Гучы, беларускае слова!

Кожны народ мае сваю гісторыю, мінулае. Мы, беларусы, павінны помніць найперш гісторыю свайго народа, бо без мінулага не будзе будучыні. Як прыемна кожны дзень адкрываць для сябе таленавітасць нашага народа, бачыць прыгажосць роднага куточка, слухаць пявучую беларускую мову і адчуваць у душы вялікі гонар за Радзіму.

І гэту любоў, гэты гонар мы павінны перадаць наступнаму пакаленню, каб сувязь паміж пакаленнямі не перарывалася. У нашай школе ладзяцца розныя мерапрыемствы, якія дапамагаюць далучыць вучняў да багацця роднай мовы, культуры.

Так, у сярэдняй школе № 2 г. Камянца кожны год 21 лютага святкуецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэтым днём арганізоўваем шмат мерапрыемстваў сярод вучняў. Сёлета былі літаратурныя чытанні “Гучы, беларускае слова” (у 6 “В”), літаратурная кампазіцыя “Родная мова, цудоўная мова” (у 7 “А” класе), “Беларусь у маім сэрцы” (у 7 “В”), конкурс эрудытаў “Слова роднае — вечнасці след” (у 6 “Б”). Таксама вучні старэйшых класаў удзельнічалі ў эрудыт-лато “Беларуская мова — наша родная мова”, літаратурным падарожжы “Багата, родная ты мова…”. Традыцыйна ў гэты дзень у школе праводзіцца акцыя “Размаўляем па-беларуску”, па ўмовах якой патрабуецца ў розных сітуацыях размаўляць толькі па-беларуску.

У нашай школе кожны навучальны год праводзіцца тыдзень роднай мовы і літаратуры, які прысвячаецца пісьменнікам-юбілярам. У 2017 годзе ён быў прымеркаваны да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. На працягу тыдня праводзіліся разнастайныя мерапрыемствы: літаратурныя кампазіцыі, турніры, падарожжы па мясцінах Якуба Коласа і Янкі Купалы, квэст-гульня, вусныя часопісы. Былі выпушчаны газеты пра жыццё і дзейнасць славутых землякоў, а таксама праводзілася выстава малюнкаў сярод вучняў 5—10 класаў па творах нашых выдатных землякоў. 30 лістапада прайшоў конкурс чытальнікаў вершаў Якуба Коласа і Янкі Купалы сярод вучняў 5—7 класаў. Лепшых чытальнікаў узнагародзілі граматамі.
У суботу прайшло свята “Наша спадчына”, падчас якога паказалі адзін з абрадаў беларусаў — Зялёныя святкі. Вучні 7—9 класаў прадэманстравалі, як праводзіцца гэты абрад, а таксама праспявалі песні, якія выконваліся нашымі продкамі падчас абраду. Вучням пачатковых класаў свята прыйшлося даспадобы.

Гады бягуць імкліва. Але як бы ні змяняўся час, мова застанецца неад’емнай часткай жыцця кожнага свядомага беларуса.

І.У.РУБАШЭЎСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 2 Камянца Брэсцкай вобласці.