Гучыць родная мова

Выстава Рэспубліканскай культурна-асветніцкай акцыі “Грані творчасці — 2020” разгорнута ў трох гродзенскіх універістэтах: імя Янкі Купалы, медыцынскім і аграрным.

Арганізатарамі праекта выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Трылогія малой радзімы падказала цікавую і актуальную тэму — роднай мовы. А ідэяй-дэвізам рэспубліканскай культурна-асветніцкай акцыі сталі радкі верша Янкі Купалы “Магутнае слова, ты, роднае слова!”. Тэматычную экспазіцыю склалі больш за дзве сотні твораў студэнтаў 24 устаноў вышэйшай адукацыі — творчыя работы ў намінацыях: “Летэрынг”, “Каляровая графіка. Рэхарыфма”, “Фотаканцэпт”, “Візуальны сэт”.

Творчыя работы пераможцаў і прызёраў рэспубліканскай выставы-конкурсу ў снежні мінулага года экспанаваліся ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” ў Мінску. У рэгіёнах першымі іх убачылі студэнты ў Гродне. Затым творы накіруюцца ва ўстановы вышэйшай адукацыі іншых абласцей, экспазіцыя лепшых творчых работ пабывае ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны. Акцыя працягнецца да снежня 2021 года. На працягу года ва ўніверсітэтах Беларусі адбудуцца інтэрактыўныя прэзентацыі і культурна-асветніцкія мерапрыемствы.

Верш на мове ібібіа і паштоўка за веды

У Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на адкрыццё Рэспубліканскай выставы “Грані творчасці” прыехалі студэнты не толькі з Беларусі, але і са шматлікіх краін свету. Для іх тут усё было цікава. На беларускай мове ўспрымаць інфармацыю ім было складана, прыходзілася перакладаць, але мова творчасці даступная кожнаму.

Вершы як музыка: можна не ведаць мовы, на якой яны гучаць, але чуць меладычныя гукі вершаваных радкоў і разумець усё без слоў. Гэтыя словы выкладчыка вельмі дакладна апісваюць конкурс чытальнікаў, што прайшоў адразу пасля адкрыцця выставы. Студэнты з розных краін свету чыталі вершы на сваёй роднай мове, напрыклад, з Нігерыі — на ібібіа, з Мальдыў — на дзівехі, са Шры-Ланкі — на англійскай і сінгальскай, з Танзаніі — на суахілі. Затым яны старанна перакладалі свае вершы на рускую мову, каб кожны мог зразумець іх сэнс. Здавалася, што пераклад і не патрэбен, так шчыра і пранікнёна гучалі вершаваныя радкі.

Не менш цікава ў медыцынскім універсітэце прайшла віктарына “Паштоўка за веды”, арганізаваная актывістамі БРСМ. У фае навучальнай установы студэнтам прапаноўвалі выканаць пэўныя заданні. Так, трэба было перакласці словы, якія рэдка выкарыстоўваюцца, з рускай мовы на беларускую, прадоўжыць вядомую беларускую прымаўку ці прыказку. Напрыклад, будучыя медыкі выкарыстоўваюць такое слова, як “челюсти”, аднак не кожны мог адказаць, што на беларускай мове яно будзе гучаць як “сківіцы”. Тыя, хто выдатна справіўся з заданнем, атрымлівалі за свае веды паштоўку з выявай беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, а таксама канверт. Маладыя людзі пісалі на паштоўках невялікае пісьмо сваім бацькам (безумоўна, на беларускай мове), а арганізатары віктарыны самі адпраўлялі пісьмы адрасатам.

У студэнтаў-медыкаў выклікалі цікавасць інтэрнацыянальны вечар паэзіі, пасяджэнне літаратурнага клуба “Катарсіс”, дзе адбыўся паэтычны конкурс на лепшы аўтарскі верш на беларускай мове, а таксама відэачэлендж верша У.Дубоўкі “Родная мова, цудоўная мова”. Падчас мелатрэка лячэбнага факультэта, дзе трэба было адгадаць песні на беларускай мове, удзельнікі тут жа дружна іх спявалі.

— Праект “Грані творчасці” натхніў студэнтаў на больш глыбокае вывучэнне мовы, яны падхапілі ідэю правядзення мерапрыемстваў, дзе чырвонаю ніткай праходзіць родная мова, і гэта радуе, — адзначыла загадчык студэнцкага клуба Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Алена Якіменка. — Напрыклад, арганізатары мелатрэка праз сацыяльныя сеткі правялі апытанне, ці цікава будзе правесці яго на аснове беларускамоўных песень, і ў выніку 80 працэнтаў студэнтаў падтрымалі такую ідэю.

Музыка слоў

У Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце студэнтаў-першакурснікаў трох факультэтаў запрасілі на музычную віктарыну “Музыкай слоў на мове роднай”. Сумаваць не прыйшлося нікому. Спачатку арганізатары запрасілі моладзь паўдзельнічаць у музычнай віктарыне. Юнакі і дзяўчаты падзяліліся на каманды, і дзейства пачалося. Каманды адгадвалі аўтара слоў песні, прычым гэта атрымлівалася ў іх вельмі хутка. Моладзь без памылак называла імёны Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Рыгора Барадуліна, Аркадзя Куляшова, Канстанцыі Буйло.

