Грунтуючыся на ўпартай штодзённай працы

“У мінулым навучальным годзе аддзел адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля заняў 1-е месца ў гарадскім этапе абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы, — адзначыла начальнік  аддзела Людміла Уладзіміраўна Крылісценка. — Сёлета да нас прыйшла яшчэ адна радасная навіна — аб перамозе ў фінале Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2020” нашага настаўніка геаграфіі сярэдняй школы № 19 Вадзіма Алегавіча Лосева. Установа, дзе ён працуе, знаходзіцца ў нашым раёне”.

— Віншую вас з перамогай вашага таленавітага педагога! Скажыце, якія пытанні сёння актуальныя для вас.

— Аддзел адукацыі Цэнтральнага раёна — адзін з найстарэйшых у горадзе. У 2020 го­дзе яму споўнілася 80 гадоў. Наш раён развіваецца, з кожным годам расце колькасць яго жыхароў. За год насельніцтва папаўняецца прыкладна на 1160 малышоў. Таму ў фокусе нашай асаблівай увагі — пытанне перагружанасці ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у мікрараёнах актыўнай жылой забудовы. За 5 гадоў у раёне адкрыты 2 установы да­школьнай адукацыі (рэканструяваны будынак ясляў-сада № 91, а ў 2017 годзе рэалізаваны праект па будаўніцтве панэльнага 10-павярховага дома з убудаваным трохгрупавым дзіцячым садам, які сёння наведваюць 72 дзіцяці). Арганізаваны падвоз дзяцей грамадскім транспартам у су­праваджэнні бацькоў з мікрараёнаў-новабудоўляў да ўстаноў да­школьнай адукацыі іншых раёнаў горада. Ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй забяспечваецца не толькі за кошт стварэння дадатковых месцаў, але і шляхам развіцця розных форм арганізацыі дашкольнай адукацыі (групы кароткачасовага знаходжання, адаптацыйныя групы, мацярынскія школы).

— Ці ўзводзяцца ў раёне новыя сучасныя школы?

— Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі сёлета навучаецца 14 254 дзіцяці, што на 1200 больш, чым у мінулым навучальным годзе. Увод школы ў мікрараёне № 21 з 1 верасня 2020 года вырашыў праблему перагрузкі суседніх устаноў. У гэтай школе навучаюцца 1026 дзяцей. Тут створаны неабходныя ўмовы для навучання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця: пандусы, пад’ёмнікі, ліфт, тратуарная тактыльная плітка. У вучэбных кабінетах прадугле­джана індывідуальнае мэблевае абсталяванне. Спартыўна-аздараўленчая база ўстановы вельмі сучасная: зала рытмікі і танца, трэнажорная, гімнастычная і спартыўная залы, адкрытая спартыўная пляцоўка (пляцоўка для масавых мерапрыемстваў, бегавая дарожка, валейбольная, гандбольная, баскетбольная пляцоўкі, хакейная каробка і футбольнае поле).

— Ці расце ўзровень адукацыйнай падрыхтоўкі вучняў раёна?

— Адказваючы на пастаўленае пытанне, магу прывесці прыклады выніковай работы практычна кожнага педагагічнага калектыву. У кожнай установы ёсць свае моцныя бакі, заснаваныя на традыцыях, свой імідж, імёны выдатных педагогаў і навучэнцаў. Калі стымулюецца і падтрымліваецца вера ў тое, што кожны вучань і кожны настаўнік могуць дасягнуць большага, у іх з’яўляецца жаданне гэта зрабіць, грунтуючыся на ўпартай штодзённай працы. Як вынік, навучэнцамі раёна ў 2020 годзе заваявана больш  як 120 дыпломаў на міжнародных, рэспубліканскіх конкурсах, канферэнцыях, турнірах. Лепшымі ў 2020 годзе сталі Аляксандр Лосеў — вучань 10 класа сярэдняй школы  № 27, які атрымаў бронзавы медаль на Еўрапейскай юніёрскай алімпія­дзе па інфарматыцы, Марыя Сідоранка — вучаніца гімназіі № 10, якая атрымала дыплом І ступені на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”, а таксама навучэнцы сярэдняй школы № 72, якія заваявалі дыплом I ступені на Міжнародным Балтыйскім навукова-інжынерным конкурсе.

