Гульні новага лічбавага свету

Студэнты і магістранты Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны прадстаўлялі краіну на VII Славянскім міжнародным эканамічным форуме ў Бранску, прысвечаным лічбавай эканоміцы.

Фота да матэрыялу: Гульні новага лічбавага свету.Гомельская моладзь — студэнты і магістранты эканамічнага і матэматычнага факультэтаў ГДУ — на чале са старшым выкладчыкам кафедры эканамічнай інфарматыкі, уліку і камерцыі Дзмітрыем Дорашавым прыняла ўдзел у гульні незвычайнага фармату пад назвай “Прафесіі ў новым лічбавым свеце”.

Слова “гульня” ўспрымаецца звычайна як забава. Але гульня, прадстаўленая на эканамічным форуме, уяўляла сабой сур’ёзную разумовую працу.

Пагрузіўшыся ў стратэгічную гульню, камандам неабходна было ўявіць, што на дварэ 2033 год. Свет даўно стаў лічбавым, цяпер запатрабаваны іншыя прафесіі, зусім адрозныя ад сённяшняга дня. Урад мае намер рэалізаваць праект, у аснове якога — адпраўка 10 прафесіяналаў для работы на Месяц вахтавым метадам. Задача ўдзельнікаў гульні — забяспечыць не толькі іх выжыванне, але і эфектыўную працу на іншай планеце. Як яны гэта зробяць, каманды павінны былі адлюстраваць у распрацаваных праектах.

У кожнай установы вышэйшай адукацыі быў свой кірунак. Так, каманда Бранскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта прадставіла распрацоўку аграрнай экасістэмы, іх равеснікі з Бранскага дзяржаўнага інжынерна-тэхналагічнага ўніверсітэта — будаўніцтва заселенага комплексу. Задачай каманды Бранскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта было стварэнне інфраструктуры комплексу. Студэнты з Бранскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя акадэміка І.Г.Пятроўскага распрацоўвалі вучэбны комплекс для павышэння навыкаў і кваліфікацыі. Праекту каманды Бранскага абласнога казацкага інстытута тэхналогій і кіравання належала забяспечыць працэсы гатавання і захоўвання прадуктаў харчавання, а вось гамяльчане павінны былі скласці эканамічны каштарыс расходаў. І, нарэшце, распрацоўцы сістэмы кіравання станцыяй і каардынацыі з Зямлёй быў прысвечаны праект каманды Бранскага філіяла Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі.

На першым этапе каманды прадставілі прынцыповае рашэнне пастаўленай перад імі задачы, на другім — апісанне функцыянальных якасцей кожнага ўдзельніка экспедыцыі.

Варта сказаць, што абараніць распрацоўкі было не так проста. Камандам супрацьстаяла група добра падкаваных скептыкаў, якія крытыкавалі прапанаваныя камандамі праекты, вышуквалі ў іх слабыя месцы, задавалі каверзныя пытанні. Адным словам, усебакова правяралі на трываласць і жыццяздольнасць кожны праект. У групу скептыкаў, дарэчы, уваходзіў адзін з расійскіх лётчыкаў-касманаўтаў, а таксама кіраўнікі вядучых УВА і арганізацый Расійскай Федэрацыі, якія маюць справу з інавацыямі і патэнтамі, таму ў кампетэнцыі людзей, якія ацэньвалі конкурс, сумнявацца не прыходзіцца.

Каманда Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны годна прадставіла свой праект па распрацоўцы эканамічнага каштарысу расходаў і заняла 1-е месца ў намінацыі “Лепшы спецыяліст”.

Сёння ўсе разумеюць, што будучыня нашай краіны залежыць ад таго, наколькі хутка эканоміка зможа перабудавацца на новы тэхналагічны ўзровень. Ключавое месца ў гэтай перабудове займаюць лічбавыя тэхналогіі. Ужо прыняты так званы лічбавы дэкрэт, заснаваны Савет па развіцці лічбавай эканомікі, вядзецца работа па стварэнні Міністэрства лічбавай эканомікі, Парк высокіх тэхналогій дэманструе добрыя вынікі працы.

Разам з тым, як лічаць выкладчыкі эканамічнага факультэта Гомельскага дзяржуніверсітэта, развіццё лічбавай эканомікі ў краіне немагчыма без непасрэднага ўдзелу вядучых УВА. Універсітэты ў сваю чаргу павінны прапаноўваць абітурыентам і заказчыкам кадраў не толькі тое, што запатрабавана эканомікай сёння, але і тое, у чым узнікне неабходнасць праз 5—6 гадоў. У ГДУ імя Францыска Скарыны з 2019 года будзе ажыццяўляцца набор на новую спецыяльнасць — “Эканамічная інфарматыка”. Патрэба ў спецыялістах такога профілю выклікана працэсамі лічбавай трансфармацыі ўсёй эканомікі краіны. Падрыхтоўка спецыялістаў у Гомельскім дзяржаўным універсітэце будзе садзейнічаць рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства на 2016—2020 гады, а таксама пашырыць магчымасці па экспарце адукацыйных паслуг.

Удзел студэнтаў у міжнародных форумах, розных інтэлектуальных спаборніцтвах спрыяе абмену ведамі, вопытам, ідэямі, выхаванню моладзі, дае адчуць сваю значнасць для будучыні краіны.

Наталля ЛУТЧАНКА.