Гучалі песні аб вайне…

- 13:34Навіны рэгіёнаў

Захаваць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне ў прыгожых словах немагчыма: толькi справы здольныя пакінуць след у душы кожнага. З мэтай папулярызацыі твораў айчыннай песеннай класікі, што гучала ў ваенныя гады на франтах і ў тыле, выхавання патрыятызму ў маладога пакалення, стварэння аптымальных умоў для выяўлення творчага патэнцыялу вучняў у Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны стартаваў адкрыты гімназічны фестываль-конкурс ваенна-патрыятычнай песні “Я помню! Я ганаруся!”.

У арганізацыйны камітэт метадычнага аб’яднання эстэтычнага кірунку гімназіі паступіла 48 заявак ад 16 школ Полацка і Полацкага раёна. Згодна з Палажэннем аб фестывалі быў вызначаны ўд зел канкурсантаў па чатырох узроставых катэгорыях (6—9, 10—12, 13—15 і16—18 гадоў) у трох намінацыях.
На працягу двух дзён госці і навучэнцы гімназіі былі сведкамі дакументальных фактаў з хронікі ваенных дзён, слухачамі і гледачамі святочнага фестывалю-конкурсу. На фестываль былі запрошаны ветэраны Вялікай Айчыннай вайны з гарадскога Савета ветэранаў. Дзеці мелі ўнікальную магчымасць пачуць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны з першых вуснаў. Гімназісты з цікавасцю слухалі ўспаміны ветэранаў аб ваенных дзеяннях, рабоце ў тыле, выпрабаваннях, якія выпалі на долю савецкага народа ў гады вайны. Вучнi настолькі прасякліся расказамі, што і пасля заканчэння сустрэчы доўгі час не хацелі адпускаць паважаных гасцей. Фестываль прайшоў на высокім прафесійным узроўні і атрымаў добрую ацэнку. Радуе, што вялікая колькасць дзяцей і іх кіраўнікоў застаюцца неабыякавымі да падзей таго часу. Рэпертуар вакалістаў быў разнастайным: гучалі песні аб вайне, песні ваенных гадоў, песні грамадзянскай тэматыкі.
Па выніках творчага спаборніцтва гран-пры за лепшае выкананне ваеннай песні была ўзнагароджана вучаніца 6 класа Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Аляксандра Навіцкая (настаўнік Н.У.Шаўчэнка). У намінацыі “Саліст-вакаліст” дыпломамі лаўрэатаў конкурсу І ступені адзначаны Сяргей Кабік (сярэдняя школа № 2 Полацка, кіраўнік Н.В.Раманкевіч), Максім Баранчук (сярэдняя школа № 18 iмя Ефрасінні Полацкай Полацка, кіраўнік Л.В.Казлова), Улада Галяш (Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 iмя Ф.Скарыны, кіраўнік Н.М.Ключанок) і Аляксандра Сіманковіч (сярэдняя школа № 3 Полацка, кіраўнік В.У.Пятніца). У намінацыі “Ду эт-трыа” пераможцамі сталі прадстаўнікі Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 iмя Ф.Скарыны (кіраўнік Н.У.Шаўчэнка), а ў намінацыі “Вакальны ансамбль” — творчыя калектывы 2—3 класаў Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 iмя Ф.Скарыны (кіраўнік Н.М.Ключанок) і “Свая кампанія” (Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 iмя Ф.Скарыны, кіраўнік В.А.Скап’юк). Хочацца спадзявацца, што наш фестываль будзе мець працяг.

Наталля ШАЎЧЭНКА,
Вераніка СКАП’ЮК,
настаўнiкi музыкi Полацкай дзяржаўнай гiмназiі № 1 iмя Францыска Скарыны.