Гульні з народных крыніц

Выхаванне пачуцця патрыятызму ў дашкольнікаў — працэс складаны і працяглы. Дзіця не нараджаецца патрыётам, яно ім становіцца ў выніку працяглага мэтанакіраванага выхаваўчага ўздзеяння. Любоў да сям’і, блізкіх людзей, да дзіцячага садка, роднага горада і сваёй краіны адыгрывае вялікую ролю ў станаўленні асобы дзіцяці, фарміруе нацыянальную самасвядомасць, цікавасць да гісторыі і культуры свайго народа.

Плённая праца ў гэтым кірунку вя­дзецца ў рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў на аснове стварэння і рэалізацыі турыстычна-краязнаўчых медыяпадарожжаў”. Вялікую ўвагу я ўдзяляю правядзенню для выхаванцаў беларускіх народных гульняў — аднаго з самых старажытных і арыгінальных сродкаў выхавання. Яны дазваляюць данесці да дзяцей самабытнасць народа, каларыт яго звычаяў, паказаць прыроду роднага краю, прыгажосць беларускай мовы. Праводзячы гульні “Лянок”, “А мы проса сеялі”, “Пасадка бульбы”, знаёмлю дзяцей з працай і рознымі прыладамі; “Гарлачык”, “Капялюш” — з заняткамі беларусаў; “Бярозка”, “Грушка” — з раслінамі; “Вожык і мышы”, “Вартаўнік”, “Бусел і жабкі” — з жывёльным светам.

У беларускіх народных гульнях шмат гумару, жартаў, што робіць іх прывабнымі, цікавымі, дорыць радасць і добры настрой. Яны выкарыстоўваюцца як асноўны матэрыял для правядзення фальклорных свят і кірмашоў. Вельмі падабаюцца дзецям гульні з выкарыстаннем атрыбутаў — хусцінак, паясоў, вянкоў, ручнікоў. Актыўна выкарыстоўваю народныя гульні на свежым паветры. Напрыклад, “Кошка і мышы”, “Гарачы блін” і інш. Падчас іх правядзення дзеці атрымліваюць добрую фізічную нагрузку.

Паступова афармляю куток беларускай народнай гульні “Гульні нашай краіны”, дзе збіраю беларускія народныя цацкі, медальёны, шапачкі-маскі, прадметы народнага мастацтва. Каб больш цікава данесці да дзяцей змест гульні, лялька Марылька знаёміць выхаванцаў з беларускімі народнымі гульнямі, народнымі мелодыямі, пад якія ладзяцца гульні-карагоды. Створана картатэка беларускіх народных гульняў для ўсіх узроставых груп, для баць­коў аформлены папкі “Беларускія народныя гульні”, “Гуляем разам”. У далейшым планую працягваць работу ў гэтым кірунку.

Гуляючы ў беларускія народныя гульні, выхаванцы вучацца паважаць сваё мінулае, а значыць, будуць ведаць і паважаць гісторыю сваёй краіны, вырастуць сапраўднымі патрыётамі.

Ала МАРЧАНКА,
кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 7 Круглага
.