Святлана НІКІФАРАВА
У бацькоўскім чаце сына-дашкольніка маёй сяброўкі разгарэлася цэлая спрэчка: мамы не могуць вызначыць, што падарыць хлопчыкам на 23 лютага — робатастралка ці інерцыйны верталёт. Вам таксама падаецца недарэчным такі выбар?
Мне так і ўяўляецца гэтае няшчаснае дзіця, якое націснула кнопку і назірае, як робат выплёўвае гумавыя дыскі, ці, забыўшыся прыгнуцца, ублытваецца валасамі ў гуллівы прапелер, што на нітцы круціцца па крузе на люстры. Адкуль у нас такая прага купляць дзецям такія цацкі, якія і не прадугледжваюць іх удзел у гульні? Зрэшты, і іншых гульцоў таксама. Тыя ж настолкі даўно ўжо “не цікавыя” (асабліва, калі дзіця ў сям’і адно, а нас, бацькоў, яны ніяк не дапросяцца знайсці на гэта час). Мы супакойваем сябе, што і камп’ютарныя гульні ўжо, нарэшце, паразумнелі, сталі навучальнымі (так сабе апраўданне “карысці” ад манітора!). Адкуль імкненне “аблегчыць” дзіцячыя будні, замяніўшы звычайныя цацкі на “супер-пупер”, якія ўмеюць усё і нават больш?
І цікава, як без такіх цацак увогуле абыходзіліся раней. Так, некалі мы не чакалі нейкіх асаблівых умоў. Калі нешта трэба было — не прасілі ў дарослых, а майстравалі самі. Арэлі на старым дубе нам цудоўна замяніла падвешанае велізарнае кола, “лялек” мы шукалі на кукурузным полі (пышнавалосыя пачаткі нам нагадвалі дзяўчат, а лушпіны ўмела ператвараліся ў адзенне), у лузе (зробленыя з травы фігуркі мы гэтымі ж травінкамі і перавязвалі, каб атрымаліся галава, ручкі-ножкі, адзенне) і нават на клумбе (некалькі кветак мальвы, півоняў ці званочкаў — і пачынаецца баль пад нашы напевы). Адзенне для звычайных лялек мы не куплялі, а шылі самі з абрэзкаў.
Скажаце, “голь на выдумку хитра”? Магчыма. Але часам дэфіцыт цацак ідзе на карысць развіццю дзіцяці. Я не заклікаю вас вярнуць вашых дзяцей у наша дзяцінства і прапанаваць ім самім ствараць сабе цацкі. Але раю падыходзіць адказна да іх набыцця. Сёння цацак безліч — на любы густ і кашалёк. Яны скачуць і плачуць, спяваюць і размаўляюць, страляюць і б’юцца… Але, выбіраючы, задумвайцеся, у чым іх карысць.
Псіхолагі лічаць, што лепш выбіраць тыя цацкі, якія нічога не ўмеюць, бо менавіта яны развіваюць фантазію. Каб дзяўчынка сама ўяўляла, як яе пупс смокча соску, сама замест лялькі паплакала і сказала “мама”. Я ўжо не кажу пра псіхалагічны траўматызм модных сёння лялек-вампіраў, монстраў, прывідаў і іншых істот. Выбіраючы паравозікі і машыны для хлопчыкаў, аддавайце перавагу тым, дзе трэба не толькі націснуць кнопку і быць назіральнікамі, а каб малыя маглі самі іх збіраць ці будаваць, счэпліваць вагоны, нагружаць грузамі, будаваць перашкоды і філігранна іх аб’язджаць.
Падбіраючы падарунак для юнага мастака, не надта захапляйцеся размалёўкамі — няхай дзіця само фантазіруе, выбіраючы і малюючы сюжэт, а не ўціскваецца ў рамкі, зададзеныя іншым (а ёсць жа яшчэ “размалюй па ўзоры”!). Аддавайце перавагу тым цацкам, якія падштурхоўваюць фантазіраваць, прыдумляць, ствараць.
А яшчэ навучыце дзяцей гульням свайго дзяцінства. Раскажыце, як не давалі зарастаць двару травой, дзяліліся на “казакоў” і “разбойнікаў”, хавалі “пярсцёнак”, стваралі “марскія фігуры”, апякалі рукі “гарачай бульбай”, разлічваліся за тавары ў “магазіне” лісточкамі бэзу ці паперкамі, вучылі ці вучыліся ў “школе”… І няхай такія цацкі і гульні прыносяць карысць і сённяшнім дзецям.