Грымі, барабан!

У чацвер у Мінску прайшоў фінал Рэспубліканскага конкурсу парадна-цырыманіяльных атрадаў “Раўненне на сцяг!”, прысвечаны подзвігу піянераў-герояў і 100-годдзю Узброеных Сіл. І не проста прайшоў — прагучаў, прагрымеў, пратрубіў! Пагрузіліся ў святочную атмасферу дзіцячага свята і прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, Міністэрства абароны, Міністэрства адукацыі, ветэранскіх і іншых арганізацый.

Фінал яркага дзіцячага свята, арганізатарам якога выступіла Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя, стаў відовішчным дзействам з плац-парадам піянераў, флаг-шоу, паказальным выступленнем групы барабаншчыкаў і гарністаў. Усяго на галоўнай арэне Палаца спорту “Уручча” за званне лепшых змагаліся 7 зводных парадна-цырыманіяльных атрадаў з усіх рэгіёнаў Беларусі — больш за 500 піянераў, пераможцаў адборачных этапаў конкурсу. У кожным атрадзе — больш за 60 чалавек, якія ўвайшлі ў групу сцяганосцаў, групу ўскладання, гарністаў, барабаншчыкаў і плац-канцэртны атрад.

Сваё майстэрства, усё тое, што адточвалі да дасканаласці на працягу паўгода, свежыя ідэі і інавацыі, змацаваныя камандным духам, піянеры прадэманстравалі ў 6 намінацыях: “Сапраўдны трубач” (гарністы), “Бі, барабан!” (барабаншчыкі), “Айчыне назаўсёды верныя!” (плац-канцэрт), “Флаг-шоу” (флаганосцы), “Мы верныя піянерскаму сцягу” (сцяганосцы), “Трымацца сваіх традыцый” (урачыстая цырымонія ўскладання).

У гэтай прыгожай рытмічнай барацьбе безагаворачную перамогу атрымаў зводны парадна-цырыманіяльны атрад Мінска. На адну прыступку ніжэй размясціліся піянеры Мінскай вобласці. Трэцяе прызавое месца дасталася зводнаму атраду Віцебскай вобласці. Яны атрымалі дыпломы, кубкі і каштоўныя прызы.

Акрамя плац-спаборніцтва, на працягу дня для дзяцей працавала інтэрактыўная пляцоўка “Я, ты, ён, яна — піянерыі краіна”. Тут кожны жадаючы змог стварыць піянерскі сімвал — цацку-зубраня, а таксама паўдзельнічаць у digital-акцыі “Я люблю БРПА”. Можна было ператварыць у жыццё розныя ідэі, якіх у піянераў заўсёды шмат, атрымаць свой шчаслівы нумар для розыгрышу фірменных сувеніраў ад піянерскай арганізацыі і зрабіць крэатыўную фатаграфію са святочнай атрыбутыкай у піянерскай фотазоне.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.