Гульні розуму

У Мінску прайшоў XX Рэспубліканскі фестываль па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў “Несцерка”. Мерапрыемства аб’яднала на пляцоўцы Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі вучняў 6—11 класаў з усіх куткоў краіны. Усяго ў турніры прынялі ўдзел 80 каманд — гэта амаль паўтысячы чалавек. За званне самых разумных яны змагаліся ў 4 катэгорыях: “Што? Дзе? Калі?”, “Свая гульня” і арыгінальных турнірных “Медыяазбуцы” і “Медыяшкатулцы”.

— Гэта самы масавы інтэлектуальны турнір сярод дзяцей у Беларусі і, хутчэй за ўсё, у свеце. Да нас прыехалі 80 каманд па 6 чалавек разам са сваімі кіраўнікамі. Гэта прадстаўнікі ўсіх абласных, буйных раённых цэнтраў і нават невялікіх гарадкоў — усяго прадстаўлены 22 гарады. Традыцыйна выступаюць наймацнейшыя каманды, а сам турнір — рэпетыцыя галоўнага старту краіны, чэмпіянату Бе­ларусі, — гаво­рыць Валерый Аляксандравіч Сямёнаў, загадчык сектара інтэлектуальнага адпачынку аддзела інтэлектуальнай творчасці Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі.

На рынгу сышліся людзі, якія ўмеюць думаць. Большасць пытанняў разлічана не на веды, а на ўменне раскруціць лагічны ланцужок і дайсці да правільнага адказу. А гэта і ёсць галоўная ідэя гульняў — не вызуб­рыць усё (што само па сабе немагчыма), а выпраца­ваць у сабе кемлівасць: нават самае складанае пытанне разгледзець з розных бакоў, накідаць розных версій, прымераць, як гэта выглядае ў пазле, паглядзець, якая падыходзіць, і выбраць правільную.

У выніку пераможцай турніру ў агульным заліку стала каманда “Дайце бланк!” — зборная Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі і Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 2 (трэнер Сяргей Пятровіч Красоўскі). 2-е месца заваявала каманда “Лібnext” са сталічнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка” (трэнер Ігар Уладзіміравіч Лівенцаў). Замкнула тройку лідараў “Буханка” — каманда Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі (трэнер Сяргей Аляксандравіч Дубялевіч).

А вось у гульні “Што? Дзе? Калі?” “Буханка” стала пераможцай. На другой прыступцы размясцілася каманда “Ягор Ультрафіялетаў” з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста (трэнер Аляксандр Мікалаевіч Кухарчук). Палачане з каманды “Дайце бланк!” забралі “бронзу”.

Полацк вызначыўся і ў агульным заліку ў малодшай узроставай групе (ювеналы). Тут перамога дасталася камандзе “Восьмы цуд свету” з Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі (трэнер Ганна Саламонаўна Сінягубава).

У апошнія выхадныя кастрычніка гульні розуму працягнуцца — пройдзе Міжнародны турнір “Несцерка-2019” сярод студэнтаў і працоўнай моладзі. Заяўкі для ўдзелу ўжо адправілі каля 500 чалавек.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлена МДПДіМ.