“Гукавы квадрат” для аўтаматызацыі гукаў

З году ў год павялічваецца колькасць дзяцей з парушэннямі гукавымаўлення. Іх пераадоленне адыгрывае важную ролю ў авалоданні навыкамі чытання і пісьма. Калі гэтаму не ўдзяляць належнай увагі, у дзяцей можа сфарміравацца комплекс непаўнавартасці, узнікнуць цяжкасці ў зносінах.

Уметадычным арсенале настаўнікаў-дэфектолагаў шмат дапаможнікаў па аўтаматызацыі гукаў у словах. А вось дапаможнікі па аўтаматызацыі гукаў у сказах і самастойным маўленні сустракаюцца надзвычай рэдка.

Работа па аўтаматызацыі гукаў — даволі манатонны працэс, які зніжае цікавасць дзяцей да карэкцыйных заняткаў, што заканамерна замаруджвае працэс аўтаматызацыі. З мэтай павышэння цікавасці да гэтага віду дзейнасці, аптымізацыі часу і актывізацыі карэкцыйнага працэсу я распрацавала дапаможнік “Гукавы квадрат”, які паскарае аўтаматызацыю гукаў у словах, словазлучэннях, сказах, чыстагаворках, загадках і самастойным маўленні.

Дапаможнік складаецца з гульнявога поля з 8 рухомымі акенцамі і зменнымі карткамі ў выгля­дзе каляровых карцінак. У цэнтры — вобраз літары, якой адпавядае аўтаматызуемы гук. Выявы на карцінках падабраны для аўтаматызацыі часта парушаемых груп гукаў: свісцячых ([с], [з], [ц]), шыпячых ([ш], [ж], [ч], [щ]) і санорных ([л], [л’], [р], [р’]). Карцінкі для аўтаматызацыі свісцячых гукаў размешчаны на картках аранжавага колеру, шыпячых — на картках чырвонага колеру, санорных — на картках блакітнага колеру.

“Гукавы квадрат” уключае 17 варыянтаў гульняў, з дапамогай якіх адначасова вырашаюцца гульнявая і навучальная задачы. У дапаможніку яны дапаўня­юць адна адну, забяспечваючы прадукцыйнае засваенне матэрыялу.

Наглядны матэрыял варыятыўны і шматфунк­цыянальны. Гульні грунтуюцца на матэрыяле, насычаным вывучаемым гукам.

Гульні, накіраваныя на замацаванне правільнага вымаўлення гукаў, якія адпрацоўваюцца, фарміруюць лексіка-граматычны лад маўлення і развіваюць звязнае маўленне. Прапанаваныя гульні выкарыстоўваюцца ў строгай паслядоўнасці, згодна з этапамі аўтаматызацыі гукаў.

Дапаможнік вырашае некалькі задач: дапамагае аўтаматызацыі гукаў і развіццю ўсіх бакоў маўлення, далучае да карэкцыйнага працэсу захаваныя аналізатары (зрокавы), адпавядае прынцыпу “ад простага да складанага”, развівае дробную маторыку пальцаў рук, арыенціроўку на плоскасці і вышэйшыя псіхічныя функцыі. Галоўнае ў рабоце — прытрымлівацца пэўнай паслядоўнасці. Так, замацоўваю правільнае вымаўленне гука ізалявана, затым на ўзроўні складоў, слоў, словазлучэнняў, сказаў, чыстагаворак і загадак і толькі потым уводжу іх у тэксты і самастойнае маўленне.

Матэрыялы дапаможніка дазваляюць разнастаіць заняткі і ператварыць іх у захапляльную гульню са станоўчымі эмоцыямі. Колькасць гульняў на занятках залежыць ад іх задач і ўстойлівасці ўвагі дзяцей. У аснове кожнай гульні — актыўная гульнявая дзейнасць, якая, акрамя іншага, абагачае слоўнік, удасканальвае мысліцельныя працэсы.

Асаблівасць дапаможніка — у незвычайнай падачы матэрыялу. Усе заданні распісаны і структураваны згодна з этапамі работы над гукам.

Таццяна ПРАКАЗАВА,
настаўнік-дэфектолаг Рэчыцкага ясляў-сада № 2 Столінскага раёна.