У абласным конкурсе песні на замежнай мове прынялі ўдзел старшакласнікі Гродзеншчыны.
Гэта ўжо чацвёрты названы конкурс. Сёлета ён праходзіў дыстанцыйна і быў арганізаваны галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама сумесна з Цэнтрам дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі з мэтай павышэння матывацыі вучняў да вывучэння замежных моў, развіцця іх творчых здольнасцей.
У конкурсе песні прынялі ўдзел 24 навучэнцы 9—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з 18 раёнаў вобласці, сярод іх былі вакальна-эстрадны ансамбль, 4 дуэты і 19 сольных выканаўцаў. Яны прадставілі музычныя творы на англійскай, нямецкай, французскай і іспанскай мовах.
— Члены журы конкурсу адзначылі высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства, артыстызм і моўную кампетэнцыю ўдзельнікаў. Вельмі ўразілі ўсіх выканаўцы, якія ў выніку і сталі пераможцамі, — адзначыла метадыст Цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі абласнога інстытута развіцця адукацыі Ірына Каскевіч. — Навучэнцы стварылі сапраўдныя творчыя нумары, па-майстэрску абыгралі сюжэты музычных твораў, падабралі касцюмы, была і гульня са святлом, і падтанцоўка. Здымалі не толькі ў памяшканні, але і на вуліцы.
Пераможцамі конкурсу песні на замежнай мове сталі навучэнец сярэдняй школы № 1 Ашмян Арцём Скараль і вучаніца сярэдняй школы № 8 Слоніма Таццяна Грыгорчык.
Дыпломамі II ступені ўзнагароджаны Ульяна Ельчанінава і Лізавета Каралёва (гімназія № 1 Ліды), Варвара Штэфірца (сярэдняя школа № 8 Гродна), Мікіта Трафімовіч і Паліна Каравайская (гімназія Шчучына), Карына Заўражана (сярэдняя школа № 5 Ваўкавыска).
У намінацыі “Лепшае валоданне замежнай мовай” перамагла вучаніца сярэдняй школы № 8 Гродна Варвара Штэфірца. А прыз сімпатый гледачоў па выніках анлайн-галасавання, у якім прынялі ўдзел 5350 чалавек, дастаўся вучаніцы гімназіі Смаргоні Надзеі Шчарбачэвіч.
Ірына АНІКЕВІЧ.