установай замацоўваецца свой мікрараён, прыём дзяцей будзе ажыццяўляцца ў першую чаргу з гэтага мікрараёна, а пры наяўнасці свабодных месцаў — з любога іншага.

Цяпер нашы школьнікі маюц­ь магчымасць вывучаць асобныя вучэбныя прадметы на павышаным узроўні як на II, так і на III ступені, у тым ліку ў рамках арганізацыі дапрофільнага і профільнага навучання. Пры гэтым захаваны класы, у якіх усе вучэбныя прадметы вывучаюцца на базавым узроўні. Навучэнцы III ступені агульнай сярэдняй адукацыі асвойваюць прафесію ў школе і ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дадатковай адукацыі дарослых. Гэтыя асаблівасці агульнай сярэдняй адукацыі будуць замацаваны ўжо на заканадаўчым узроўні.

Каму – статус маладога спецыяліста?

— Марына Віктараўна, якія змяненні ў заканадаўстве тычацца прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі?

— На ўзроўнях ПТА і ССА будзе функцыянаваць адзіны від установы адукацыі — каледж. Акрамя гэтага, прадугледжваецца скарачэнне тэрміну навучання. Так, тэрмін атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі на аснове агульнай сярэдняй адукацыі ў дзённай форме скла­дзе ад 6 месяцаў да аднаго года. Змяненні ў заканадаўстве на ўзроўні вышэйшай школы абумоўлены неабходнасцю ўдасканалення механізма падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў для нацыянальнай эканомікі і сацыяльнай сферы з улікам рэалізацыі стратэгіі развіцця Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый. На ўзроўні вышэйшай адукацыі ў законапраекце прадугледжваюцца агульная, паглыбленая і спецыяльная вышэйшая адукацыя. Найменне “пасляўніверсітэцкая адукацыя” заменена на “навукова-арыентаваную” (аспірантура, дактарантура). Названыя нормы дадуць магчымасць гарманізаваць беларускую вышэйшую адукацыю з міжнароднымі стандартамі, павысіць яе прывабнасць для замежных грамадзян, палепшыць міжнародны імідж.

— Асаблівая ўвага ў законапраекце ўдзелена сацыяльнай абароне навучэнцаў і выпускнікоў.

— Так, дзеючыя нормы па гэтым кірунку захаваны і дапоўнены. Напрыклад, уводзіцца норма аб працаўладкаванні ў лік броні для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія атрымалі прафесійную адукацыю, калі не ўяўляецца магчымым размеркаваць іх з-за адсутнасці адпаведных месцаў. Такім выпускнікам разам з дакументам аб адукацыі будзе выдавацца пасведчанне аб накіраванні на работу на забраніраванае працоўнае месца. Выпускнікам, якія вучыліся на платнай аснове і звярнуліся па накіраванне на работу, таксама будзе надавацца статус маладога спецыяліста. Па жаданні выпускніка ў тэрмін абавязковай работы па размеркаванні залічваецца перыяд ваеннай службы па кантракце і альтэрнатыўнай службы. Уводзіцца норма аб кампенсацыі ў бюджэт сродкаў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі, спецыяліста, рабочага, служачага арганізацыямі — заказчыкамі кадраў у выпадку неабгрунтаванай адмовы ў прыёме на работу накіраванага выпускніка і наймальнікамі ў выпадку незаконнага звальнення маладога спецыяліста.

У канструктыўным узаемадзеянні

— Міністэрствам адукацыі плануецца з 2023 года ўнесці змены ў правядзенне выніковых іспытаў для выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ў правілы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Ці адлюстраваны гэтыя змяненні ў новай рэдакцыі кодэкса?

— У абноўлены кодэкс унесены адпаведныя нормы. У прыватнасці, у артыкуле 161 гаворыцца пра тое, што выніковыя выпрабаванні па завяршэнні навучання і выхавання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі па асобных вучэбных прадметах могуць праводзіцца ў выглядзе цэнтралізаванага экзамену. Навучэнцы з парушэннямі зроку, слыху, функцый апорна-рухальнага апарату па іх выбары змо­гуць праходзіць выніковыя іспыты ва ўстанове адукацыі або ў выгля­дзе цэнтралізаванага экзамену. Кодэксам таксама ўстанаўліваецца, што мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы будуць арганізоўваць перавозку навучэнцаў да месца правядзення цэнтралізаванага экзамену і назад, калі немагчыма перавезці навучэнцаў рэгулярным транспартам агульнага карыстання.

— Як заканадаўча будуць рэгулявацца ўзаемаадносіны паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, перш за ўсё паміж бацькамі і ўстановай адукацыі?