А ў караоке-батле ім давялося стаць ужо выканаўцамі вядомых беларускіх песень — “Вы шуміце, бярозы” і “Касіў Ясь канюшыну”. З гэтым заданнем яны таксама справіліся, як і з наступным, дзе першай камандзе трэба было перадаць змест песні мімікай і жэстамі, а другой — адгадаць яе. Фінальным пунктам праграмы стала выкананне песні з рэпертуару “Песняроў” “Бялявая, чарнявая”.

Цудоўны настрой панаваў на працягу ўсяго мерапрыемства. Удзельнікі спявалі, танцавалі і адгадвалі песні. Было відаць, што яны добра ведаюць беларускіх пісьменнікаў, артыстаў, а таксама песні беларускай эстрады. І, канечне, валодаюць нашай роднай беларускай мовай.

Студэнты-першакурснікі і выкладчыкі біятэхналагічнага факультэта Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта сталі ўдзельнікамі літаратурнай сустрэчы, на якую была запрошана гродзенская паэтэса Вікторыя Смолка. Яна з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтарам паэтычнага зборніка “Зоркаму сэрцу”, яе вершы друкуюцца ў перыёдыцы і калектыўных зборніках Беларусі, Расіі, Польшчы. У 2019 годзе прайшла прэзентацыя яе новай кнігі “Ангел-хранитель”. Кожны паэтычны твор Вікторыі прасякнуты неверагоднай дабрынёй, чысцінёй, верай і натхненнем. Цудоўныя вершы гучалі ў выкананні аўтара. 

Прызнанні ў любові да мовы

Музычна-літаратурную праграму “Ніколі не змоўкнуць Купалавы словы…” падрыхтавалі студэнты філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Са сцэны гучалі вершы, пакладзеныя на мелодыю, у выкананні творчых юнакоў і дзяўчат, легенда пра возера Свіцязь.

Моладзь прызнавалася ў любові да роднай мовы, заклікала берагчы яе кожнае слова: “Мова — гэта неацэнны скарб, які ніхто і ніколі адабраць не здолее, — гэтыя словы Алаізы Пашкевіч дакранаюцца да сэрца кожнага з нас. Роднае слова, нібы песня, льецца па вуснах беларусаў”; “Ці змешаная трасянка, ці мясцовая дыялектная — гэта ўсё наша мова, не адварочвайся і прымі яе, бо яна спрадвечная гаспадыня на сваёй зямлі”; “Беларуская мова становіцца папулярнай сярод моладзі, пранікае ў сучасную культуру, маладыя зоркі танцуюць, спяваюць, здымаюць відэаролікі, гавораць на нашай роднай мове”.

— Безумоўна, тытульная мова нацыі стаіць на першым месцы ў нашым універсітэце і перш за ўсё на філалагічным факультэце, але не выключэннем з’яўляюцца і іншыя факультэты, на якіх яна вывучаецца, — адзначыла загадчык кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Алена Садоўская. — Выкладчыкі нашай кафедры працуюць на ўсіх факультэтах, і мы можам адзначыць той факт, што цікавасць студэнтаў да беларускай мовы вялікая, яны з задавальненнем вывучаюць яе. Калі мы гаворым на тэмы сённяшняга жыцця беларускай мовы, то студэнты адзначаюць, што патрэбен нейкі штуршок, грамадства павінна больш увагі ўдзяляць беларускай мове. Моладзь адчувае, што гэта падмурак нашай нацыі.

Студэнты спецыяльнасці “Беларуская філалогія” філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы кожны год у святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы ўкладваюць сваю душу, творчасць і кожны раз імкнуцца праводзіць гэтае мерапрыемства ў розных фарматах. Сёлета яны ўвогуле падрыхтавалі падарунак для выкладчыкаў і ўсіх студэнтаў, таму што сваімі сіламі зладзілі цудоўную музычна-літаратурную праграму.

— Вельмі важна сфарміраваць у філолагаў любоў да беларускай мовы, каб яны не толькі былі добрымі спецыялістамі, але і ўсёй душою жылі гэтай мовай. З гэтым настроем яны панясуць яе ў заўтрашні дзень, у школу, таму што перш за ўсё школьны настаўнік дэманструе не толькі ўзор валодання мовай, але і свае асабістыя адносіны да яе, — адзначыла Алена Садоўская. — Таму вельмі важна падрыхтаваць такіх студэнтаў, якія панясуць роднае слова шчыра і з любоўю.

Менавіта так —  шчыра і з любоўю да роднай мовы, да беларускага слова — ладзілі цікавыя мерапрыемствы ў рамках Рэспубліканскай культурна-асветніцкай акцыі “Грані творчасці — 2020” і Міжнароднага дня роднай мовы студэнты гродзенскіх універсітэтаў.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.