Выстава дыдактычных гульняў і дапаможнікаў “Бяспечнае дзяцінства” адбылася ў Брэсцкім абласным ІРА. Арганізатарамі выставы выступілі вучэбна-метадычны аддзел дашкольнай і пачатковай школьнай адукацыі інстытута і аддзел адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста.
— Тэма выставы надзвычай актуальная, — адзначыла начальнік вучэбна-метадычнага аддзела дашкольнай і пачатковай школьнай адукацыі БрАІРА Г.Б.Лявіцкая. — Вельмі важна фарміраваць асновы бяспечнай жыццядзейнасці з ранняга дзяцінства, павышаць педагагічную культуру
бацькоў у гэтым кірунку і ўстанаўліваць партнёрскія адносіны паміж дашкольнай установай і сям’ёй.
Увазе наведвальнікаў выставы былі прапанаваны гульні і дапаможнікі, распрацаваныя педагогамі і бацькамі. Па словах метадыста ВМК раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Т.У.Паўлючук, прадстаўленыя работы з’яўляюцца вынікам прафесійнай самаадукацыі выхавальнікаў. Пры вырабе гульняў і дапаможнікаў асаблівая ўвага ўдзялялася санітарна-гігіенічным і псіхолага-педагагічным патрабаванням. Важна, што гульні носяць поліфункцыянальны характар — могуць варыятыўна прымяняцца ў розных відах дзіцячай дзейнасці ў адпаведнасці з задачамі кожнага ўзроставага перыяду. Дыдактычная каштоўнасць дапаможнікаў заключаецца ў тым, што яны з’яўляюцца эфектыўнымі сродкамі развіцця дзіцяці.
У рамках выставы адбыліся сустрэчы з аўтарамі дапаможнікаў. Наведвальнікі паўдзельнічалі ў майстар-класах па вырабе некаторых з іх. А галоўнымі экспертамі гульняў выступілі дашкольнікі, якія наведалі выставу з бацькамі. Цікаўныя вочы дзяцей і іх непадроблены інтарэс сталі галоўнай узнагародай дарослым за іх творчую працу.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.