Ва ўстановах адукацыі раёна на працягу многіх гадоў праводзяцца адкрытыя мерапрыемствы: гімназічныя Скарынінскія чытанні даследчых работ для навучэнцаў 5—11 класаў (гімназія № 56), навукова-даследчая канферэнцыя навучэнцаў “Свабодны выбар” (гімназія № 10), алімпіяда школьнікаў па інфарматыцы і праграмаванні (сярэдняя школа № 27 Гомеля). У цэлым узровень адукацыйнай падрыхтоўкі навучэнцаў раёна адзначаны павышэннем вынікаў цэнт­ралізаванага тэсціравання (па выніках 2020 года сярэдні бал склаў 59,75). Выпускнікі раёна атрымалі 5 стабальных серты­фікатаў. Выклікае захапленне бліскучы поспех выпускнікоў гімназіі № 10: 3 стабальныя серты­фікаты па грамадазнаўстве і 1 па беларускай мове.

— Якія цікавыя праекты рэалізуюцца ў рамках выхаваўчай работы?

— Кожная ўстанова адукацыі раёна мае свой стыль у выхаваўчай дзейнасці. У 2012 го­дзе сярэдняй школе № 27, першай у Гомелі і Гомельскай вобласці і другой у Беларусі, было прысвоена ганаровае званне “Школа міру”. Яе навучэнцы сталі паўнапраўнымі членамі дзіцячага міжнароднага міратворчага руху, атрымалі магчымасць унесці свой уклад у распаўсюджванне культуры міру сярод аднагодкаў. На высокім узроўні праводзіцца работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні ў сярэдняй школе № 21. Яе навучэнцы з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў рознага ўзроўню, маюць агульнакаманднае 1-е месца ў грама­дзянска-патрыятычнай кадэцкай змене навучэнцаў Саюзнай дзяржавы  “За гонар Айчыны! — 2020”. Сярэдняя школа № 11 з’яўляецца арганізатарам двух міжнародных турніраў па інтэлектуальных гульнях “Вялікі перапынак” для дзяцей старэйшага школьнага ўзросту і “Кіндэр-сюрпрыз” для навучэнцаў 5—8 класаў, а таксама заснавальнікам гарадскога інтэлектуальнага конкурсу “Кемлівы кот”. З 2013 года рэалізуецца праект па фінансавай дасведчанасці з выхадам на арганізацыю школьнай бізнес-кампаніі.

Роля педагогаў у навучанні і станаўленні асобы дзіцяці не­ацэнная. У нашых установах адукацыі працуюць згуртаваныя высокакваліфікаваныя калектывы: 1608 педагагічных работнікаў штодня спяшаюцца на працу ў дзіцячыя сады і школы раёна, сярод якіх 6 выдатнікаў адукацыі, 2 настаўнікі-метадысты. Веды, крэатыўны падыход, любоў да прафесіі, уменне індывідуалізаваць адукацыйны працэс — усё гэта пра нашых лепшых настаўнікаў, у тым ліку і пра пераможцу фіналу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2020” настаўніка геаграфіі сярэдняй школы № 19 Гомеля Вадзіма Алегавіча Лосева. Але адзначу, што яго поспех і перамога на конкурсе — гэта не толькі яго асабістае дасягненне, але і вынік намаганняў каманды педагогаў-прафесіяналаў яго школы і Гомельскага абласнога ІРА.

— Раскажыце аб развіцці інклюзіўных тэндэнцый у вашым раёне.

— У Цэнтральным раёне працягваецца работа па павышэнні даступнасці і варыятыўнасці спецыяльнай адукацыі шляхам развіцця інклюзіўных тэндэнцый, стварэння неабходнай адукацыйнай прасторы ў залежнасці ад парушэнняў у дзяцей. Дзейнічаюць спецыяльныя дашкольныя ўстановы для дзяцей з парушэннямі зроку, слыху. З 1 верасня 2020 года адкрыта ўстанова дашкольнай адукацыі для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, створаны новыя інтэграваныя класы. У сярэдняй школе № 72 прадугледжана безбар’ернае асяроддзе. Тут займаюцца 11 навучэнцаў з парушэннямі функцый  апорна-рухальнага апарату. З першага класа гэтыя вучні актыўна ўключаюцца ў школьнае жыццё: наведваюць факультатывы, аб’яднанні па інтарэсах, школьныя мерапрыемствы.

Сістэма адукацыі Цэнтральнага раёна заўсёды адкрытая для грамадства, нашу работу што­дня бачаць і ацэньваюць шматлікія жыхары раёна і горада. Кірункаў дзейнасці, якія неабходна ўдасканальваць, дастаткова, як і ў любой іншай галіне. Сумесна мы шукаем рашэнні і рухаемся толькі наперад.

Надзея ЦЕРАХАВА.