— Як вядома, першапачатковыя змены ў кодэксе выклікалі ў бацькоў занепакоенасць, што іх правы на азнаямленне з ходам адукацыйнага працэсу бу­дуць абмежаваны. Мы адкарэкціравалі гэтую норму дакумента. У абноўленым выглядзе яна будзе садзейнічаць канструктыўнаму ўзаемадзеянню паміж бацькамі і школай. Так, артыкул 33 гарантуе права законных прадстаўнікоў на атрыманне інфармацыі аб хо­дзе і змесце адукацыйнага працэсу, метадах навучання і выхавання, выніках вучэбнай дзейнасці навучэнцаў у тым парадку, які вызначаецца кіраўніком установы адукацыі. Пры гэтым заканадаўча замацоўваецца магчымасць удзелу ў гэтым і органа самакіравання, у які ўваходзяць асобы з ліку законных прадстаўнікоў непаўналетніх навучэнцаў. Таксама пакінута норма, якая гарантуе права бацькоў на атрыманне інфармацыі аб усіх відах абследаванняў дзяцей. Першапачаткова такая норма была выключана па той прычыне, што медыцынскія абследаванні навучэнцаў праводзяцца не ва ўстановах адукацыі, а на базе спецыялізаваных медыцынскіх устаноў. Таксама дапрацаваны артыкулы, якія тычацца правоў і абавязкаў усіх удзельнікаў адукацыйнага пра­цэсу. Узмоцнены патрабаванні як да педагогаў, так і да навучэнцаў. Адкарэкціраваны нормы законапраекта, якія рэгулююць меры дысцыплінарнага спагнання і парадак іх прымянення, а таксама спыненне адукацыйных адносін (адлічэнне) навучэнцаў. Да абавязкаў бацькоў аднесена забеспячэнне выканання іх дзецьмі патрабаванняў устаноўчых дакументаў і правіл унутранага распарадку для навучэнцаў. Педагагічную дзейнасць не змогуць ажыццяўляць асобы, якія маюць медыцынскія супрацьпаказанні. Для гэтага ўстаноўлены абавязак педагагічных работнікаў прахо­дзіць папярэдні (пры паступленні на работу) і перыядычныя (на працягу працоўнай дзейнасці) абавязковыя медыцынскія агляды. У новую рэдакцыю кодэкса ўве­дзена паняцце “канфлікт інтарэсаў педагагічнага работніка”, прапісаны механізмы яго вырашэння.

Акцэнт на выхаванне

— Апошнім часам мы ўсё часцей гаворым аб неабходнасці ўдасканалення сістэмы выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі, узмацнення грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі. Ці будуць унесены адпаведныя нормы ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі?

— У новым законапраекце мы скарэкціравалі задачы выхавання. Кірункі выхавання дапоўнены такімі відамі, як полікультурнае і эканамічнае выхаванне. Выхаваўчая работа, як і раней, будзе ажыццяўляцца як на вучэбных занятках, так і ў пазаўрочны час, у тым ліку ў шосты школьны дзень. Гэтая работа будзе арганізавана ва ўсіх установах адукацыі, у тым ліку педагагічнымі работнікамі, якія выконваюць функцыі класнага кіраўніка і куратара вучэбнай групы. Для гэтага дадзена азначэнне паняцця “выхаваўчая работа”, удакладнены функцыі дзейнасці педагагічных работнікаў у галіне выхавання. Пры вызначэнні паняцця “выхаваўчая работа” акцэнт у першую чаргу зроблены на грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей і мола­дзі. У прыватнасці адзначана, што “выхаваўчая работа ў пазаўрочны час — мэтанакіраваная, сістэматычная і запланаваная дзейнасць педагагічных работнікаў, у тым ліку прафесарска-выкладчыцкага складу, накіраваная на фарміраванне ў навучэнцаў пачуцця патрыятызму, грамадзянскасці, павагі да памяці абаронцаў Айчыны, закону і правапарадку, чалавека працы і старэйшага пакалення, беражлівых адносін да гістарычна-культурнай спадчыны і традыцый беларускага народа, стварэнне ўмоў для самавызначэння, сацыялізацыі і самарэалізацыі асобы навучэнца на аснове сацыякультурных, духоўна-маральных каштоўнасцей і прынятых у грамадстве правіл, норм паводзін у інтарэсах чалавека, сям’і, грамадства і дзяржавы”. Названая норма дазволіць распрацаваць нарматыўны дакумент аб арганізацыі работы класнага кіраўніка і куратара вучэбнай групы. Да гэтага часу іх функцыянал быў вызначаны толькі на ўзроўні рэкамендацый.

Плануецца, што частка норм абноўленага Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ўступіць у сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання, частка — з 1 верасня 2022 года. З 1 сакавіка 2022 года ўступяць у сілу нормы, якія рэгулююць падрыхтоўку спецыялістаў, рабочых, служачых на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.

Упэўнена, што пасля доўгай і складанай работы над кодэксам мы атрымаем грунтоўны і зручны для правапрымяняльнай практыкі дакумент, які будзе садзейні­чаць эвалюцыйнаму развіццю нацыянальнай сістэмы адукацыі.

Гутарку вяла Ала КЛЮЙКО.