Гульні для карэкцыі гукавымаўлення

- 11:20Навіны рэгіёнаў

На жаль, колькасць дзяцей з маўленчымі парушэннямі няўхільна расце. Раздзел лагапедыі, звязаны з карэкцыяй гэтых парушэнняў, дастаткова вывучаны. Тым не менш педагогам усё роўна даводзіцца шукаць эфектыўныя метады і прыёмы, якія актывізуюць разумовую і практычную дзейнасць выхаванцаў, паспяхова выпраўляюць парушэнні ў іх гукавымаўленні.

Працуючы ў пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі з дзецьмі з рознымі маўленчымі адхіленнямі, сутыкнулася з праблемай, якая заключаецца ў працяглым перыядзе аўтаматызацыі і дыферэнцыяцыі пастаўленых гукаў. Увядзенне новага гука ў маўленне — працэс доўгі і стомны. Ён патрабуе ад настаўніка-дэфектолага цярпення, а ад дзяцей і бацькоў — настойлівасці і стараннасці. Даволі часта дэфекты гукавымаўлення па пэўных прычынах носяць устойлівы характар. Бывае, што толькі пасля некалькіх месяцаў настойлівых і карпатлівых заняткаў дзеці прызвычайваюцца да новых гукаў з правільнай артыкуляцыяй.

З гэтай праблемай дапамагаюць справіцца дыдактычныя гульні, падчас якіх выхаванцы непрыметна для сябе асвойваюць правільнае вымаўленне гукаў, на што ў іншых умовах было б затрачана больш часу. За гады работы я распрацавала, вырабіла і апрабавала шмат вучэбна-гульнявых дапаможнікаў.

Гульня “Які гук схаваўся?”. Мэта: развіваць гука-літарны аналіз, фанематычны слых, увагу і памяць, аўтаматызаваць гук у словах. Ход гульні: дзецям прапануецца раскрыць яйка з сюрпрызам унутры (з літарай), назваць яе і прыдумаць словы, якія пачынаюцца з гэтага гуку.

Гульня “Гукавое сонейка”. Мэта: аўтаматызаваць гук у словах, развіваць фанематычнае ўспрыманне, увагу і мысленне. Ход гульні: дзецям прапануецца гук, які аўтаматызуецца на гэтым этапе, і выявы; задача — сабраць сонейка, правільна падабраўшы праменьчыкі (калі на сонейку [ш], то праменьчыкі павінны быць з карцінкамі, якія пачынаюцца з [ш]).

Гульня “Дапамажы Фіксікам”. Мэта: развіваць маўленчае дыханне, павялічваць працягласць выдыху, фарміраваць ізаляванае вымаўленне гука. Ход гульні: ізалявана вымаўляць гук да таго часу, пакуль дзеці не дойдуць да канца лабірынта (дзеці дапамагаюць Фіксікам выбрацца з яго).

Гульня “Знайдзі гук”. Мэта: аўтаматызаваць пастаўленыя гукі ў словах. Абсталяванне: карцінкі, камяні марблс. Ход гульні: дзецям прапануецца назваць усе словы, знайсці карцінкі з гукам, які  аўтаматызуецца і раскласці на іх камяні.

Гульня “Лабірынт”. Мэта: аўтаматызаваць пастаўленыя гукі ў словах. Абсталяванне: карцінкі на аўтаматызаваныя гукі, камяні марблс. Ход гульні: дзецям прапануецца прайсці лабірынт, перасоўваючы камень ад слова да слова, правільна называючы аўтаматызаваны гук у словах. 

Гульня “Упрыгожым ёлку”. Мэта: аўтаматызаваць пастаўленыя гукі ў словах, развіваць звязнае маўленне, фанематычны слых і арыентацыю ў прасторы. Абсталяванне: ёлка, цацкі. Ход гульні: дзецям прапануецца ўпрыгожыць ёлку цацкамі, у назве якіх ёсць [с], [ш], [л], [р]…

Гульня “Падарункі для вожыка Яшы”. Мэта: аўтаматызаваць пастаўленыя гукі ў словах і сказах, развіваць звязнае маўленне і фанематычны слых. Абсталяванне: вожык з фетру, падарункі. Ход гульні: дзецям прапануецца падарыць вожыку падарункі, у назве якіх ёсць [с], [ш], [л], [р]…

Гульня “Лагапедычныя дыванкі”. Мэта: адпрацоўваць вымаўленне пастаўленых гукаў у складах, словах, сказах, звязным маўленні. Абсталяванне: фетр, нашытыя дарожкі з кветак. Ход гульні: дзеці самастойна выбіраюць дарожку, па якой пойдуць; лагапед пытаецца: “Хто да каго сёння пойдзе ў госці?”; у залежнасці ад таго, які гук адпрацоўваецца, дзеці крочаць пальчыкамі па кветках выбранай дарожкі, прагаворваючы: ра-ры-ро-ру-рэ. Такім жа чынам адпрацоўваецца вымаўленне ў адваротных складах. Пры адпрацоўцы вымаўлення гука ў словах дзеці называюць слова і націскаюць на кветку (указальным пальчыкам ці ўсімі пальчыкамі па чарзе), каб, напрыклад, Мішка трапіў у домік. Вымаўляць гук можна працягла і коратка. Дадаткова можна прыдумаць гісторыі пра сярдзітую кошку ці вялікую пчалу, якая ляцела да багоўкі, і інш. З дзецьмі, якія не адрозніваюць колеры, можна папрацаваць з колерам дарожак ці прадметаў.

Гульня “Ланцужковыя апавяданні”. Мэта: аўтаматызаваць гукі ў тэксце, развіваць звязнае маўленне, увагу і памяць. Абсталяванне: апавяданні з карцінкамі. Ход гульні: настаўнік-дэфектолаг чытае апавяданне, затым дзецям прапануецца паўтарыць яго, абапіраючыся на карцінкі.

Для аўтаматызацыі гукаў у звязным маўленні выкарыстоўваю таксама гульню “Жабка” і пальчыкавы тэатр.

Вучэбна-гульнявыя дапаможнікі прыйшліся даспадобы дзецям. З іх дапамогай засваенне новага матэрыялу праходзіць лягчэй, чым, напрыклад, пры перайманні. Выкарыстанне гэтых дапаможнікаў дазваляе зрабіць заняткі цікавымі, захапляючымі і эмацыянальна камфортнымі, а галоўнае — эфектыўнымі ў прафілактычна-карэкцыйным плане.

Ірына ВЕЛЯСЮК,
настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 4 Пружан.